Юзаф Ядкоўскі нарадзіўся ў Гродне ў 1890 годзе. Тут пачаў вучыцца ў гімназіі і цікавіцца гісторыяй горада. Быў адным з наведвальнікаў таемных гістарычных курсаў і асабіста ведаў Элізу Ажэшку. У Першую сусветную вайну гісторык стаў фельчарам і працаваў у ваенным шпіталі. Пазней займаўся стварэннем гісторыка-археалагічнага музея у Гродне. Пра гэтыя ды іншыя факты з жыцця знакамітага гродзенца чытайце ў новым артыкуле “Гарадзенскай азбукі”.

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

1. Хацеў быць мастаком, але гісторыя перамагла

Сям’я Ядкоўскіх жыла ў Гродне на вуліцы Паштовай, сучаснай Сацыялістычнай. Бацька яго быў столярам, а маці займалася хатняй гаспадаркай і выхаваннем сына. З дзяцінства Юзафу падабаліся кнігі з малюнкамі. Пазней ён асвоіў каліграфію, захапіўся жывапісам і збіраўся стаць мастаком. Нават пайшоў вучыцца у Маскоўскую школу мастацтваў. Але любоў да гісторыі ўсё ж перамагла – Ядкоўскі хутка пакінуў мастацтва і паступіў у Маскоўскі археалагічны інстытут. 

2. Сябраваў з Элізай Ажэшка

Калі Ядкоўскі вучыўся ў Гродзенскай гімназіі, ён наведваў таемныя курсы па вывучэнні польскай гісторыі і літаратуры. Праз гэта блізка пазнаёміўся ​з іх арганізатарамі, сярод якіх была і Эліза Ажэшка. Пісьменніца заахвочвала дзейнасць Ядкоўскага: дазваляла карыстацца асабістай бібліятэкай і паслала яго на канікулах з рэкамендацыйнымі лістамі ў Варшаву. Праз удзел у курсах Ядкоўскі патрапіў у спісы неблаганадзейных. Гэта пагражала выключэннем з гімназіі і забаронай працягваць навучанне ў іншых установах. Каб выратаваць сына, бацькі перавялі яго давучвацца ў Варшаву.

3. Быў ваенным фельчарам 

Падчас Першай сусветнай вайны Ядкоўскі вярнуўся ў Гродна і працаваў фельчарам у ваенным шпіталі. У лістах да сяброў у верасні 1914 года ён пісаў: “У Гродне зусім іншыя ўмовы: тут няма цукру, солі і белага хлеба. Чорная соль кавалачкамі […]. Як у кiнематографе, так трасуцца сцены, што немагчыма пісаць. Я збіраюся застацца і ўступіць у Чырвоны Крыж – няма іншай парады […]. Са сваім ураджаем застаюся ў Гродне «часова». Цяжка расстацца з тым, што шукалася гадамі […]. Яшчэ як фельчар я вырашыў не здавацца прусаку […]”.

У лісце ад 20 лістапада ён апісаў стан шпіталя і раны, якія бачыў у салдат. “Я зараз рэдка пішу, таму што амаль не маю вольнага часу. Ужо чацвёрты дзень я дзяжуру 24 гадзіны. Я бачыў жудасныя раны: напрыклад, разбітыя сцёгны з дзірамі навылет, твары без насоў, шчок ці языка”.

Таксама Юзаф запэўніваў сяброў, што нягледзячы на няпэўнасць заўтрашаняга дня, ён не збіраецца пакідаць даследаванні Гродна.

4. Стварыў у Гродне музей

Першыя навуковыя працы Ядкоўскага былі прысвечаны нумізматыцы. Ён пісаў пра манеты Стэфана Баторыя, грошы Вялікага Княства Літоўскага і Віленскі манетны двор. Тэмай яго дыплома стала літоўская грыўна.

Па вайне, у пачатку 1920-х гадоў, Юзаф Ядкоўскі пачаў збіраць матэрыялы для Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Яго адкрылі ў 1922 годзе. Ад 1929 года музей пераехаў у Стары замак.

Працуючы ў Гродне, Ядкоўскі не пакідаў захаплення манетамі. На пачатку 1930-х  у выданні «Wiadomości Numizmatyczno-Archeologiczne» друкавалі шэраг прац Ядкоўскага пра знойдзеныя і перададзеныя ў музей клады. На пачатак Другой сусветнай вайны гродзенская калекцыя налічвала больш за 15 000 манет. Да нашых часоў яна не захавалася. 

Юзаф Ядкоўскі кіраваў музеем у Гродне ад стварэння у 1922 годзе да 1936.

5. З’ехаў праз канфлікты з калегамі

У 1930 годзе Юзафа Ядкоўскага ўзнагародзілі Срэбным крыжам заслугі “за ўнёсак у галіне архіўнай справы”. Але той самы год стаў і пачаткам канфліктаў, што вымусілі стваральніка музея пакінуць Гродна. 

Ядкоўскага пачалі крытыкаваць вядомыя калегі. Прафесар Раман Якімовіч пісаў, што знойдзены матэрыял быў перамяшаны Ядкоўскім як гарох з капустай. Савецкі археолаг Мікалай Варонін у кнізе «Старажытнае Гродна» называў раскопкі Ядкоўскага “землянымі працамі, якія праводзіліся працоўнымі-землякопамі без усялякага навуковага назірання, без чарцяжоў і якой-небудзь фіксацыі археалагічных знаходак, без усялякага ўліку стратыграфіі і без запісаў навуковых назіранняў».

У выніку крытыкі ў 1934 годзе асобая камісія адхіліла Ядкоўскага ад кіраўніцтва археалагічнымі працамі на Замкавай гары. У 1935-м канфлікт абвастрыўся з нагоды раскопак пры Каложскай царкве. У наступным годзе Ядкоўскі пакінуў Гродна і пераехаў у Варшаву. 

Яго далейшая музейная праца была звязана перадусім з манетамі. Пасля Другой сусветнай вайны ён аднавіў працу нумізматычнага кабінету ў Нацыянальным музеі, дапамог аднавіць дзейнасць нумізматычнага таварыства ў Варшаве і быў яго першым прэзідэнтам. Ініцыяваў выданне штомесячніка «Камунікат Варшаўскага нумізматычнага таварыства». Памёр Юзаф Ядкоўскі ў 1950 годзе.