Гродзенская ратуша цягам стагоддзяў не раз змяняла свой выгляд, а ў 1949 годзе яе канчаткова разбурылі. Як яна павінна выглядаць, калі ўлады ўсё ж возьмуцца за яе аднаўленне? Пра гэта ў сваім блогу паразважаў гісторык Мечыслаў Супрон.
У 2022 годзе зацвердзілі распрацаваны раней у «БелНДІПгорадабудаўніцтва» дэтальны план развіцця і рэнавацыі гістарычнага цэнтра Гродна. Сярод іншага, план прадугледжвае і адбудову ратушы. Але ў якім выглядзе можна яе адбудаваць?
Рэнесанс, класіцызм ці эклектыка: у якім выглядзе адбудаваць ратушу ў Гродне?
Будынак праз войны і пажары некалькі разоў змяняў знешні выгляд: ад рэнесанснага (XVI ст.) і барочнага (канец XVIII ст.) да класіцыстычнага (пачатак ХІХ ст.) і эклектычнага (1870−1949 гг.). Як выглядала рэнесансная ратуша, мы ведаем толькі дзякуючы гравюрам Цюндта 1568 г. і Макоўскага 1600 г. Але сам будынак на гравюрах паказаны схематычна, без якіх-небудзь падрабязнасцяў.
«Ці можам мы адбудаваць гродзенскую ратушу ў рэнесансным выглядзе? Адказ будзе — не, бо мы не валодаем дастатковай інфармацыяй аб знешнім выглядзе будынка на той час», — піша Супрон.
А можа адбудаваць ратушу ў стылі эклектыкі, у такім выглядзе, які яна мела перад разбурэннем? Тэарэтычна можна і метадалагічна гэта будзе правільна, бо ёсць мноства фотаздымкаў і архіўных планаў будынка ратушы таго часу.
Аднак, на думку Супрона, найбольш лагічна і правільна адбудаваць гродзенскую ратушу ў класіцыстычным стылі (пачатак ХІХ ст. — 1870 г.). Самае галоўнае — на дадзены перыяд ёсць неабходнае навуковае абгрунтаванне, каб зрабіць гэта.
Як гродзенская ратуша набыла рысы класіцызму
Ратушу рэканструявалі ў стылі класіцызму ў другой палове 1810-х за сродкі купца Юдэля Гутка паводле праекту губернскага архітэктара Караля Багеміля. Дзякуючы малюнку Напалеона Орды 1867 г., захаваным планам і інвентарам мы ведаем, што будынак уяўляў сабой двухпавярховы цагляны атынкаваны аб’ём, замкнёны па перыметры. Паўднёвы і паўночны фасады былі ўпрыгожаны шасцікалоннымі порцікамі з элементамі дарычнага ордэра. Пастаўленыя на стэрэабаты (п'едэсталы) калоны падтрымлівалі антаблемент з трохвугольным франтонам, на якім быў надпіс «MAGISTRAT» з вялікіх медных пазалочаных літар. Пад франтонамі размяшчаліся аркавыя праезды. Ва ўсходняй частцы будынка знаходзіўся ганак з васьмю калонамі. У будынку мясціліся крамы, сіроцкі суд, кватэрная камісія, гаўптвахта і іншае.
Як выкарыстоўваць адноўлены аб’ект?
Ратуша ў сваім класіцыстычным выглядзе будзе гарманічна ўпісана ў архітэктурнае асяроддзе галоўнай гарадской плошчы, лічыць Супрон. Другі паверх будынка можна выкарыстоўваць па сваім прамым прызначэнні - філіял гарвыканкама, а першы паверх прыстасаваць пад крамы і гастранамічныя кропкі. Варта зазначыць, што пад брукоўкай сучаснай Савецкай плошчы дагэтуль захоўваюцца падвалы старадаўняй ратушы ХVI ст., якія таксама можна прыстасаваць пад які-небудзь круты турыстычны аб’ект (напрыклад, пад падземны музей, як у Кракаве).