Былы дырэктар «Маёнтка Падароск» Юрый Меляшкевіч з’ехаў з Беларусі пасля шасці месяцаў у СІЗА і васьмі трывожных месяцаў на волі ў Беларусі. Ён расказаў блогу «Суполка», як у СІЗА смяяліся з экспарту трактараў, чаму крычалі фігуранты справы Аўтуховіча і чаму ён будзе займацца бізнесам у Польшчы, але не пойдзе ў палітыку.
Юрый Меляшкевіч — былы дырэктар прадпрыемства «Маёнтак Падароск», былы намеснік старшыні партыі «Беларускі народны фронт», намеснік старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Бізнесмен, жанаты, мае двух дзяцей. Балатаваўся ў парламент на выбарах 2016 года.
Мы ўзялі інтэрв'ю ў сярэдзіне лютага, калі Юрый толькі пераехаў у Беласток. Юрый пачаў размову з закліку да салідарнасці з людзьмі, якія яшчэ пакутуюць у беларускіх турмах.
Якой ты запомніў Беларусь, з каторай з’язджаў?
Беларусь, з якой я з’ехаў - гэта тая краіна, дзе я тыднямі мог не сустрэць ні аднаго знаёмага чалавека. Гэта была краіна, дзе, тым не менш, маладыя людзі, з якімі раптам атрымліваліся нейкія кантакты, пераходзілі са мной на беларускую мову. І гэта мяне вельмі падтрымлівала, што нават у гэтых абставінах культурны выбар з’яўляецца вельмі важным для тых людзей, якія пачынаюць свой шлях. Канешне, фон трывогі, у якой я перабываў, знаходзячыся ў Беларусі.
Чаму ты прыняў рашэнне аб пераездзе, пражыўшы восем месяцаў на волі?
Загадзя я ведаў: як толькі ў мяне будзе мажлівасць легальна пакінуць краіну, я выеду. Таму што мне было трывожна, бяспекі я не адчуваў ні хвіліны. У гэтым стане знаходзіцца, працаваць было цяжка. Плюс было зразумела, што працаваць і прафесійна займацца тым, чым я займаўся, я не змагу. Тое, чым я займаўся, было ліквідавана — тыя будынкі, той палац, які мы аднаўлялі. Таму ў мяне не заставалася працы ў Беларусі.
У межах крымінальнай справы ў мяне засталося спагнанне — я лічыўся прыцягнутым па арт. 369 КК, які з’яўляецца «палітычным». З улікам таго, як людзі зараз праходзяць на працы і нават некваліфікаваныя віды работ праз даведкі з міліцыі аб адсутнасці судзімасці, я разумеў, што не прайду ні адзін «фэйскантроль». Ну і самае галоўнае — сям’я ўжо была ў Польшчы, мне засталося толькі перабрацца да іх. Вяртацца ў Беларусь, гадаваць людзей у школьнай сістэме, дзе вучаць тым рэчам, якія, я лічу, псуюць ментальнае здароўе дзетак, — не, я на гэта не хачу падпісвацца.
Як вам даўся год на адлегласці?
Першыя шэсць месяцаў было найбольш цяжка, бо я знаходзіўся ў СІЗА [смяецца Юрый — «Суполка"]. Выраслі дзеці. У сына змяніўся голас. Ён стаў ужо такім мужчынскім, а не дзіцячым. Кожны даў сантыметраў шэсць ці сем. Сын ужо параўнальнага са мной росту. Я трапіў у турму ў той час, калі ў іх найбольш актыўна адбываюцца змены. Канешне, для мяне гэта такі лёгкі шок быў: пакідаў дзетак — а цяпер гэта падлеткі.
Жонцы цяжка было, увесь яна фактычна адна была вымушана забяспечваць сям’ю. Ну, справілася. Я вельмі ўдзячны, што яна і мяне знаходзіла час падтрымліваць, і ліставацца, і сям’ёй займацца. Яна — малайчына. Я рады, што магу цяпер ёй дапамагаць рабіць тое, што яна вымушана была цягнуць адна.
Чаму Беласток?
Тут даволі блізка да Беларусі. Польскамоўнае асяроддзе — дзіцёнак з Беларусі лягчэй адаптуецца да польскай мовы. Польшча — краіна, дзе зараз даволі шмат людзей з тых, з кім я камунікую.
Раскажы пра сукамернікаў.
Першая сустрэча ў такім «пастаянным» складзе — гэта была сустрэча з Паўлам Мажэйкам, абсалютна нечаканая. Калі дзверы камеры расчыняюцца, укідваюць у камеру, я яшчэ на эмоцыях быў, заходжу — і ўжо пазітыўны стрэс, калі бачыш, як у камеры сядзіць чалавек, якога ты добра ведаеш, з якім на волі ў свой час былі сяброўскія адносіны. Мы праседзелі з ім амаль паўтара месяцы. Мяне тады ніхто не чапаў. Прафулік не ставілі, адзнак не было. Хаця загадвалі спаць наверсе — на «пальму» ганялі як палітычных, каб лепш было бачна з відэаназірання. А перад тым, як я зайшоў, з камеры вывелі Дзяніса Івашына. У камеры да яго ўсе звярталіся як «Яўгенавіч».
Павел і я па-беларуску паміж сабой размаўлялі. Я трымаўся беларускай мовы, пакуль быў суразмоўца. Пасля цяжэй стала яе трымацца — перайшоў на расійскую. Сукамернікі - нехта і па-беларуску спрабаваў нешта сказаць. Былі выпадкі, што людзі казалі: «Ай, гэтая беларуская мова», што ім не падабаецца. Гэта хутчэй выключэнні. Збольшага людзі не асабліва не звярталі ўвагу. У СІЗА часам і інтэлігентныя людзі трапляліся. Можа, тое самае і на зоне. У СІЗА людзі пакуль не дайшлі да стану, калі яны ў калоніі на доўгія гады і сістэма над імі папрацавала і ў нялюдскі стан пераўтварыла.
Навінаў шмат было трывожных: навіна пра смерць Макея ўзварушыла ўсіх. Усё, што адбывалася ў Беларусі, рэхам далятала. Нешта прыносілі рознымі шляхамі. Паўнавіны гучалі праз радыёкропку, нешта людзі перадавалі, газеты, якія дапускаліся. Прыходзілася фільтраваць, але адтуль дабывалі хоць нешта. На ўсю зіму быў смех, калі 12 трактароў ці колькі прадалі на Мадагаскар — як навіна і прарыў у знешнім гандлі. То разумелі, што эканоміка на ўзлёце.
Самая важная сустрэча для мяне — я два разы перасёкся з Анджэем Пачобутам. Такія сустрэчы ў калідоры — перад тым, як нас заводзілі ці выводзілі з кабінетаў, дзе нас адвакаты сустракалі ці са следчымі былі размовы. На волі мы не былі знаёмыя, але ведалі адзін пра аднаго. Ён мяне пазнаў. Анджэй трымаецца, ён — вельмі моцная асоба, і бачна, што нічога яго не зломіць. Гэтыя выпрабаванні псіхалагічна яго не перамогуць. Адзінае, што трэба — перажываць, спрабаваць дапамагчы, каб здароўя хапала для гэтых выпрабаванняў. Усе людзі ў турмах мяняюцца: худнеюць, адсутнасць святла і свежага паветра — усё гэта сказваецца.
Я таксама бачыў Аўтуховіча. Ён знаходзіўся ў турме да вясны дакладна. Я з ім недзе ў пачатку вясны перасякаўся ў калідорах. Трымалі яго асобна. Ну і з асобамі, каторыя праходзілі па гэтай справе — прынамсі, чуў. Палітычных было шмат. Фінальны перыяд знаходжання ў турме сядзеў з Ежы Жывалеўскім, якога за агентурную дзейнасць прыцягнулі [Ежы Жывалеўскі - грамадзянін Польшчы, які з 90-х жыў у Гродне. Яго затрымалі быццам бы за шпіянаж у сакавіку 2022 года і асудзілі на чатыры гады калоніі - «Суполка"].
Людзі па-рознаму пераносяць вязніцу. Ёсць тыя, каторыя вельмі пакутуюць псіхалагічна. <…> І людзі ламаюцца. Яны не разумеюць, за што іх так караюць. Таму што людзі паставілі лайк — а ім прылятаюць такія наступствы, ад якіх псіхіка не вытрымлівае. Гэта ў турме на слэнгу называецца «гнаць». Калі чалавек вельмі моцна стрэсуе, відаць, у гэты час, я па сабе суджу, фантазуюцца нейкія сцэнарыі адзін страшней іншага.
У выпадку людзей, якія праходзілі па справе Аўтуховіча, гэта былі проста істэрыкі, якія здараліся ў некаторых асоб. Гэта проста крык, калі чалавек у істэрыцы крычыць, што вось такія-такія асобы фальсіфікавалі матэрыялы. Людзі проста крычалі пра свой боль. Знаходзіцца ў гэты час у тым жа самым будынку, дзе чалавек пераносіць настолькі магутныя пакуты, для мяне было пакутай дадатковай. У тым ліку і заклікі да сілавога супраціву гучалі. Гэта хутчэй людзі, каторым губляць няма чаго.
А чаму такое адбываецца з імі? Гэта асаблівасці характару?
Так. Псіхіка ў кожнага па-рознаму рэагуе на адны і тыя ж самыя абставіны. Я думаю, што ратуюцца тыя, хто бачыць сэнс у тым, што адбываецца. Нават у гэтых жахлівых абставінах людзі знаходзяць, для чаго яны тут. Дапамагае трымаецца тое, што верыш у тыя каштоўнасці, якія не змяняюцца нават у турэмных абставінах. Асабістыя чалавечыя якасці, памножаныя на каштоўнасныя базавыя ўстаноўкі.
Як ты настройваўся на адсідку ў турме?
Калі пачытаў усе гэтыя матэрыялы, для мяне гэта было безумие какое-та. Тое, што яны выставілі ў якасці абвінавачання, гучала настолькі бздурай, што я не разумеў нават, за што мяне арыштоўваюць. Таму што пералічанае не з’яўлялася ні крымінальным злачынствам, ні адміністратыўным правапарушэннем. Таму я проста чакаў і думаў: «За што яны мяне прыцягнулі?». У выніку ўсё абмежаваліся эканамічнымі пытаннямі, а пасля дакінулі да кучы пытанні з абразай прадстаўніка ўлады, 369 артыкул.
Што ты зразумеў пра сістэму, пакуль там знаходзіўся?
СІЗА — гэта, з майго пункту гледжання, такая катавальня, дзе ўсё, што на стадыі папярэдняга следства не дарабілі следчыя, дакручваецца праз абсалютна негуманнае антычалавечнае стаўленне да людзей. Сістэма — антычалавечная па сваёй сутнасці, таму што ўсё, што я там бачыў - гэта скоцкае стаўленне да людзей, ухіл мучыць. Усе, хто знаходзіцца ў турме — гэта збольшага людзі, якія не атрымалі ніякіх судовых рашэнняў і іх віна яшчэ не даказана. Пры гэтым да іх такія ўмовы знаходжання ўжываюцца, што для многіх гэта проста катаванне, якое сканчаецца гібеллю. Там гінуць, паміраюць людзі ў СІЗА. І здароўе там губляюць многія.
Калі далей глядзець, як яны ставяцца да тых, хто ўжо пакараны судом, стаўленне абсалютна як помста. Ніхто не задумваецца пра сапраўднае значэнне пакаранняў як спосабу дасягнення раскаяння ў тых, хто здзейсніў нейкае крымінальнае злачынства.
Усё, што я зразумеў: турма — месца, дзе бачна сапраўднае стаўленне з боку дзяржавы да грамадзяніна. З майго пункту гледжання, яно — скоцкае. Гэта трэба мяняць.
Дзіўныя абставіны — з аднаго боку, там зрабілі харошую лазню — душавую. Перад Новым годам здалі ў эксплуатацыю. Але з Новага года ў людзей, якія мелі з сабой любыя лекі, нават не моцныя, а вітаміны — забралі. Сталі выдаваць гэтыя лекі толькі па прыходзе лекара. Ад гэтага трывожнасць у людзей узрастала і страх: ці своечасова з’явіцца гэты лекар. А калі прыступ наступіць і мне стане кепска, хто прыбяжыць, адкуль прынясуць мае лекі? Гэта тычыцца і галення — станкоў і забеспячэння праз краму. Усюды нейкія рашэнні прымаюцца па пагаршэнні стану людзей.
Як думаеш, чаму вас адпусцілі?
У любой справы ёсць тэрмін расследавання. Па гэтым артыкуле ён быў шэсць месяцаў. Далей ім трэба абгрунтоўваць такія рашэнні. Следчы мне гаварыў, што «по вам у нас вопросов не будет, вы можете долго сидеть». Пытанне задач, якія яны ставілі. Яны фактычна ператрэслі ўсё жыццё — усе стасункі, якія былі ў мяне, якія былі ў іншых фігурантаў справы. Яны шукалі фінансаванне пратэстнай дзейнасці. Усплёск цікаўнасці да крыніц фінансавання спарадзіў, мажліва, гэтую справу. Выжалі ўсё, што хацелі. Прыкрылі сабе пятую кропку тым, што кожнаму, хто быў у СІЗА, нейкую справу прышылі - усе маюць праблему.
Тры артыкулы крымінальныя мне былі выстаўленыя, па адным я атрымаў спагненне, два — закрытыя. І адзін адміністратыўны пратакол за лайк перад тым, як мяне закрылі ў СІЗА. І пасля выхаду я не палічу нават — там па лініі падаткавай яны закаручкі знаходзілі не тыя і слалі, слалі, слалі. Можа, пяць ці шэсць пратаколаў павесілі на прадпрыемства і мяне. Шукалі рознымі спосабамі нас фінансава пакараць. Там яшчэ цяжбы працягваюцца. Паўсюль, дзе мы адчуваем сваю правату, мы на ёй настойваем.
Як здароўе пасля турмы?
41 год я пражыў на свеце — у мяне быў адзін зуб, які я зламаў выпадкова, вось я яго лячыў. А пасля турмы я ўжо палячыў пяць! Адзін памёр, і я яго зацэментаваў і чакаю, калі заняцца ім. Схадзіў здаў усе аналізы першай справай. Паглядзеў на стан здароўя. Быццам бы больш-менш нармальна. Былі праблемы са спінай крыху летам, але збольшага прывёў сябе ў парадак. У турме харчавання належнага няма. Ёсць праблемы з падтрыманнем гігіены. Усе гэтыя наступствы, стрэсы, дэфіцыт чыстага паветра, нармальнай актыўнасці, харчавання прыводзяць да такіх наступстваў.
Мне хутчэй было цяжка псіхалагічна, асабліва выйсці і быць пад пагрозай патрапіць зноў у турму. Хоць і на свабодзе, але з разуменнем, што над галавой вісіць крыміналка. Здаецца, справа развязваецца, і развязваецца без праблем. Але кожны раз чытаеш: тут арыштавалі, там пераследуюць, там ціснуць, там людзі паміраюць.
Пагаворым пра турызм і культуру. Як ты ацэньваеш такое адцісканне маёнтку?
Гэта безумие ўладаў, якія разбураюць тое, што магло б прыносіць карысць краіне. Шкодніцтва такое — «назло маме отморожу уши». Тое, як разгортваюцца зараз падзеі ў Беларусі, вакол Беларусі, тое, што адбываецца ў эканоміцы, палітыцы, мне гаворыць, што такія аб’екты не будуць прывабныя для інвестараў. Інвестар, каторы прыходзіць у Беларусь, хутчэй за ўсё, не накіраваны на доўгатэрміновыя праекты, якія звязаныя ў тым ліку з падтрыманнем такой культурнай часткі.
Мы займалі такі складаны сектар турызму, дзе мы складалі музей гісторыка-культурных каштоўнасцей, з рэстаўрацыяй, з даволі вялікай упісанасцю ў кластар. Там і Ружаны побач, і Слонім, і Горадня, Брэст. Мы глядзелі комплексна на праблему. Такіх буйных інвестараў я не бачыў. Можа быць, я не ўсё ведаю. Як гаварылі ответственные таварышчы: «Мы шчас атдадзім этат палац прэдпрыяцію-міліонніку — і яны всё сделают». Я буду толькі тады, калі знойдзецца такі ўласнік і інвестар.
Пра што сведчаць затрыманні экскурсаводаў, гісторыкаў?
Ведаю, што вельмі таленавітыя экскурсаводы паз’язджалі нават. Кантроль ідэалагічны ўсталёўваецца над усім. Многія экскурсаводы — аўтары сваіх уласных маршрутаў, уласных турыстычных праграм. Гэта спроба пранікнуць туды, дзе ёсць нейкае аўтарства. У Беларусі ёсць унікальныя спецыялісты ў плане фармавання тураў. Тое, што яны аказаліся ідэалагічна варожыя з пункту гледжання ўладаў - гэта праблема ўладаў. Пазбаўленне Беларусі такіх людзей — гэта выбіванне з-пад ног культурнай глебы. Як нам яшчэ выхоўваць у грамадстве патрыятызм і любоў да культуры, калі няма людзей, якія, як мульціплікатары, памнажаюць веды сваёй індывідуальнай працай? Паказваюць, як можна любіць сваю краіну, архітэктуру Беларусі, выбітных постацяў паважаць, якія гістарычныя падзеі, як іх успрымаць. Насамрэч, гэта вельмі вялікая праца.
Я бачыў, як ціснулі і да 2022 года, і ў 2022, і арыштоўвалі, і хапалі. Ну, застануцца людзі, якія фармальна выконваюць свае зазубраныя маршруты, якія ніколі не цікавіліся шырэй, і кніжкі беларускія чыталі толькі ў школе. Ну, гэта будзе гора, бо турызм нецікавым стане. Зменшыцца актыўнасць нават турыстычных груп. Яна і зараз назіраецца: зменшыўся выязны турызм, скараціліся магчымасці перамяшчэння праз мяжу. Пры гэтым я б не сказаў, што музеі сталі прыцягваць агромную колькасць наведвальнікаў. Наадварот, якасць і колькасць выстаў, наведвальнікаў зменшылася. Культурнае жыццё скарацілася. Гэта непазбежна адаб’ецца на ўсім. Таму што чалавек — гэта гарманічная істота. Грамадства будзе прырэчана да стагнацыі.
Гэта ж і на рэпрэзентацыю краіны будзе ўплываць?
У нас не стаіць больш патрэбы ствараць брэнд Беларусі. Што можна збудаваць на гэтых руінах — трэба будзе думаць пазней, як у нашым рэгіёне скончацца разбуральныя працэсы, раздзьмутыя аўтарытарнымі рэжымамі.
Якой ты бачыш сферу турызму?
Не маючы належнай прапановы, мы не зможам канкураваць. У расейцаў ёсць напрамкі - у Турцыю ездзіць, у Каўказскія рэспублікі, Грузію. Расейцы актыўна засвойваюць азіяцкія кірункі. Унутраны расейскі турызм таксама прасоўваюць. У Беларусі няма нічога такога выбітнага, прыцягальнасці для расейцаў. Яны ездзяць сюды, але маглі б з такім жа самым задавальненнем ездзіць у Пскоў, Пецярбург і пабачыць там тое, што мы прапануем як еўрапейскасць — Нясвіж, Мір. Але вакол гэтых аб’ектаў не створана належнай інфраструктуры. Кожны з гэтых аб’ектаў - асобная лакацыя ў межах горада, дзе для турызму мала што прыстасавана. І так куды ні глянь.
І Горадня недастаткова адаптаваная для прыёма турызму, хаця ўстановы харчавання ёсць. Але тое, што тычыцца пражывання — гэта… Калі яшчэ да ўсіх падзеяў палякі прыязджалі масава ў Горадню, яны былі завабленыя туды нізкімі цэнамі на адпачынак. У іх былі свае інтарэсы па шопінгу, па закупах. У суме Горадня выглядала турыстычным горадам. Там былі беларускія групы, палякі, расіяне. Гэтае мноства складала адчуванне, што гэта — турыстычная Мека Беларусі. Як толькі скончыліся польскія турысты, як толькі пачаліся канфлікты, войны і г. д. Я быў у Гародні і бачыў, што там ужо і людзей мала, і штосьці пазачынялася, і ўсё больш і больш зачыняецца. Там пазакрываліся гатэлі і хостэлы.
А самае галоўнае, што людзі пад падзеі любяць ездзіць, а ў нас яшчэ і падзей усё менш і менш: культурных, знакавых, фестывальных. Павытоптвалі ўсе ініцыятывы — камерцыйныя ці калякамерцыйныя. Дзяржава заўжды ўсё робіць пафасна і глупа. Большасць іх мерапрыемстваў - фармальныя і нецікавыя.
Якія ў цябе планы на бліжэйшы час?
Я яшчэ разбіраюся, уліваюся ў такое гарманічнае сямейнае жыццё. Планы — шукаць працу або адкрываць свой бізнес. Пакуль не буду гэта абмяркоўваць — у мяне няма ніякіх пэўнасцяў. Ёсць ідэі, думкі. Усё залежыць ад многіх абставін. Не бачу ніякай праблемы, як любы мігрант, пачынаць з таго, што найбольш даступна на рынку працы.
Плануеш вярнуцца ў палітычнае, актывісцкае жыццё?
Я заўжды быў палітычна актыўным. З майго пункту гледжання, у эміграцыі вельмі цяжка займацца палітыкай. Гэта адарванасць ад уласнага народу, ад палітычнай прасторы, дзе ёсць арэна для дзейнасці. Мне цікава беларуская культура, мне цікава займацца пытаннямі нашай спадчыны. Але я зараз у Польшчы, і я хутчэй буду назіраць гэта ўсё здалёк. Я хацеў бы сабе знайсці цікавую працу, але ў палітыку ці грамадскую актыўнасць — не, я пакуль што не гатовы.
Ёсць людзі, якія безумоўна маюць такі аўтарытэт, які дазваляе нават знаходзячыся за межамі Беларусі быць вельмі актуальнымі для Беларусі. У мяне такіх ні амбіцый, ні мажлівасцяў няма. Я сачу за падзеямі, якія разгортваюцца вакол нашых прадстаўнікоў у эміграцыі. Бачу шмат разумных рэчаў. Хаця, канешне, як у любых складаных працэсах ёсць тое, што мяне турбуе, што мне не падабаецца. Я рады як «свежы» з Беларусі, што ў эміграцыі і актуальнасць думак, і пытанні, якія дыскутуюцца, вельмі актыўныя для цяперашняй Беларусі.
І ты дагэтуль — член БНФ.
Партыя, на жаль, была ліквідавана. Камунікацыя ўнутрыпартыйныя для мяне была спынена ў час затрымання. Пасля выхаду з турмы я чытаў навіны, якія адбываліся вакол партыі. Пра ліквідацыю ўсё вывучыў. Я проста не хацеў бы зараз гаварыць тыя рэчы… Шмат людзей яшчэ ў Беларусі. Я б хацеў гэтае пытанне пакінуць без адказу.
Тое, што тычыцца падтрымання маёй партыйнасці, БНФ — гэта не фармальная рэгістрацыя, гэта пытанне каштоўнаснага выбару. Гэта мая ідэалагічная база, платформа, на якой я вырас і жыву.
Ты ў актывізме 25 гадоў - можаш назваць тры свае найбольшыя дасягненні?
[Я назаву] многія праекты па ахове спадчыны, па абароне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Для мяне гэта вялікія дасягненні. Праект па вывучэнні слонімскай сінагогі — вельмі важны для мяне. Я лічу, што былі ўсе шансы яе захавання. Мы нават распрацавалі канцэпцыю, якая магла б быць асновай для далейшага засваення і рэстаўрацыі аб’екта. Для мяне гэта важная рэч. У прафесійным плане — тое, як мы прайшлі этапы праектавання па аб’ектах у Падароску. Для мяне гэта таксама вялікая вяршыня. Я вельмі ўдзячны людзям, якія рабілі праектаванні, усім маім паплечнікам, усім спецыялістам, якія нам дапамагалі. Гэта цудоўная каманда, гэта цудоўныя, фенаменальныя людзі. Беларусь магла б ганарыцца гэтымі спецыялістамі, калі б мы выканалі ў камяні і ў метале гэтую работу.
Для мяне важна і тое, як выпрабаванне прайшла мая сям’я. Я лічу, гэта было паказчыкам таго, што мы гадамі ўкладалі ў нашы адносіны вельмі шмат, і мы блізкія духоўна і эмацыйна людзі.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…