Стары замак штучна падганяецца пад архітэктурную канцэпцыю Санці Гучы і губляе самае галоўнае – сваю аўтэнтыку.
Імя Санці Гучы цяпер ведае ці не кожны жыхар Гродна, які больш-менш цікавіцца гісторыяй і сочыць за рэканструкцыяй Старога замка. Былая каралеўская рэзідэнцыя ўжо некалькі гадоў штучна падганяецца пад архітэктурную канцэпцыю згаданага італьянскага архітэктара эпохі Адраджэння. А што, калі ўсё гэта няпраўда і італьянскі майстар не меў ніякага дачынення да будаўніцтва ў Гродне? Піша гісторык і блогер Мечыслаў Супрон.
Замест стараннага вывучэння тысячагадовага помніка архітэктуры і археалогіі - Старога замка — было прынята рашэнне «адбудаваць» помнік. За аснову быў узяты праект архітэктара Уладзіміра Бачкова, які натхняўся творчасцю Гучы.
Даследчыца творчасці Санці Гучы з Інстытута мастацтваў Польскай Акадэміі Навук Вольга Гайдук перакананая, што італьянец не мае ніякага дачынення да гродзенскага замка. Даследчыца заўважае, што Гучы ў 1580-я гг. і да самай смерці займаўся выключна разьбой па каменю і не выконваў замоваў на будаўніцтва, і тым больш праектаванне, палацаў і замкаў. Вольга Гайдук не выявіла ніводнага элемента аздаблення замка, з тых што былі знойдзены падчас раскопак, якія б можна было звязаць з творчай дзейнасцю Гучы.
«Удзел Гучы ў будаўніцтве гродзенскага замка не падмацаваны дакументамі, а захаваныя фрагменты не маюць асаблівай сувязі з яго творчасцю. Удзелу Гучы супярэчыць таксама яго занятасць іншымі працамі ў перыяд будаўніцтва замка», — сказала Вольга Гайдук у размове з Hrodna.life. Даследчыца тлумачыць, што тэзіс пра ўдзел у будаўніцтве Гучы з’явіўся 50 гадоў таму ў кнізе Анджэя Фішынгера пра Гучы. Вольга працуе над новай кнігай, у якой зняпраўджвае многія тэорыі гэтага аўтара, абапіраючыся на крыніцы і аналіз.
Для архітэктараў, якія ў нашыя дні займаюцца праектам рэканструкцыі Старога замка, і для дырэктара Гродзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Юрыя Кітуркі, на балансе якога знаходзіцца Стары замак, Санці Гучы з’яўляецца знакавай постацю. Менавіта Санці Гучы, як сцвярджаюць Бачкоў і Кітурка, спраектаваў і пабудаваў для караля Стэфана Баторыя рэзідэнцыю на месцы замка Вітаўта ў 1580−1586 гг.
Даследчыкі У.Бачкоў, Р.Баравы і А.Трусаў у артыкуле, які быў апублікаваны ў 1989 г., спаслаўшыся на працу Фішынгера, таксама прыпісалі Санці Гучы будаўніцтва каралеўскай рэзідэнцыі ў Гродне. У 1993 г. пабачыла свет калектыўная праца «Стары замак у Гродне XI-XVIII стст.: гісторыка-археалагічны нарыс» (аўтары А. Трусаў, В. Собаль, Н. Здановіч), дзе аўтары ўпэўнена сцвярджаюць, што «вынікі шматгадовых даследаванняў, аналіз пісьмовых крыніц, аналагаў і архітэктурна-археалагічнае вывучэнне Старога замка дазволілі выказаць абгрунтаваную гіпотэзу, што аўтар будаўніцтва — італьянскі дойлід Санці Гучы (ці Гуці) з Фларэнцыі». Пры гэтым аўтары спасылаюцца на вышэй згаданы артыкул 1989 г. пры поўнай адсутнасці якіх-небудзь крыніц! Такім чынам, далей няма аніякіх крыніц, якія б пацвярджалі ўдзел Санці Гучы ў праектаванні і будаўніцтве гродзенскага замка.
У якасці магчымага архітэктара каралеўскай рэзідэнцыі ў гістарычнай літаратуры доўгі час разглядаўся італьянец Скота з Пармы. Упершыню аб ім як аб архітэктары каралеўскага замка ў Гродне згадаў у кнізе аб мастацтве даўняй Польшчы гісторык мастацтва Ф.Сабешчаньскі. Кніга выйшла ў 1847 г. На жаль, даследчык у сваёй працы не прыводзіць ніякіх доказаў на карысць свайго сцверджання.
Пазней, у міжваенны час, гісторыкі даведаліся, што нейкі італьянец Скота ў 1583 г. быў пасланы ў Гродна. Яшчэ вядома, што летам 1586 г. нямецкі падарожнік Самуэль Кіхэль, які наведаў Гродна, апісаў у сваім дзённіку, што бачыў Стэфана Баторыя ў атачэнні «мастака» («der künstler») «Scotus Parmensis». Гісторык Мікалай Волкаў лічыць, што нібыта імя Scotus у дадзеным выпадку было выкарыстана ў якасці этноніма («шатландзец»), паколькі ўжыта з артыклем"der". Больш за тое, у дакументах к. 16 ст. «італьянец Скота» названы наўпрост каралеўскім астролагам («Scoto Italo artis magicae perito»). На гэты факт звяртае ўвагу Я.Вайцяхоўскі ў сваёй працы «Stary zamek w Grodne», якая выйшла ў 1938 г.
У гістарычнай літаратуры часта можна сустрэць інфармацыю, што Стары замак спраектаваў італьянец Антоні дэ Кгрып. Так гэта ці не — мы не можам сцвярджаць. На сённяшні дзень дакладна вядома толькі тое, што дэ Кгрып удзельнічаў у будаўніцтве гэтага аб’екта. У крыніцах ён узгадваецца як «муляр» і «будаўнічы замка гродзенскага» («aedificator arcis Grodnensis»).
Гісторык Мікалай Волкаў заўважае, што гэты італьянец з’яўляўся толькі тэхнічным выканаўцам. Ён стварыў і кіраваў будаўнічай арцеллю, а таксама забяспечваў будаўніцтва неабходнымі матэрыяламі. На апошняе ўказвае прывілей Стэфана Баторыя 1586 г.
На дадзены момант адзіным кандыдатам, які прэтэндуе на ролю архітэктара каралеўскага замка ў Гродне і чый удзел у будаўніцтве і праектаванні гэтага аб’екта задакументаваны з’яўляецца Юзаф Ройтэн (Райсцін). У 1589 г. у лаўнічых кнігах Львова ён узгадваецца як «Яго Каралеўскай Вялікасці будаўнічы і архітэктар замка гродзенскага» («Sacrae Regiae Maiestatis Murator et Architectus in Arce Grodnensis»). Вядома, што Ройтэн пэўны час жыў у Гродне і нават валодаў зямельным надзелам у Сухім сяле (цяпер гэта тэрыторыя раёна былой Гарадніцы).
Мы даведаліся таксама, што Ройтэн прымаў удзел у будаўніцтве гродзенскага парафіяльнага касцёла, які Стэфан Баторый першапачаткова планаваў перадаць езуітам. У актах літоўскай метрыкі за 1592 г. ён так і згадваецца: «будаўнічы касцёла гродзенскага». На жаль, мы больш не маем ніякай інфармацыі аб гэтым чалавеку. Польская даследчыца сакральнай архітэктуры Марыя Каламайска-Саед лічыць, што Ройтэн можа быць выхадцам з Аўстрыі, паколькі ў ваколіцах горада Лінц існуе мясцовасць Roiten.
Вельмі падобнага выгляду палац мы знайшлі ў Штутгарце. Neues Lusthaus будаваўся амаль у адзін час з гродзенскім замкам, з 1584 па 1593 гг., для герцага Людвіга і з’яўляўся выдатным помнікам нямецкага маньерызму.
Контур фасаду ратушы ў Мальсайме амаль адзін ў адзін паўтарае гродзенскі аналаг. Ратуша была пабудавана ў 1583 г.
Падобных прыкладаў, стылістычна блізкіх да палаца на Сарым замку ў Гродне, вельмі шмат. Але галоўнае тут тое, што маньерыстычныя будынкі падобнай стылістыкі сустракаюцца толькі на тэрыторыі кампактнага пражывання нямецкага насельніцтва. Гэта значыць, што палац Старога замка з’яўляецца прыкладам архітэктуры нямецкага маньерызму.
Паводле шэрагу мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў архітэктуры, у аснове гродзенскага Старога замка быў пакладзены двухтрактавы палац, што можа сведчыць аб тым, што яго праектаваннем займаліся італьянцы. Паводле даследчыка гродзенскага замка Ю.Вайцяхоўскага, замкавы комплекс у Гродне магло праектаваць некалькі архітэктараў. І гэтая думка, як мы мяркуем, цалкам слушная, асабліва, калі ўлічыць той факт, што ў канцэпцыі архітэктуры замка прасочваецца ўплыў нямецкай і італьянскай архітэктурных школаў (Ройтэн і дэ Кгрып).
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…