Мабільны дадатак «Museum++» дазволіць атрымліваць мультымедыйную інфармацыю пра экспанат. Стваральнікі лічаць, што дадатак прыцягне гродзенцаў і турыстаў у музеі, а таксама вырашыць адразу шэраг праблемаў, якія ёсць у музеях. У Беларусі такі гід рэалізуецца ўпершыню. Праект паспяхова прэзентавалі на XI гродзенскім ІнвестУікендзе, які прайшоў 25 сакавіка.
Вырашыць праблемы музеяў і прыцягнуць наведвальнікаў
— Ты прыходзіш у музей, там стаяць экспанаты. Табе не патрэбен экскурсавод. Трэба толькі навесці камеру тэлефона на аб’ект, там з’явіцца меню, дзе можна выбраць кантэнт: тэкст, малюнкі, 3D-мадэль, аудыё, — наперабой расказваюць пра свой праект дзяўчаты з каманды «WTP 404». — Усё залежыць ад фантазіі заказчыкаў і нашых тэхнічных магчымасцяў. Чытаючы і праглядаючы, наведвальнік вывучае экспанат.Каб карыстацца «Museum++» трэба ўсталяваць дадатак на тэлефон, атрымаць код доступу і навесці камеру на аб’ект. Дзякуючы 3D-мадэляванню можна будзе ўбачыць, як раней выглядаў пэўны экспанат — да прыкладу, разбіты кубак у 3D-мадэлі будзе цэлым. Цану за код доступу будзе выстаўляць музей.
Праект дапаможа вырашыць праблемы музеяў: недахоп штату экскурсаводаў у пікавыя дні, недахоп месца для выстаўлення экспанатаў і незацікаўленасць людзей у музейных экскурсіях. Каманда «WTP 404» упэўненая, што мабільны дадатак дапаможа прыцягнуць наведвальнікаў у музеі і такім чынам павялічыць іх прыбытак. Дзякуючы бязвізаваму рэжыму вартасць праекту яшчэ павышаецца. Дадатак будзе працаваць на розных мовах: рускай, беларускай, польскай, англійскай.
Праект на этапе распрацоўкі
Дзяўчаты з каманды кажуць, што ідэя нарадзілася для іншага праекта — АR-марафона па стварэнні дадаткаў дапоўненай рэальнасці для мабільных платформ, які прайшоў у снежні. Для яго каманда распрацавала гід па ўніверсітэцкім музеі. Яго пратэставалі ўнутры факультэту матэматыкі і інфарматыкі. Экспертам ідэя спадабалася і яны прапанавалі раскруціць праект на гарадскім узроўні.
Пасля зімовай сесіі дзяўчаты сталі больш шчыльна працаваць над «Museum++» і паспяхова выступілі на XI гродзенскім ІнвестУікендзе, атрымаўшы першыя месцы ў намінацыі «Лепшая каманда» і «Самы камерцыйна паспяховы праект». Таксама з «Museum++» каманда выступала на навуковых канферэнцыях у Гродне і Кракаве. У планах — конкурс стартапаў у Мінску 20 красавіка і 11 мая.Зараз каманда на этапе дапрацоўкі мабільнага дадатку. Затым будуць шукаць спонсараў на стартап-конкурсах і прапаноўваць дадатак музеям-заказчыкам. Зараз «Museum++» ствараюць як схему, а разам з музеем яго будуць напаўняць інфармацыяй пра экспанаты. Гэта тэкст, фота, анімацыя, відэа, гіфкі, 3D-мадэлі, квэсты па музеі.
У Беларусі праект рыхтуецца ўпершыню
Кошт праект дакладна невядомы і залежыць ад многіх фактараў. Спачатку 3D-мадэлі давядзецца закупаць, а яны каштуюць ад 25 да 1000 долараў. У будучым дзяўчаты плануюць навучыцца ствараць іх самастойна. Для захоўвання інфармацыі трэба арэндаваць сервер, адкуль тэлефон будзе атрымліваць інфармацыю. Арэнда сервера каштуе 400 рублёў на месяц. Таксама патрэбны чатыры моцныя камп’ютары агульным коштам каля 6000 долараў.Зарабляць каманда будзе на продажы падпіскі на дадатак і на рэкламе музеяў. Таксама разглядаецца варыянт атрымання працэнту ад агульнай колькасці наведвальнікаў. Ёсць магчымасць «гнуткай» падпіскі: за тэкст пра экспанат — адзін кошт, за фота — іншы, і г. д. Пакуль «WTP 404» не могуць назваць нават прыкладныя кошт падпіскі: усё залежыць ад колькасці экспанатаў, інфармацыі і затрачанага часу. Ад музея патрабуецца толькі Wi-Fi і інфармацыя пра экспанаты.
Дзяўчаты кажуць, што пакуль рана шукаць кліентаў, але ўжо паразмаўлялі з дырэктарам Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музею. Таксама яны плануюць супрацоўнічаць з прыватнымі музеямі і прыязнымі выставамі.
«Гуляцца ў тэлефон можна і дома»
Дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музею Юрый Кітурка лічыць, што праект «Museum++» — гэта пакуль толькі мары. Па-першае, з-за адсутнасці грашовых рэсурсаў. Дзяржаўныя музеі не змогуць арэндаваць мабільны дадатак, бо не маюць на гэта сродкаў. Тым больш прыватныя музеі, на якіх іх гаспадары ўвогуле не зарабляюць.
Па-другое, узнікнуць цяжкасці з напаўненнем дадатку. Юрый Віктаравіч лічыць, што студэнты, слаба абазнаныя ў музейных экспанатах, змогуць напаўняць дадатак інфармацыяй толькі пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў музея. А яны шчыльна занятыя асноўнай дзейнасцю.
— За дзень навуковы супрацоўнік стварае два-чатыры стандартных пашпарты экспаната, — кажа Кітурка. — У нас каля 200 000 экспанатаў. Канешне, не ўсе яны вартыя таго, каб іх апісалі ў дадатку. Але пакуль каманда напоўніць інфармацыяй мабільны дадатак, ён ужо састарэе.Па-трэцяе, дырэктар не бачыць сэнсу ў існаванні «Museum++». Экскурсаводаў музею не хапае раз-два на год — тады да правядзення экскурсій далучаюць супрацоўнікаў з іншых аддзелаў. Юрый Кітурка лічыць, што «Museum++» не прыцягне дадатковых наведвальнікаў у музеі. Ён параўновае праект з актыўным усталяваннем на гістарычных будынках Гродна QR-кодаў, якімі зараз ніхто не карыстаецца.
— У музей прыходзяць, каб паглядзець на прадмет, — кажа дырэктар музею. — Гуляцца ў тэлефон можна і дома.
За апошні квартал Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей наведала каля 28 тысяч наведвальнікаў. У летні сезон іх значна больш. З безвізавых турыстаў толькі некалькі працэнтаў наведвае музеі.— Асноўныя наведвальнікі - гэта арганізаваныя групы школьнікаў. Дарослых людзей мала. Усе, хто прыходзіць, сыходзяць задаволенымі. Але як іх прыцягнуць? Мы праводзім канцэрты, ладзім выставы, паведамляем пра іх адкрыццё, — кажа Юрый Кітурка. — Канешне, хацелася б, каб было больш наведвальнікаў, каб больш турыстаў прыязджала ў Гродна і хадзіла ў музеі.