Што вядома аб беларускім кінематографе радавому гледачу? Не здзіўлюся, калі нічога. Але ён ёсць, часам нават падае актыўныя прыкметы жыцця.
То «Беларусьфільм» выдасць чарговую порцыю «кінавайны», якую паглядзіць сагнаны ў залы натоўп школьнікаў, то пачуеш (але не ўбачыш) навіны, што ў Мінску малады незалежны рэжысёр выпускае сваё тварэнне, створанае за кошт краўдфандынгу.
Беларускае кіно існуе, але дзесьці далёка, там, дзе глядач яго і не спрабуе шукаць.
Прэтэндэнт на «Оскара»
І раптам, сярод гэта «ціхага балота» з’яўляецца навіна, што Беларусь адважваецца адправіць на «Оскар» свайго прадстаўніка! І пакуль зацікаўлены глядач прайшоў усе «пяць стадый прыняцця непазбежнага», гэты прадстаўнік з шумам уварваўся ў беларускі пракат.
Уся жартоўная гаворка ідзе пра фільм Дар'і Жук «Хрусталь».
[irp posts="80 423″ name="Без дэманстрацый і транспарантаў. У пракатнай версіі фільма Хрусталь" не пакажуць «палітыку""]
Глыток свежага паветра
Перад тым як прад’явіць свае прэтэнзіі на «Оскар», «Хрусталь» прайшоў праз кінаагляды Карлавых Вараў, Адэсы і Выбарга, дзе ўзяў некалькі сур’ёзных узнагарод і атрымаў вельмі пахвальныя водгукі з боку прафесіяналаў. Фільм назвалі ледзь не галоўным фільмам пра 90-я ўпершыню з часоў «Брата» Аляксея Балабанава. Не, сімвалам эпохі ў «Хрусталя» стаць не атрымаецца, але сярод напаўмёртвага беларускага кіно гэтая стужка падасца «глытком свежага паветра».
Там, дзе час спыніўся
Дар’я Жук даўно жыве ў ЗША. Няма нічога дзіўнага, што яна вырашыла зрабіць свой дэбютны фільм пра дзяўчыну, якая спрабуе любымі метадамі атрымаць візу і з’ехаць за «амерыканскай марай». Яе праца шмат у чым аўтабіяграфічная.
Без раскрыцця сюжэту (бо гэты фільм варта паглядзець кожнаму жыхару «сінявокай» старэйшаму за 20 гадоў) усё дзеянне адбываецца ў дзвюх раўназначных лакацыях беларускай рэчаіснасці 90-х: у сталіцы і ўмоўнай «глыбінцы». Калі ў Мінску капіталізм вяла, але спрабуе змагацца з элементамі камунізму за сферы ўплыву, то за МКАДам час спыніўся.
Паміж двума шэрымі і ўбогімі светамі спрабуе ярка жыць неардынарная асоба ў пярэстых строях. Яна думае пра свабоду, пра рэалізацыю сваёй мары, пра краіну, дзе гэта магчыма. Фільм пра 90-я, але і цяпер жаданне з’ехаць з Беларусі сярод моладзі нікуды не знікла, а, магчыма, толькі ўзмацнілася.
Патрыятызм, які яшчэ не развіўся
Жаданне гераіні эміграваць прыводзіць да той часткі насельніцтва, якая ніколі не з’едзе і гэтага не разумее. Такіх людзей у «Хрусталі» патрыётамі не назавеш, бо краіны, у якой яны нарадзіліся, няма, а Новаствораная яшчэ ўдосталь не накарміла, каб палюбіць.
Большым патрыётам сябе лічыць менавіта мама гераіні, але яе абавязвае прафесія экскурсавода ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. А ў глыбінцы людзі жывуць-выжываюць, часам і пераступаючы мяжу закону.
Можа стварыцца ўражанне, што Дар’я Жук з сумам распавядае ў фільме пра тыя «хвацкія» часы. Але, калі бачыш паводзіны герояў, чуеш нашу знакамітую «трасянку», то на твары з’яўляецца добрая ўсмешка, бо пазнаеш знаёмую атмасферу побыту.
Якасная чарнуха
Галоўная і адзіная мая прэтэнзія да фільма — тое, што рэжысёр у канцы руйнуе ўсю местачковую ідылію вострай праявай гвалту і эгаізму правінцыйных герояў. Гераіню «ўтопяць» у акце душэўнага вандалізму.
Галоўнае пытанне: навошта? Навошта ставіць такі суровы прысуд грамадству тых гадоў? Яны самі вінаватыя ў такім маральным заняпадзе? Фільм амаль да кульмінацыі падобны быў да расійскага «Горько», а ў канцы сыходзіць у якасную чарнуху Балабанава і Звягінцава.
Дзе шукаць адказы
У гісторыі «Хрусталя» хутчэй адкрыты фінал. Самае важнае, што гераіня паспрабавала дасягнуць сваёй мары, не страціўшы станоўчых якасцяў свайго характару. Яшчэ больш умацавала веру ў сябе.