Іван Ядэшка прыехаў у родны Гродна з ганаровай місіяй: 18 мая ён будзе несці факел з агнём II Еўрапейскіх гульняў. Напярэдадні важнай падзеі легенда савецкага баскетбола сустрэўся з гродзенскімі гімназістамі.

Сустрэча з Іванам Ядэшкам праходзіла ў Гродзенскай гарадской гімназіі. Паслухаць баскетбаліста сабралася поўная актавая зала.
Спартсмен распавёў аб важных прынцыпах свайго станаўлення, а таксама прыгадаў родны горад.

«Я лічу сябе рускім беларусам, — распавядае Іван Ядэшка. — Гродна — мой родны горад і я заўсёды люблю сюды прыязджаць, гэта адно з любімых месцаў на зямлі. Асабліва люблю Нёман, рыбалку і зносіны са сваякамі. Родны горад я ведаю добра, тут пачынаў сваю спартыўную кар’еру, таму імкнуся прыязджаць сюды раз у два гады. У дзяцінстве, як і многія іншыя гродзенскія хлапчукі, я займаўся многімі відамі спорту, а да 13-ці або 14-ці гадоў ужо вызначыўся, што мне трэба. Абраў баскетбол і не пралічыўся».

Пасля размовы ў актавай зале і аўтографсесіі Івана Ядэшку запрасілі ў спартзалу гімназіі. Там ён даў некалькі парадаў маладым гродзенцам і зрабіў памятнае фота з навучэнцамі. 18 мая Іван Ядэшка разам з іншымі выбітнымі спартоўцамі Гродзеншчыны будзе несці агонь II Еўрапейскіх гульняў па вуліцах Гродна.

«Несці агонь для мяне вялікі гонар, сёння ў Гродне ўжо нешматлікія ведаюць, што я нарадзіўся ў гэтым горадзе. Так што мне прыемна будзе гэта рабіць», — дадаў Ядэшка.

У сваёй кар’еры Іван Ядэшка дамогся многіх высокіх вынікаў. Гродзенец увайшоў у гісторыю сусветнага баскетбола, зрабіўшы «залаты пас» Аляксандру Бялову за тры секунды да заканчэння фінальнага матчу зборных СССР і ЗША на Алімпіядзе ў Мюнхене ў 1972 годзе. Тады ў напружанай канцоўцы матчу савецкія баскетбалісты тры разы ўводзілі мяч у гульню з-за перапынкаў і праблем з адлікам часу і, у рэшце рэшт, вырвалі перамогу ў амерыканцаў з мінімальным разрывам 51:50. Ядэшка стаў адным з герояў матчу. Пасля Алімпіяды гродзенец стаў чэмпіёнам свету, Еўропы і СССР, а таксама атрымаў шэраг высокіх узнагарод.

У фільме 2017 года «Рух уверх», які прысвечаны перамозе каманды СССР на Алімпійскіх гульнях, Іван Ядэшка быў галоўным кансультантам сцэнарыстаў.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life