Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр’ераў мяснога рэстарана “Момо”, які адкрыецца ў Гродне ў лістападзе. Hrodna.life спытаў у дызайнера інтэр’ераў Маі Шатохінай, ці сапраўды ў кафэ і рэстаранаў Гродна ёсць праблемы з дызайнам? 

Дызайн “Момо” выключна тыповы, але прыбіральні парадавалі

Азнаёміўшыся з рэндарамі дызайну рэстарана “Момо”, Мая адзначыла, што “цалкам згодна з меркаваннем гродзенцаў”. На яе думку, дызайн атрымаўся абсалютна тыповым.

– Спалучэнне колераў і тэкстур – бабчына. Ёсць спробы разнастаіць гэта сучаснымі канапамі і жырандолямі, але гэта не дапамагае. Адзінае, што зараз у трэндзе – гэта прыбіральня, але там занадта шмат цыганшчыны. На ўваходзе яшчэ трэба гіпсавых ільвоў паставіць і будзе комба, – лічыць Мая.

Цэгла – сімвал гродзенскіх устаноў, але важна не перабраць меру

Мая параўнала дызайны некаторых устаноў у Гродне і прыйшла да высновы, што яны дастаткова разнастайныя. Праўда, сустракаюцца і такія кафэ, стыль якіх “можна сустрэць у любым горадзе, дзе ёсць цагляныя будынкі”.

– З аднаго боку цэгла камплементарная вайбу самога горада – такі гродзенскі лофт. З іншага боку, ён адразу адпраўляе такія ўстановы ў спіс «не памятаю, дзе гэта было», таму што ўсё аднолькавае і няма генеральнай ідэі, – адзначае Мая.

У такіх выпадках дызайнерка раіць спачатку сфармуляваць ідэю і агульную канцэпцыю ўстановы. А ўжо потым, абапіраючыся на гэта, збіраць дызайнерскія рашэнні і распрацоўваць інтэр’ер.

Кавярні: трэндавыя адценні, але мала натуральных матэрыялаў

У якасці прыкладаў удалых інтэр’ераў дызайнерка прыводзіць кавярні “Тэмпл” і “Амерыкана”.

– У “Тэмпл” спалучэнне старой цэглы з панэлямі і незвычайным асвятленнем – гэта класна. Жоўты колер як асноўны акцэнт дае сонечны настрой. Гэта сучасна, таму што пакуль яшчэ моцны трэнд на 50-60-я гады ХХ стагоддзя, ды і поп-арт пакуль не сышоў. Але, як і ўсе трэнды – гэтая гісторыя кароткая. У “Амерыкана” таксама вытрымана стылістыка гродзенскага лофта. Але гэтага ўжо зашмат! Напэўна, гэта ўтульна і вельмі інстаграмна, але прыелася.

Сярод інтэр’ераў кавярняў, якія Мая раскрытыкавала – “Смак мастацтва” і “Прахадная”.

– У «Смаку мастацтва» гэтая канапа з вуснамі – акцэнт з 2010, гэта проста не сучасна. У «Прахадной» стылёва, але так сумна – воку няма за што зачапіцца. Вельмі трэндавыя адценні, але для спальні – не для кафэ, – адзначыла дызайнерка.

Мая дадае, што цяпер адзін з галоўных еўрапейскіх трэндаў – натуральнасць. Гэтага ў гродзенскіх кавярнях няшмат.

– Акрамя цэглы нічога натуральнага. Мала дрэва, каменя ў іх натуральным выглядзе. У Еўропе гэта не тое, што трэнд – гэта відавочнасць, – адзначае яна.

У якасці прыкладаў удалай працы з натуральнымі матэрыяламі, Мая прыводзіць варшаўскую кавярню “Po Drodze” і мінскую ўстанову “МонеМане”.

– Для мяне гэта прыклад неверагоднай працы. І густ, і ідэя, і рэалізацыя – усё добра, – адзначае дызайнерка.

Рэстараны: сучасна і ўтульна, але назва не адпавядае рэчаіснасці

А вось гродзенскія рэстараны Мая ацаніла высока. Асабліва ёй спадабаліся «Барашка» і «Бакст».

— У «Барашцы» вельмі добры клубны вайб. Сучасна, складана, маладзёжна, але людзям немаладым таксама павінна зайсці. Гэта сапраўды дастаткова ўнікальны інтэр’ер, думаю, ён яшчэ доўгі час не страціць сваю актуальнасць. У “Баксце” вельмі ўтульна, кожная дэталь на сваім месцы. Не скажу, што гэта сучасна, але адпавядае назве на 100 працэнтаў. Праўда, ёсць некалькі куткоў, дзе я б не хацела апынуцца – нагадвае нешта з 90-х, – лічыць дызайнерка.

Да «Раскошы» ў Маі ўзніклі пытанні. На яе думку, уладальнікі павінны выбіраць назву, якая будзе адпавядаць стылістыцы ўстановы.

– Рэстаран вельмі ўтульны. Але калі я іду ў “Раскошу”, я чакаю зусім не гэтага. Ну не магу я сабе ўявіць спалучэнне Хогвартса з раскошай. Мне падаецца, што людзям, якія прыходзяць туды ўпершыню, знаёма пачуццё расчаравання.

Дызайнерка адзначае, што слова “раскоша” ў назве можна было б абыграць залацістым колерам, мармуровымі сталамі і вялікай колькасцю цёплага святла. А арыентавацца Мая раіць на варшаўскую ўстанову The Roof.

– Гэта прыклад сучаснай раскошы. Вельмі стыльна, лёгка і адначасова адчуваеш сябе ў лакшары рэстаране, – адзначае яна.

Даведка Hrodna.life

Кавярня “Раскоша” адкрылася ў Гродне ў 2011 годзе. Яна атрымала сваю назву ў гонар карчмы “Раскоша”, якая існавала ў Гродне ў канцы XVIII стагоддзя.

З разнастайнасцю ў Гродне ўсё добра

Уладальнікам гродзенскіх устаноў Мая раіць развіваць нагледжанасць. І калі магчымасці паехаць на міжнародную дызайнерскую выставу няма – можна проста сачыць за трэндамі і аглядамі.

– Адназначна, у гродзенскіх установах ёсць імкненне да разнастайнасці, гэта бачна. Магчыма, грошы не заўсёды дазваляюць рэалізаваць задумку. Акрамя таго, як дызайнер я магу сказаць, што вельмі часта задумка можа разыходзіцца з вынікам, – рэзюмуе Мая.