Пакой 9-гадовага Вані Глумакова з Гродна падобны да карціннай галерэі. На кожнай сцяне вісяць яго яркія работы. Усяго такіх малюнкаў каля сотні - на іх выдуманыя мульцяшныя героі з вялікімі вачыма. Гродзенец нават думае выпусціць свой камерцыйны каталог.
Маляваннем хлапчук захапіўся ў шэсць гадоў.
«Усё пачалося каля трох гадоў таму, калі я заўважыў у суседкі маркеры, — распавядае Ваня. — Зацікавіўся і папрасіў у бацькоў такія ж. Калі першы раз паспрабаваў імі маляваць — мяне сур’ёзна зацягнула. Вось мне ўжо амаль 10 гадоў і да гэтага часу малюю. Я зразумеў, што хачу гэтага рабіць. Гэта маё».
Відэа: Доктор Вербель
Ваня сам прыдумляе герояў. Яго натхняе рок-музыка і творы вядомых мастакоў. Фаварытаў няма, у кожнага бярэ патроху.
«Я не вучыўся ў школе маляваць, неяк сам усё засвоіў і прыдумаў сабе стыль. Усе мае персанажы выдуманыя, як і іх гісторыі. Усё, што мне прыходзіць у галаву, тое і малюю. Ёсць у мяне адзін прыдуманы герой і яго клічуць Біл, ён жыве ў Англіі».
Юны гродзенец плануе летам запусціць камерцыйны каталог сваіх малюнкаў, якія можна было б пераносіць на кубкі, майкі, плакаты, сцікеры і г. д. Яго ідэю дапаможа рэалізаваць мама Лана, якая працуе ў адным з рэкламных агенцтваў горада.
На 10 гадоў Ваня папрасіў у бацькоў сцілус для планшэта. Хлопчык кажа, што тата спачатку не ўспрымаў усур’ёз яго творчасць, але пасля змірыўся.
«Тата хоча, каб я стаў бізнесменам або банкірам, але нядаўна я зразумеў, што хачу быць ілюстратарам. Пакуль вучуся ў школе, буду асвойваць гэтую прафесію, а там будзе бачна», — дадаў Ваня.