Пяць гродзенцаў распавялі Hrodna.life, як вучыліся і працавалі ў самых розных месцах, а потым патрапілі ў IT. Аказваецца, у гэтай сферы можна стаць паспяховым, нават калі ў студэнцтве вы атрымалі адукацыю зусім па іншым профілі, а на папярэднім месцы працы працавалі пажарнікам або прадаўцом.
Маргарыта, 24 гады. Магістр філалагічных навук, працуе бізнес-аналітыкам
«Зразумела, што трэба нешта змяняць»
Пасля вучобы Маргарыта працавала лабарантам ва ўніверсітэце, паралельна выкладала англійскую на філфаку. Акрамя таго, паспела павучыць дзяцей у школе і дарослых на курсах замежных моў. Ёй падабалася выкладаць, яна добра адчувала сябе ў навуцы, але разумела, што ў Беларусі гэта не самая моцная галіна.
«У мяне не было нейкай цягі да IT-сферы. Я проста шукала ў інтэрнэце працу з годнай аплатай, дзе змагу прымяняць свае веды і вопыт. Так я натыкнулася на вакансіі бізнес-аналітыка. Стала цікава, што гэта такое», — кажа Маргарыта.
Пра сваю будучую прафесію яна тады нічога не ведала. Прыйшлося вывучыць шмат артыкулаў і інтэрв'ю з вопытнымі аналітыкамі, літаратуры па тэме, прайсці курсы па бізнес-аналізу. «Пасля курсаў маё рэзюмэ накіравалі ў кампанію IntexSoft: там адкрылася вакансія. Праз пару дзён я патрапіла на сумоўе, потым мяне запрасілі на стажыроўку. Гэта быў шанец, які я выкарыстоўвала, каб зарэкамендаваць сябе. Добрая англійская, вынесеная з універсітэта, спатрэбілася на новым месцы. Без замежнай мовы ў бізнес-аналізе рабіць няма чаго».
Сяргей, 30 год. Вучыўся на псіхолага і ніводнага дня не працаваў па спецыяльнасці.
«Прачытаў кнігу і зразумеў, што гэта маё»
Сяргей прыйшоў у IT дзякуючы адной тэлефоннай размове.
«Неяк стэлефанаваўся з сябрам. Ён згадаў прафесію тэставальніка і кнігу „Тэставанне DOT COM“. Я зацікавіўся, прачытаў яе і зразумеў, што тэставанне — гэта тое, у чым я хацеў бы развівацца. Потым скончыў курсы па тэставанні і стаў шукаць працу ўжо па новай спецыяльнасці».
У IT Сяргей амаль чатыры гады. Хоць з боку праца тэставальніка можа здацца сумнай, Сяргею падабаецца тое, чым ён займаецца. «Калі бярэшся за новы праект, пачынаеш яго вывучаць, прыдумляць розныя сцэнары, спрабуеш прадбачыць паводзіны прыкладання. Гэта выклікае ўнутраны азарт».
Стэрэатыпы — гэта зман
Сяргей не шкадуе, што памяняў прафесію. Лічыць, што псіхалогія дапамагае ўсюды, у тым ліку і ў IT. Напрыклад, для Сяргея відавочна, што ўсе стэрэатыпы пра айцішнікаў - зман.
«Людзі ўсе розныя: ёсць тут і халерыкі, і сангвінікі, і флегматыкі. Усе з рознымі інтарэсамі, з усімі цікава пагаварыць. Айцішнікі паміж сабой размаўляюць, як і ўсе звычайныя людзі. Могуць абмеркаваць працоўныя пытанні: хто на чым кодзць і якія алгарытмы выкарыстоўвае, а могуць пагаварыць аб новым фільме або выніках спартовага матчу».
Максім, 26 год. З прадаўца ў распрацоўшчыкі
Максім чатыры гады працаваў прадаўцом у краме. Паралельна рамантаваў камп’ютары як ІП. Яму з дзяцінства было цікава, што і як уладкавана.
«Усяму вучыўся сам, спрабаваў, нешта атрымлівалася, штосьці не. У нейкі момант зразумеў, што разабрацца ва ўсім самому цяжка, таму пайшоў на курсы па Java».
Максім не хацеў з’язджаць з роднага горада і стаў шукаў працу ў мясцовых кампаніях. На рэзюмэ адказалі ўсе, да каго ён звярнуўся.
«IntexSoft быў другой кампаніяй, дзе я праходзіў сумоўе. Пасля яго я яшчэ толькі спускаўся па лесвіцы, а мне ўжо тэлефануюць і кажуць, каб вяртаўся: я прыняты на працу».
Што да працы ў IT, Максім адзначае: «Тут усё хуткаплынна. Веды, атрыманыя 10 гадоў таму, сёння могуць і не спатрэбіцца. Трэба шмат працаваць над сабой, увесь час нешта вучыць і развівацца».
Яўген, 30 гадоў. Працаваў у МНС, тушыў пажары. Цяпер распрацоўвае Java-дадаткі.
У Гродна Яўген трапіў па размеркаванні пасля заканчэння Камандна-інжынернага інстытута МНС. Да нядаўняга часу быў начальнікам дзяжурнай змены ў пажарнай частцы.
«Распрацоўкай я зацікавіўся гады тры таму, на гэта мяне натхніла жонка. Яе адукацыя звязана з праграмаваннем, але сама па спецыяльнасці не працуе».
Пераход у іншую сферу быў паступовым. Яўген пазнаваў шмат новага, заводзіў знаёмых у гэтай сферы, праходзіў анлайн і афлайн-курсы па Java-распрацоўцы. Для большасці яго былых калег змена прафесіі стала нечаканасцю. Але галоўнае, што сам Яўген задаволены. У цяперашняй сферы дзейнасці яму падабаецца вырашаць складаныя, шматузроўневыя задачы, ад якіх часам «выбухае» мозг.
Барыс, 28 гадоў. Вучыўся ў аграрным, працаваў у гандлі, сышоў у IT.
Барыс вучыўся на бюджэце ў аграрным універсітэце, які па сямейных абставінах так і не скончыў. Прыйшлося ісці працаваць: працаваў ён у розных месцах, але ў асноўным — у гандлі.
Паралельна Барыс цікавіўся камп’ютарамі, вывучаў стварэнне сайтаў. Яго сябры і знаёмыя ўжо працавалі ў IT. «Яны адчувалі сябе там добра, і я падумаў, што і мне трэба ўвайсці ў гэтую сферу. У Гродне якраз праходзіў набор на курсы па тэставанні. Жадаючых было чалавек 300, а набралі дзве групы па 20. Падрыхтоўка і назапашаныя веды дапамаглі мне прайсці».
Потым Барысу пашанцавала трапіць у пяцёрку, у якой навучанне праходзіла адразу са стажыроўкай на рэальным праекце.
Дзякуючы гэтаму ён атрымаў добры вопыт і змог уладкавацца на працу.
«Галоўнае, што шануецца ў IT: уменне і жаданне пазнаваць нешта новае. Да сваіх праблем трэба ставіцца як да магчымасці атрымаць дадатковы вопыт. І яшчэ з самага галоўнага — трэба вывучаць англійскую», — кажа Барыс.
А вось профільную адукацыю ён не лічыць абавязковай. «Не важна, якая ў цябе адукацыя на старце, галоўнае, што ў цябе ў галаве і як ты гэта выкарыстоўваеш».
Кампанія IntexSoft з Гродна займаецца распрацоўкай ПА і прыкладанняў 17 гадоў. Тут працуе каля 200 супрацоўнікаў. У сакавіку 2019 кампанія пераехала ў новы офіс у цэнтры горада.
«Мы заўсёды рады ініцыятыўным людзям, якія хочуць змяніць прафесію і ўладкавацца ў IT. Не важна з якой сферы прыйшоў чалавек, якая ў яго адукацыя, колькі яму гадоў, галоўнае — гэта жаданне пастаянна вучыцца і вельмі шмат працаваць. А вольныя месцы з відам на Нёман і Каложу ў нашым новым офісе яшчэ ёсць», — падводзіць вынік hr-менеджар IntexSoft Наталля Кухарчык.
Даведацца пра кампанію IntexSoft можна больш у Instagram, Facebook и Vkontakte, а даслаць рэзюме — на пошту job@intexsoft.by.