Міністэрства па падатках і зборах да 1 лістапада нагадае ўсім уладальнікам аўтатранспарта пра абавязковую аплату дарожнага падатку. У папярэднія гады аўтамабілісты часта не маглі зразумець, як і калі яго аплаціць. Hrodna.life тлумачыць, як, у якім памеры і да якога чысла трэба аплаціць дарожны збор.

Як аплаціць?

У сістэме АРІП (рус. ЕРИП) у раздзеле «Падаткі» з’явіўся рахунак «Транспартны падатак для фізасобаў». Плацёж можна зрабіць з дапамогаю інтэрнэт-банкінгу, мабільнага дадатку вашага банка ці ў бліжэйшым аддзяленні «Беларусбанка». Каб аформіць плацёж, трэба будзе ўвесці ваш УНП (уліковы нумар плацельшчыка). Калі вы не памятаеце яго, то можна патэлефанаваць у падатковую вашага раёна. Вы назавеце пашпартныя дадзеныя, а спецыяліст прадыктуе ваш УНП. Калі ж вы не маеце нумару плацельшчыка, то трэба пайсці ў вашую падатковую і атрымаць УНП у свайго падатковага інспектара.

Колькі аплаціць?

Памер авансавага плацяжа для легкавых і грузавых аўтамабіляў, а таксама аўтобусаў складае адну базавую велічыню — 29 рублёў. Для ўладальнікаў прычэпа, прычэпа-каравана, матацыкла — 20 рублёў.

Гэты год з’яўляецца пераходным, таму трэба ўнесці толькі аванс — 29 ці 20 рублёў. Астатнюю суму падатку за 2021 год трэба будзе ўнесці да 15 лістапада наступнага года. Аўтамабілістам, якія аплацілі пошліну да 1 студзеня 2021 года і прайшлі тэхагляд, зараз плаціць нічога не трэба, ім залічаць унесеную суму на будучыню.

Калі аплаціць?

Падатак трэба заплаціць не пазней за 15 снежня 2021 года. Да 1 лістапада пра гэта вам нагадае падатковая лістом, смс-паведамленнем ці званком падатковага інспектара. Калі ў вас ёсць асабісты кабінет на сайце Міністэрства падаткаў і збораў, то праз яго таксама нагадаюць аб аплаце падатку.

Што будзе, калі не заплаціць?

У выпадку неаплаты грошы з вас будуць спаганяць прымусова. Суму могуць спагнаць з банкаўскага рахунка або арыштаваць маёмасць.

Падатковыя органы арганізуюць працэдуру спагнання праз службу прымусовага выканання (АПВ). Гэта азначае, што з вашых банкаўскіх рахункаў можа быць спісана сума збору. Таксама як могуць вылічыць з заробку. Калі такімі спосабамі спагнаць сродкі не атрымаецца, то могуць накласці арышт на вашую маёмасць, а даўжнік не зможа выехаць за мяжу. Таксама могуць часова выняць правы кіроўцы або білет паляўніка і рыбалова.

Ці налічаць пеню?

У дадатак да спагнанай сумы дарожнага падатку трэба будзе аплочваць дадатковыя выдаткі. Прымусовы збор складае 10% ад запатрабаванай сумы, але не менш за 50% базавай велічыні - гэта 14,5 рублёў.

Даўжніка могуць прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці па арт. 14.4 КаАП («нявыплата або няпоўная выплата сумы падатку»). Памер штрафу залежыць ад сумы падатку і прычыне няплаты: па неасцярожнасці (0,5 базавай і 15% ад сумы падатку) і наўмысна (ад 10 базавых і 40% ад сумы падатку). У дадатак трэба будзе сплаціць пеню за кожны дзень. Яе памер залежыць ад стаўкі рэфінансавання Нацбанка і колькасці дзён пратэрміноўкі. Пеня не можа быць больш сумы падатку.

Каму не трэба плаціць дарожны збор? Хто мае ільготы?

Вызваленне ад выплаты дарожнага падатку магчымае ў такі выпадках:

  • аўто было знятае з уліку да 1 ліпеня 2021 года;
  • аўто было выпушчана не пазней 1991 года або звесткі пра год выпуску адсутнічаюць;
  • ваша аўто — электрамабіль;
  • у вас не скончыўся тэрмін дзеяння дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, за выдачу якога была выплачаная дзяржаўная пошліна.

Ветэраны, пенсіянеры і людзі з інваліднасцю пры прадастаўленні дакументаў і дзеючага пасведчання кіроўцы пры выплаце асноўнай сумы падатку атрымаюць ільготы.