Большасць замежнікаў, якія купляюць кватэры ў Гродне – рускамоўныя. Яны выбіраюць вялікія кватэры ў цэнтры або шукаюць дамы на беразе возера. Беларусь яны называюць бяспечнай краінай, дзе “парадку больш”. Якое жыллё купляюць замежнікі ў Гродне распавёў для Hrodna.life дырэктар ТАА “Крама нерухомасці” Уладзімір Пыльскі.
Увесну 2022 года рэальнымі і патэнцыйнымі пакупнікамі ў агенцтве сталі жыхары Расіі, Казахстана, Польшчы, ЗША, Ізраіля, Германіі, Швецыі, Латвіі. Пры гэтым у агульнай колькасці ўсіх продажаў працэнт замежных пакупнікоў застаецца невялікім.
“Для пераезду на пастаяннае месца жыхарства нерухомасць купляюць расіяне і казахстанцы», – адзначае Уладзімір Пыльскі. У прыклад ён прыводзіць дваіх пакупнікоў з Масквы: адзін з іх купіў кватэру плошчай 100 кв. м, другі – катэдж. Пераезд з сям’ёй у Гродна звычайна матывуюць тым, што ў Беларусі нашмат спакайней на вуліцах. “Не баімся дзяцей адных на вуліцу адпускаць, вечарам, ноччу можам спакойна гуляць і ніхто на нас не нападае. Парадку больш”, – цытуе Пыльскі сваіх кліентаў.
Замежнікі родам з Гродна
Без пераезду на сталое месца жыхарства купляюць кватэры тыя, у каго ёсць тут сваякі або тыя, у каго ў Гродне прайшло дзяцінства. Ёсць і тыя, хто купляе кватэры для інвестыцый. Былі і расіяне, якія прадалі кватэру сёлета, бо не бачаць магчымасці зарабіць у Беларусі.
“Часцей за ўсё замежныя пакупнікі – гэта выхадцы з Гродна. Самі, або іх бацькі, дзядулі, бабулі”, – кажа Пыльскі. 95% пакупнікоў – рускамоўныя, старэйшыя за 40, сямейныя.
Дызайнерскія кватэры ў цэнтры і закінутыя хаты ў вёсцы
“Лідар сярод пакупак – вялікія дызайнерскія кватэры ў цэнтры Гродна. На другім месцы – прыватныя дамы на беразе возера, вадасховішча, а таксама катэджы ў прыгарадзе”, – распавядае рыэлтар.
Чытайце таксама: Ад $ 300 000 да $ 700 000. Як выглядаюць самыя дарагія катэджы, якія прадаюцца ў Гродне
Расіяне таксама цікавяцца закінутымі дамамі ў вёсках Гродзенскага раёна. Сёлета ў Гродзенскі райвыканкам паступіла тры звароты ад грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія цікавіліся купляй пустуючага дома ў прыгарадзе. Інфармацыю аб такіх дамах і аўкцыёнах па іх размяшчаюць на сайце райвыканкама.
З пачатку года квадратны метр падаражэў на $60
За пяць месяцаў 2022 года на другасным рынку ў Гродне прададзена 706 кватэр, распавёў Уладзімір Пыльскі. З іх – 115 кватэр у студзені, 116 – у лютым, 170 – у сакавіку, 223 кватэры – у красавіку (абсалютны рэкорд за многія гады), і 82 кватэры за 19 дзён у траўні. Палова прададзеных кватэр – двухпакаёвыя. Меншым попытам карыстаюцца чатырохпакаёвыя кватэры.

“У красавіку па колькасці ўгодаў у “Краме нерухомасці” ўсталявалі рэкорд за пяцігадовую гісторыю кампаніі”, – распавядае рыэлтар. Ён прыводзіць некалькі прыкладаў: аднапакаёвыя кватэры прадавалі ад $20 700 да $32 500, двухпакаёвыя – ад $24 700 да $37 000, трохпакаёвыя ад $38 900 да $63 000. Уладзімір адзначыў, што з пачатку 2022 года сярэдняя цана за квадратны метр павялічылася з $629 да $693.


