Больш за сто «палітычных» адміністрацыйных спраў па Гродзенскай вобласці з’явілася ў банку судовых рашэнняў за снежань. Як правіла, людзей судзілі за падпіскі, рэпосты, лайкі на рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, радзей — за фота БЧБ-сцяга ў асабістых акаўнтах. У дзвюх трацінах выпадкаў тэхніку ў аштрафаваных і арыштаваных канфіскоўвалі, але былі выпадкі, калі людзям удавалася пазбегнуць яе канфіскацыі. Журналіст Hrodna.life даследаваў факты канфіскацыі.

Журналіст Hrodna.life налічыў 109 судовых рашэнняў у снежні па палітычных адміністрацыйных справах. У 77 выпадках з іх канфіскоўвалі тэхніку — тэлефоны, ноўтбукі, планшэты. Іх адбіраюць як сродкі здзяйснення правапарушэння.

Канфіскацыя ідзе як «дадатковы» спосаб пакараць чалавека. Асноўны ж — арышт або штраф, памер якога можа вар'іравацца.

Ад канфіскацыі не абараняюць ні пенсійнае пасведчанне, ні інваліднасць

Пад канфіскацыю тэхнікі па палітычных адміністрацыйных справах трапляюць людзі з розных сацыяльных слаёў. Не робяць выключэнне і для пенсіянераў, і для бацькі дзяцей-інвалідаў.

Пры гэтым чыстасардэчнае раскаянне часам прызнаюць змякчальнай акалічнасцю. Але знайсці карэляцыю паміж прызнаннем віны і канфіскацыяй тэхнікі Hrodna.life не атрымалася.

Напрыклад, індывідуальны прадпрымальнік з Гродна цалкам прызнаў сябе вінаватым і раскаяўся ў зробленым. Але акрамя штрафу ў яго за падпіскі ў Instagram канфіскавалі адразу два мабільныя тэлефоны — палічылі, што ён выкарыстаў абодва пры здзяйсненні правапарушэння.

А 20 снежня ў судзе Лідскага раёна судзілі дырэктара прыватнага прадпрыемства за рэпосты ў Facebook «Белсат TV», «Радыё Свабода», «Зеркало. Новости», «Кропка», «Euroradio». Мужчына не прызнаў віну і заявіў, што «распаўсюджваць якую-небудзь інфармацыйную прадукцыю Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь не забаронена». Яго арыштавалі на 15 сутак з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.

Гісторыі, калі асуджаным па палітычных артыкулах ўдавалася пазбегнуць канфіскацыі тэхнікі

У адным судовым пасяджэнні, напрыклад, дакладна не выявілі, што лідчанка рабіла рэпосты «Нашай Нівы» «з выкарыстаннем канфіскаванага ў яе пры асабістым ператрусе мабільнага тэлефона маркі „Samsung Galaxy А12“, набытага ёю ў 20** годзе». Таму суд аштрафаваў яе, але тэхніку не канфіскоўваў.

Іншы выпадак — гродзенка распавяла ў судзе, што падпісалася на рэсурс, які пазней прызналі экстрэмісцкім, з іншага тэлефона, які зламаўся ў 2019 годзе. Яна яго выкінула. Улічваючы, што «здзейсніла правапарушэнне» жанчына з іншага тэлефона, новы ў яе не канфіскоўвалі.

Таксама суды выносілі рашэнне без канфіскацыі, паколькі тэлефон ужо быў канфіскаваны па іншай справе.

Дзве адміністрацыйныя справы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў спынілі. У абодвух выпадках прычынай стала заканчэнне тэрмінаў накладання адміністрацыйнага спагнання.

Адным з рэдкіх рашэнняў таксама сталі 40 гадзін грамадскіх работ. Іх за падпіску ў Instagram на «Зеркало» адбудзе супрацоўніца КСУП у Карэлічах.

Куды адпраўляецца канфіскаваная тэхніка?

У Гродне ёсць дзве крамы канфіскаваных тавараў - «Ваш выбор» і «Белюрзабеспячэнне». Апошні адкрыўся ў жніўні 2023 года. У гэтых крамах на арыштаваную маёмасць не даюць гарантый, таксама яго нельга абмяняць або вярнуць пасля пакупкі.

арестованное имущество продают в гродно
У краме арыштаванай маёмасці. Скрыншот рэпартажу «Гродно Плюс»

Таксама тэхніку можна купіць праз інтэрнэт. На 11 студзеня даступныя больш за 100 тэлефонаў. Кошты пачынаюцца ад 2 рублёў. Праўда, відаць, што экран гэтага тэлефона пабіты. Ёсць істотныя зніжкі - са 100 да 20 рублёў.

Конфискованные телефоны
Канфіскаваныя тэлефоны. Скрыншот Hrodna.life з e-auction.by/shop

Каго і за што наогул судзяць па палітычнай адміністрацыйцы?

Часта пераследваюцца цэлыя групы. Сілавікі прыходзяць ва ўстановы і на прадпрыемствы, дзе затрымліваюць адразу некалькі супрацоўнікаў. Таму праследуемымі становяцца медыкі, супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў - як правіла, прадстаўнікі рабочых спецыяльнасцяў. Але судзяць і дырэктараў.

Дадзеныя ў рашэннях ананімізаваныя, але іх можна супаставіць з паведамленнямі аб папярэдніх затрыманнях. Таксама паведамляецца пра наяўнасць дзяцей у аштрафаваных і арыштаваных. З гэтага вядома, што судзяць у тым ліку і маці ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Наяўнасць дзяцей лічаць «змякчальнай акалічнасцю».

Калі доўгі час пасля 2020 года пераследвалі за падпіскі і рэпосты ў Telegram, то апошнія паўгода сілавікі звяртаюць увагу і на іншыя мэсэнджары і сацсеткі. Судзяць за інфармацыю ў Instagram, Facebook, Viber, «Аднакласніках» і «ВКонтакте».

Акрамя рэпостаў, судзяць і за падпіскі — іх кваліфікуюць як «захоўванне з мэтай распаўсюду». Hrodna.life вядома пра выпадак, калі гродзенец адпісаўся ад усіх рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Але іх выявы захоўваліся на старонцы праз асаблівасці сацсеткі. Даказаць невінаватасць не ўдалося — вынеслі пастанову аб адміністрацыйным арышце. Таксама судзяць за «экстрэмісцкія» лагатыпы і «візуальны матэрыял».

Дзе і як сілавікі знаходзяць «экстрэмізм»?

З матэрыялаў справы вядома, што ў некаторых выпадках інфармацыю знаходзяць «падчас маніторынгу інтэрнэту». Напрыклад, падпіску ў Instagram на Tribuna.com у настаўніка фізкультуры выявіў оперупаўнаважаны аддзела па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна старшы лейтэнант міліцыі.

Таксама падпіскі і лайкі могуць знайсці пры аглядзе вашага тэлефона — падчас «рэйдаў» на прадпрыемствы. Таксама падобныя агляды ладзяць на мяжы. У снежні пасля агляду на мяжы суд чакаў чатырох чалавек — у тым ліку кіроўцаў літоўскіх фірмаў.

Досыць часта ў пастановах сустракаецца СМІ, у тым ліку Zerkalo.io — пераемнік найбуйнейшага беларускага СМІ TUT.BY. Таксама экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаюць асабістыя сацсеткі журналістаў і актывістаў. Напрыклад, так здарылася з былым журналістам Hrodna.life Русланам Кулевічам. Фактычна ўсе яго падпісчыкі ў Беларусі могуць стаць фігурантамі адміністрацыйных спраў.

Руслан Кулевіч
Руслан Кулевіч. Фота: Instagram героя

Часцей за ўсё затрыманых штрафуюць на 30 базавых велічынь (у 2023 годзе — 1110 рублёў).