Элгуджу Манія ў Гродне многія ведаюць у твар. Больш за 20 гадоў ён трымае пякарню і пастаўляе на ўвесь горад грузінскія лавашы, хачапуры і іншыя мучныя вырабы. Акрамя гэтага, Элгуджа Гаджаевiч з’яўляецца заснавальнікам і старшынёй Гродзенскага грамадскага аб’яднання грузінаў. Як сям’я Манія пераехала з сонечнага Сухумі ў беларускі Гродна і адкрыла тут сваю справу, даведваўся карэспандэнт Hrodna.life.
Вайна прымусіла пераехаць у Гродна да брата
Доўгія гады сям’я Манія жыла ў Абхазіі, але ўсё змянілася ў 1992 годзе, калі там пачаўся этнічны канфлікт. Сам Элгуджа — грузін, а яго жонка — абхазка. Сям’я вымушана была пакінуць роднае месца і пераехаць у далёкую Беларусь.
«Усе з’язджалі. Я таксама вырашыў. Доўга не думаючы, выбраў на Беларусь, бо там жыў мой старэйшы брат Руслан. Ён калісьці служыў у войску ў Беларусі, ажаніўся на Святлане, якая родам са Шчучына. Жылі яны ў Гродне і туды я прывёз маму, жонку і траіх дзяцей», — кажа Элгуджа Гаджаевiч.
Хацеў вярнуцца, але пасля стаў працаваць у Гродне
Тады яшчэ малады мужчына думаў, што Гродна — толькі часовы пункт, што неўзабаве ён з сям’ёй вернецца на радзіму. Але час ішоў і вяртацца ўжо не было куды. Сямейны дом згарэў.
«Каля года я думаў толькі аб вяртанні дадому і нічога не мог рабіць. Але пасля я зразумеў, што не магу сядзець без справы, бо ў мяне была маладая сям’я, аб якой трэба было клапаціцца. Я стаў думаць, чым займацца ў Гродне. Па адукацыі я інжынер-тэхнолаг і на радзіме быў загадчыкам вытворчасці ў рэстаране. Пасля развалу Савецкага саюза ў Гродне я не мог спачатку гэтым займацца, бо часы былі цяжкія. Але з часам усё стала мяняцца ў лепшы бок».
ААН дапамог адкрыць сваю справу
Пасля года жыцця ў Гродне Элгуджа Гаджаевiч стаў цесна супрацоўнічаць з прадстаўніцтвам ААН па справах бежанцаў у Беларусі. Ён дамогся, каб у 1997 годзе ААН вылучыла яму грошы на ўласны праект.
«Каб адкрыць сваю справу ў Гродне, а таксама атрымаць на гэта грошы, трэба было сабраць мноства дакументаў, а таксама даказаць камісіі, што мая справа добрая і будзе развівацца. Мая пякарня гэта быў першы праект рэалізаваны ў Гродне з дапамогай ААН. На працу я браў і бежанцаў, і мясцовых. Адна дзяўчына ў мяне яшчэ працуе з самага заснавання».
Да 2000-га года пякарня працавала пры Аблспажыўсаюзе, але пасля аддзялілася — так паўстала фірма «БелаГрузія».
«Сёння нашы вырабы любяць і шануюць у Гродне, таму што мы ўсё робім з душой. Іншы раз я сам іду ў цэх і раблю хачапуры ці лаваш. Я прыхільнік якасці, так што заўсёды імкнуся прытрымлівацца маркі».
Стварылi аб’яднанне грузінаў і грузінскі клас
Яшчэ ў канцы 1990-х Элгуджа Гаджаевiч заснаваў у Гродне грамадскае аб’яднанне грузінаў, якое стала пастаянным удзельнікам фестываля нацыянальных культур. Часта менавіта грузінскі подворак называюць самым цікавым і вясёлым на фестывалі.
Яшчэ да стварэння ўласнага праекта глава сям'і Манія, таксама пры падтрымцы ААН, адкрыў у гродзенскай школе № 9 грузінскі клас. Тры разы на тыдзень там праводзілі ўрокі мовы, літаратуры, гісторыі і геаграфіі Грузіі для дзяцей бежанцаў.
«У тыя гады яшчэ ў ніводнай школе горада не было камп’ютарнага класа, а мы, пры дапамозе спонсараў, здолелі яго стварыць. Дзякуючы ААН грузінскія дзеці ў Гродне працягнулі вывучаць родную мову. Таксама, сумесна з беларускімі дзецьмі, яны ездзілі адпачываць у розныя санаторыі. Мы трымаліся разам і стараліся рабіць усё для нашых суайчыннікаў. Пра нас некалькі разоў здымалі перадачы і фільмы», — узгадвае Элгуджа Гаджаевiч.
«Магчыма, калі-небудзь вярнуся ў Грузiю»
Прайшло ўжо 26 гадоў з моманту, калі сям’я Манія перехала ў Гродна. За гэты час дзеці Элгуджы Гаджаевiча атрымалі ў Беларусі вышэйшую адукацыю і сталі працаваць. Сын пераехаў у ЗША разам са сваёй сям’ёй і там чакае ў госці бацьку.
«Вельмi чакаю моманту, калі палячу ў ЗША. Там у мяне маленькі ўнук, з якім я штодня маю зносіны праз інтэрнэт. Мне падабаееца Беларусь. Дзякуючы гэтай краiне мы здолелі не толькі выжыць, але і адкрыць сваю справу, а таксама дапамагаць сваім суайчыннікам. У Беларусі добра, але кожнага грузіна заўсёды цягне на радзіму. Магчыма, калі-небудзь я туды вярнуся, але гэта ўжо будзе зусім іншая гісторыя».