Каб зарэгістравацца беспрацоўным ды мець шанец знайсці хоць якую працу, гродзенцы прыходзяць займаць чаргу ў мясцовы цэнтр занятасці ўжо з 4 раніцы. Тлумачаць гэта вялікай плынню людзей і павольнай працай біржы.

Выбіраць не буду, буду рады любой працы

Аляксей, 22 гады, па спецыяльнасці электраманцёр і аўтаслесар. У сераду, 1 лютага, хлопец быў першым у чарзе.

«Ужо каля года я не магу знайсці нармальнай працы. Неяк прыязджаў раней на біржу, нешта далі мне, але доўга там папрацаваць не ўдалося. У выніку стаў шукаць сваімі сіламі, але нiчога добрага не знайшоў. Прыйшлося вярнуцца ў цэнтр занятасцi.

Я прыехаў учора ў 6.30 і ўжо нават не станавіўся ў чаргу — з’ехаў, бо не бачыў сэнсу стаяць і губляць столькі часу. Але сёння вырашыў прыехаць да 4.30, каб быць адным з першых. Зараз я выбіраць не буду, буду рады любой працы".

2
Дзіна працу знайшла, але прыйшла ў цэнтр занятасці, каб удакладніць некаторыя пытанні.

«Я прыйшла ў 5.20 і ўжо была трэцяй. Час ад часу грэюся ў машыне. Была днём раней і тады працавала адно акно прыкладна на 30 чалавек, але пасля скаргаў яны пачалі прымаць у тры вокны. Спадзяюся, сёння хутка аформяць. А былі выпадкі, што людзі займалі чаргу раніцай і сыходзілі ў канцы працоўнага дня незарэгістраванымi».

30 хвілін на чалавека

Аляксандр без працы з 10 студзеня, у 6.00 ён быў дзясятым у чарзе.

«Гэта яшчэ маленькая чарга, а прыходжу я ў трэці раз. Першы раз патлумачылі, якія дакументы патрэбныя былі, другі раз не так даведка была аформлена, а трэці раз я ўжо думаю мне нарэшце дадуць працу. Спецыялісты пачынаюць прымаць беспрацоўных з 8 раніцы, прыблізна 30 хвілін на аднаго чалавека. Многія, што прыйдуць ужо да 7 ці 8, папросту не трапяць да гэтага спецыяліста ў кабінет».

4
Супрацоўнікі цэнтра не вераць, што людзі займаюць чаргу да іх так рана. Але адзначаюць масавую плынь людзей, якiя хочуць хутка і адразу зарэгістрацца. Менавiта з-за гэтага ўзнікае шмат спрэчных сітуацый.

«Многім не трэба працаўладкоўвацца, а проста трэба зарэгістравацца беспрацоўным. Падобная сітуацыя ў нас была і ў мінулым годзе. Каб забяспечыць працай людзей, мы падрыхтаваныя: у інтэрнэце прадстаўлена падрабязная інфармацыя пра вакансіі. У самiм цэнтры стаяць на першым паверсе тэрміналы, на другім паверсе камп’ютары.

У нас працуе не адзін спецыяліст, як многiя думаюць, а некалькі. Бо да нас прыходзяць не толькі за рэгістрацыяй, але таксама на паўторныя прыёмы. У кожнага спецыяліста свой аб’ём беспрацоўных, з якімі яны працуюць", — распавялі ў цэнтры.

Каб зарэгістраваць аднаго беспрацоўнага ў спецыяліста сыходзіць мінімум 30 хвілін. Спачатку чалавека трэба ўнесці ў спецыяльную праграму, а таксама запоўніць усе яго дадзеныя. Праблемы ў спецыялістаў часам узнікаюць з беспрацоўнымі пры запаўненні графы «стаж», бо трэба ўсё дакладна праверыць. Калі беспрацоўнага зарэгістравалі, толькі тады з ім пачынаюць працаваць: спецыяліст праводзіць першаснае кансультаванне і даведваецца, у якіх вакансіях мае патрэбу чалавек.

На 31 студзеня ў цэнтры занятасці было зарэгістравана 1800 беспрацоўных.

Азнаёміцца анлайн з вакансіямі рэспубліканскага банка вакансій у Гродне можна тут.