Пік актыўнасці паркуру ў Гродне прыйшоўся на пачатак 2000-х гадоў - пасля выхаду на экраны фільма «Ямакасi». Тады шмат гродзенскiх падлеткаў скакала праз перашкоды ў парках, на стадыёнах і дахах дамоў. Сёння ў горадзе гэтым «мастацтвам перамяшчэння» займаецца ўсяго дзясятак чалавек. Чаму за гады трэніровак яны не закінулі сваё хобі, у адрозненні ад многіх, разбіраўся карэспандэнт Hrodna.life.
Нешматлікіх гродзенскіх паркурыстаў можна сустрэць недалёка ад занёманскіх яўрэйскіх могілак, на пляжы, дзе яны зрабілі сабе спецыяльную пляцоўку. Час ад часу паркурыстаў можна сустрэць і каля ўніверсама «Брэст», а таксама ў цэнтры горада.
Валерый Пашкевіч, 24 гады, у паркуры 12 гадоў. Штодзённыя трэніроўкі дапамаглі хлопцу ў службе ў арміі.
«Цяпер я займаюся паркурам, бо засталася звычка з дзяцінства. Пачаў займацца даўно, але дагэтуль сябе прафесіяналам не лічу. Пачалося ўсё з паказу фільма «13-ы раён». Пасля брат прывёў мяне на месца, дзе ён і яго сябры займаліся паркурам. Мне спадабалася. Першы час нічога не атрымлівалася. Але за кошт жадання шмат чаму навучыўся.
Зараз паркур для мяне — гэта ўжо больш самаразвіццё. Нічога новага і звышжорсткага, як у дзяцінстве, я ўжо не раблю. У жыцці дадзены від вулічнага мастацтва дапамагае мне час ад часу. Напрыклад, калі спяшаюся куды-небудзь, магу дзесьцi што-небудзь пераскочыць, пералезці і г. д."
Вулічная падрыхтоўка дапамагла хлопцу ў службе ў арміі - рабіць фізічныя практыкаванні. Валерый кажа, што цяпер паркур выйшаў з моды — людзей ім займаецца ў разы менш. «Я заўважаю 12-гадовых дзяцей, якія робяць сальта на пяску. Але гэта не тое, што было ў нас». Паводле Валерыя, цяпер модна займацца руфiнгам [хадзіць на вышыні - рэд.].
Былі ў хлопца і траўмы — рваў звязку галенастопа. Але гэта яго не спыняла. «Я ўжо не ўяўляю жыццё без паркура. На трэніроўкі выходжу амаль кожны дзень, раблю гэта не для якіх-небудзь спаборніцтваў, а для сябе».
Уладзімір Сіцько, 24 гады, у паркуры 11 гадоў. Хлопец лічыць, што будучыня ў паркура ўсё ж ёсць. Проста гэта культура ўжо даўно пачала развівацца ў іншым кірунку.
«У гэтую вулічную культуру я трапіў яшчэ тады, калі быў у дзіцячым доме. Я доўга назіраў за адным сваім сябрам, які займаўся паркурам, а пасля і я сам пачаў займацца. Сёння паркур — гэта мой лад жыцця. Мне без яго сумна, я не магу без яго жыць. Займаюся кожны дзень».
Хлопец лічыць сябе прафесіяналам, час ад часу прымае ўдзел у спаборніцтвах. Думкі скончыць не з’яўляліся, нягледзячы на сур’ёзныя траўмы. Яму здаецца, што будучыня ў гэтай вулічнай культуры ёсць. «Толькі цяпер паркур стаў развівацца трохі ў іншым накірунку — моладзь больш стала практыкавацца ў акрабатыцы».
Арцём Хруль, 23 гады, у паркуры 10 гадоў. Ён неаднаразова здымаўся ў кліпах, а таксама фільмах, дзе паказваў сваё майстэрства.
«Упершыню паркур убачыў у дзяцінстве ў фільме, вось і стаў займацца. Сёння шляху назад ужо няма. Але з узростам разумееш, што рабіць нейкія трукі ўсё цяжэй і цяжэй. Многія перасталі ў Гродне займацца паркурам, бо выраслі ці атрымалі шматлікія, часам сур’ёзныя траўмы».
Арцём трэніруецца 1−2 разы ў тыдзень — гэтага хапае. Ён працуе ў кампаніі «Амбер фільм» і часам выкарыстоўвае свае ўменні ў роліках, якія здымае фірма.
Перамагаць не суперніка, а сябе
Паркур з’яўляецца адным з самых траўманебяспечных вулічных заняткаў. Але ён не з’яўляецца відам спорту, які прадугледжвае спаборніцтва, канкурэнцыю і імкненне перамагчы суперніка. Ідэалогія паркуру адмаўляе гэтыя прынцыпы.
Гродзенскія паркурысты адзначаюць, што для таго, каб займацца паркурам, чалавеку неабходна развівацца ў цэлым шэрагу дысцыплін. Перш за ўсё, неабходна спазнаць сябе, імкнучыся стварыць гармонію паміж целам і духам, ацаніць свае магчымасці і пачаць змагацца са сваімі недахопамі, страхамі. Найлепш для гэтага падыходзіць скалалазанне. Таксама добрым спосабам выхавання духу з’яўляюцца адзінаборствы, дзе пастаянна прыходзіцца змагацца з псіхалагічным фактарам, напрацоўваючы імкненне перамагаць сябе. Для развіцця навыкаў перамяшчэння дапаможа лёгкая атлетыка.