Юзаф Ядкоўскі нарадзіўся ў Гродне ў 1890 годзе. Тут пачаў вучыцца ў гімназіі і цікавіцца гісторыяй горада. Быў адным з наведвальнікаў таемных гістарычных курсаў і асабіста ведаў Элізу Ажэшку. У Першую сусветную вайну гісторык стаў фельчарам і працаваў у ваенным шпіталі. Пазней займаўся стварэннем гісторыка-археалагічнага музея у Гродне. Пра гэтыя ды іншыя факты з жыцця знакамітага гродзенца чытайце ў новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі».
«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.
Сям’я Ядкоўскіх жыла ў Гродне на вуліцы Паштовай, сучаснай Сацыялістычнай. Бацька яго быў столярам, а маці займалася хатняй гаспадаркай і выхаваннем сына. З дзяцінства Юзафу падабаліся кнігі з малюнкамі. Пазней ён асвоіў каліграфію, захапіўся жывапісам і збіраўся стаць мастаком. Нават пайшоў вучыцца у Маскоўскую школу мастацтваў. Але любоў да гісторыі ўсё ж перамагла — Ядкоўскі хутка пакінуў мастацтва і паступіў у Маскоўскі археалагічны інстытут.
Калі Ядкоўскі вучыўся ў Гродзенскай гімназіі, ён наведваў таемныя курсы па вывучэнні польскай гісторыі і літаратуры. Праз гэта блізка пазнаёміўся з іх арганізатарамі, сярод якіх была і Эліза Ажэшка. Пісьменніца заахвочвала дзейнасць Ядкоўскага: дазваляла карыстацца асабістай бібліятэкай і паслала яго на канікулах з рэкамендацыйнымі лістамі ў Варшаву. Праз удзел у курсах Ядкоўскі патрапіў у спісы неблаганадзейных. Гэта пагражала выключэннем з гімназіі і забаронай працягваць навучанне ў іншых установах. Каб выратаваць сына, бацькі перавялі яго давучвацца ў Варшаву.
Падчас Першай сусветнай вайны Ядкоўскі вярнуўся ў Гродна і працаваў фельчарам у ваенным шпіталі. У лістах да сяброў у верасні 1914 года ён пісаў: «У Гродне зусім іншыя ўмовы: тут няма цукру, солі і белага хлеба. Чорная соль кавалачкамі […]. Як у кiнематографе, так трасуцца сцены, што немагчыма пісаць. Я збіраюся застацца і ўступіць у Чырвоны Крыж — няма іншай парады […]. Са сваім ураджаем застаюся ў Гродне „часова“. Цяжка расстацца з тым, што шукалася гадамі […]. Яшчэ як фельчар я вырашыў не здавацца прусаку […]».
У лісце ад 20 лістапада ён апісаў стан шпіталя і раны, якія бачыў у салдат. «Я зараз рэдка пішу, таму што амаль не маю вольнага часу. Ужо чацвёрты дзень я дзяжуру 24 гадзіны. Я бачыў жудасныя раны: напрыклад, разбітыя сцёгны з дзірамі навылет, твары без насоў, шчок ці языка».
Таксама Юзаф запэўніваў сяброў, што нягледзячы на няпэўнасць заўтрашаняга дня, ён не збіраецца пакідаць даследаванні Гродна.
Першыя навуковыя працы Ядкоўскага былі прысвечаны нумізматыцы. Ён пісаў пра манеты Стэфана Баторыя, грошы Вялікага Княства Літоўскага і Віленскі манетны двор. Тэмай яго дыплома стала літоўская грыўна.
Па вайне, у пачатку 1920-х гадоў, Юзаф Ядкоўскі пачаў збіраць матэрыялы для Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Яго адкрылі ў 1922 годзе. Ад 1929 года музей пераехаў у Стары замак.
Працуючы ў Гродне, Ядкоўскі не пакідаў захаплення манетамі. На пачатку 1930-х у выданні «Wiadomości Numizmatyczno-Archeologiczne» друкавалі шэраг прац Ядкоўскага пра знойдзеныя і перададзеныя ў музей клады. На пачатак Другой сусветнай вайны гродзенская калекцыя налічвала больш за 15 000 манет. Да нашых часоў яна не захавалася.
Юзаф Ядкоўскі кіраваў музеем у Гродне ад стварэння у 1922 годзе да 1936.
У 1930 годзе Юзафа Ядкоўскага ўзнагародзілі Срэбным крыжам заслугі «за ўнёсак у галіне архіўнай справы». Але той самы год стаў і пачаткам канфліктаў, што вымусілі стваральніка музея пакінуць Гродна.
Ядкоўскага пачалі крытыкаваць вядомыя калегі. Прафесар Раман Якімовіч пісаў, што знойдзены матэрыял быў перамяшаны Ядкоўскім «як гарох з капустай». Савецкі археолаг Мікалай Варонін у кнізе «Старажытнае Гродна» называў раскопкі Ядкоўскага «землянымі працамі, якія праводзіліся працоўнымі-землякопамі без усялякага навуковага назірання, без чарцяжоў і якой-небудзь фіксацыі археалагічных знаходак, без усялякага ўліку стратыграфіі і без запісаў навуковых назіранняў».
У выніку крытыкі ў 1934 годзе асобая камісія адхіліла Ядкоўскага ад кіраўніцтва археалагічнымі працамі на Замкавай гары. У 1935-м канфлікт абвастрыўся з нагоды раскопак пры Каложскай царкве. У наступным годзе Ядкоўскі пакінуў Гродна і пераехаў у Варшаву.
Яго далейшая музейная праца была звязана перадусім з манетамі. Пасля Другой сусветнай вайны ён аднавіў працу нумізматычнага кабінету ў Нацыянальным музеі, дапамог аднавіць дзейнасць нумізматычнага таварыства ў Варшаве і быў яго першым прэзідэнтам. Ініцыяваў выданне штомесячніка «Камунікат Варшаўскага нумізматычнага таварыства». Памёр Юзаф Ядкоўскі ў 1950 годзе.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…