«I am Atashi». Першая рэп-дзіва Гродна выступае на кітайскай

10 000 праглядаў і дзясяткі каментарыяў за некалькі дзён сабрала відэа, на якім у цэнтры Гродна дзяўчына выступае з незвычайнай рэп-кампазіцыяй. Hrodna.life адшукаў выканаўцу. Яна называе сябе Аташы і ёй 22 гады. Яна адзіная дзяўчына, якая чытае рэп у Гродне.

Аташы выступае на англійскай і кітайскай мовах. Менавіта нязвыклае выкананне на замежных мовах і прыцягнула ўвагу гродзенцаў.

Натхненне далі карэйцы

Рэпам Аташы займаецца чатыры гады і амаль гатовая выпусціць першы альбом. Праўда, сур’ёзных выступленняў на вялікіх пляцоўках гродзенка яшчэ не мела.

«З самага дзяцінства я хацела звязаць жыццё з музыкай, — распавядае Аташы. — Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна і думала, што паступлю ў музычную вучэльню. Але выбрала іншую спецыяльнасць. Толькі праз некаторы час я канчаткова зразумела, што музыка — гэта маё».

У 2014 годзе Аташы натыкнулася ў інтэрнэце на карэйскае шоў рэпераў «Show me the money». Гэтая праграма і дала пачатак рэп-творчасці дзяўчыны. Пачыналася ўсё з кавераў, а з часам з’явіліся і ўласныя песні.

«Мне вельмі хацелася пісаць рэп і батліць. Свой першы тэкст я скінула сяброўкам на ацэнку і ім спадабалася. Казалі, каб я працягвала. Так я паступова ўцягвалася ў рэп. Чытала чужое, а потым перайшла на сваё. Першы час адна з сябровак мне вельмі дапамагала — вычытвала усе тэксты на англійскай і выпраўляла памылкі».

Адкрыла вакальную студыю

Гродзенка абрала сабе сцэнічнае імя Аташы — блізкае да ўсходніх народаў. Аташы з японскага перакладаецца проста як «я».

«Мне падабаецца, калі мяне называюць Аташы. Гэты псеўданім мне прыдумала сяброўка чатыры гады таму. Яна сказала, што гэтае імя мне вельмі пасуе. А сваё асабістае імя я пакіну ў сакрэце».

У пачатку чэрвеня Аташы разам з мамай адкрыла ў Гродне вакальную студыю. Дзяўчына выкладае рэп, а яе мама — эстрадна-джазавы вакал. На Дзень моладзі вакальную студыю запрасілі выступіць на Савецкай плошчы. Менавіта там Аташы і заўважылі гродзенцы.

Без шырокіх штаноў і ланцугоў

«Песня, з якой я выступала, гучыць на англійскай і кітайскай. Можа, з-за гэтага яна і стала незвычайнай для гродзенцаў. А можа гараджан прыцягнуў мой сцэнічны вобраз, які нагадвае ўсходнюю культуру. У ім я і планую далей выступаць. Сёння ўсе прывыклі бачыць рэпераў як на Захадзе — з шырокімі штанамі і ланцугамі. Але ў мяне свой стыль, ад якога я атрымліваю асалоду «.

Цягне на азіяцкі рынак

Аташы старанна працуе над сваім першым альбомам і думае выпусціць яго да канца лета. Альбом будзе называцца «I am Atashi», у ім будзе каля 7 сінглаў. З прэзентацыяй альбома дзяўчына гатовая выступіць у якім-небудзь гродзенскім клубе. Запісвае трэкі Аташы ў мясцовай студыі Cool Records.

«Трэкі з альбома я планую адразу загружаць у інтэрнэт, я хачу, каб маю музыку пачулі менавіта там, — распавядае Аташы. — У будучыні не планую зацыклівацца на Беларусі, я хачу выйсці на міжнародны ўзровень. Ужо цяпер я падтрымліваю цесны кантакт з адным амерыканскім рэперам, ён ужо прапаноўвае запісаць сумесны трэк.

А наогул, мяне цягне больш на азіяцкі рынак: у Карэю, Японію, Кітай. У гэтых краінах рэп адрозніваецца ад заходняга, там узносяць у тэкстах не толькі грошы, але і радасць, сэнс жыцця".

Аташы раўняецца на такіх вядомых выканаўцаў як Nicki Minaj, Stefflon Don, Saweetie, Vinida Weng, Yurika і іншых. «Раўняюся я на многіх, таму што ў кожнага свой непаўторны стыль і ад іх я чэрпаю шмат новага. Любыя артысты мяне натхняюць», — кажа дзяўчына

Першыя некалькі долараў на Spotify

Аташы ўжо чатыры гады вывучае кітайскую мову і нават ездзіла ў Кітай на стажыроўку. Менавіта таму апошнім часам у тэкстах гродзенкі можна пачуць шмат міксаў на англійскай і кітайскай мовах.

«Я пішу на розныя тэмы. Дзесьці пра грошы, а недзе пра рамантыку. Апошні сінгл Rise, які я выклала ў інтэрнэт, быў пра жыццёвы шлях, — кажа Аташы. — Песні выкладваю на SoundCloud, Spotify і іншыя пляцоўкі. Дарэчы, на апошнім атрымалася зарабіць і першыя 7,5 долараў за тысячу праслухванняў».

https://soundcloud.com/woshiatashi/atashi-rise-prod-by-aiwen

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025