Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода. У Людмілы разарвалася кавернома (дабраякасная пухліна) і адбылося кровазліццё ў ствол галаўнога мозгу. Як пасля гэтай падзеі змянілася яе жыццё, жанчына расказала ў сваім Facebook.
“Я перанесла тры кровазліцці ў ствол галаўнога мозгу”
Людміла нарадзілася і вырасла ў Гродне. Амаль 20 гадоў яна працавала бухгалтарам на прадпрыемстве «Белзабпадшыпнік», жыла з мужам і гадавала дачку.
У ліпені 2019 года Людміла збіралася на працу. Ужо там гродзенка адчула сябе дрэнна – у яе павысіўся ціск, з’явіліся слабасць і недамаганне.
– Ужо сасуды лопнулі, з працы забрала хуткая дапамога. У выніку за два тыдні я перанесла тры кровазліцці ў ствол галаўнога мозгу, – распавядае Людміла.
Лячылі беларуску ў Мінску – там ёй зрабілі аперацыю на ствале галаўнога мозгу, у тым ліку перасадзіўшы ствалавыя клеткі.
– Перад аперацыяй лекары РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі мне сказалі: «Можаце лічыць сябе ўнікальным чалавекам, калі гэта вас суцешыць. Такіх людзей – 5-7 чалавек у год па рэспубліцы», – успамінае Людміла.
У сталічнай бальніцы жанчына правяла амаль тры месяцы. Тады стаяла спякота і Людміле даводзілася ляжаць на кляёнцы ў кампрэсійных панчохах – у выніку на спіне з’явіліся пролежні.
“Думала, лепш памерці маладой і прыгожай”
Рэабілітацыю жанчына праходзіла ў Гродзенскай клініцы – там яна правяла месяц.
– На першай рэабілітацыі мяне называлі ў палаце плаксай. Гэта зараз сяброўкі кажуць, што я непапраўны аптыміст. Але тады вельмі не хацелася жыць у статусе інваліда, тым больш са мной у палаце была дзяўчынка-інвалід. Думала, лепш памерці маладой і прыгожай, – адзначае жанчына.
Дадому Людміла вярнулася толькі ў лістападзе 2019 года. Аправіўшыся ад аперацыі, жанчына кардынальна змяніла сваё жыццё. Развялася з мужам, перабралася ў кватэру пабольш і занялася сваім здароўем.
– За апошнія пяць гадоў я навучылася зноўку хадзіць, гаварыць, усміхацца і жыць у моманце. Прыняла сябе іншую – спачатку было вельмі сумна, абстрыглі нагала мае доўгія валасы, былі прышчы, сам твар перакасіла. А яшчэ пазбавілася ад 120 кілаграмаў: развялася – мінус 100 кілаграм і схуднела – мінус 20 кілаграм, – жартуе Людміла.


“Часта бываю на выставах – наведала іх вялікае мноства”
Наступствы кровазліцця жанчына адчувае да гэтага часу. Напрыклад, у яе парэз (зніжэнне сілы цягліц) левай рукі і нагі.
— А таксама рука і нага сталі карацейшыя на два сантыметры і схуднелі, ступня завальваецца вонкі – адсюль хістаюся. Як я жартую, вечна малады, вечна п’яны. Кісць левай рукі не працуе – не магу расціснуць далонь. Правае вуха не чуе, смакавыя рэцэптары закрануты і шмат іншых дробных недахопаў, з якімі можна жыць.
Пры гэтым Людміла клапоціцца пра сабе самастойна. Нават пярэ ўручную – кажа, любіць гэтую справу. А яшчэ жанчына ходзіць у спартзалу, плавае і з’яўляецца ўдзельніцай гродзенскага фотаклуба.
— Я часта бываю на выставах і розных культурных мерапрыемствах, наведала іх вялікае мноства, у апошні час дадаліся мерапрыемствы ў бібліятэках і спартовыя. А наогул, мяне не перамагчы, я не спаборнічаю, – заключае Людміла.
Правілы жыцця Людмілы Юрахно
У пасце Людмілы – шмат выказванняў, якія матывуюць. Рэдакцыя Hrodna.life выбрала некалькі з іх у якасці ўмоўных “правілаў жыцця” гераіні. Мы не можам гарантаваць, што ўсе цытаты гераіні – 100% аўтарскія. Магчыма, некаторыя з іх Людміла знайшла ў інтэрнэце і адаптавала пад сябе.
- “Вяду ЗЛЖ [здаровы лад жыцця], не куру, не п’ю кавы, не гляджу тэлевізар, не мацюкаюся, не карыстаюся мікрахвалевай печчу, не маю ніякіх залежнасцяў. Жадаю быць невыгоднай дзяржаве, як той веласіпедыст”.
- “Вельмі шаную абавязковых, прыстойных і пунктуальных людзей! У мяне адна ўважлівая прычына, калі не змог зрабіць, прыйсці, патэлефанаваць – памёр!”
- “Люблю ўсё натуральнае. Я вельмі сапраўдная. Вырашыла не фарбаваць валасы (сівізна бачная – хай!). Нарошчаныя валасы, пазногці, вейкі, а таксама сілікон – не прымаю. У мяне дэвіз: “Быць, а не здавацца”.
- “Я не купляю салодкае (я не кажу, што не ем), але раз у год, на дзень нараджэння купляю торт “Казка” і магу з’есці за раз”.
- “Я б сказала, што я – чалавек з неабмежаванымі магчымасцямі, а ўсё пачынаецца ў галаве”.



