Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё з распоркі джынсаў, знойдзеных у гродзенскіх сэкандах, і аўтарскага гальштука-бабачкі, пашытай для сына на ранішнік. Пра гісторыю брэнда адзення Krikate і шлях да тыдня моды Кацярына расказала Onliner.by.
Употай ад бацькоў падала дакументы ў каледж легпрама
У школьныя гады Кацярына і не думала, што стане дызайнеркай. Больш за тое, у восьмым класе гродзенка паклялася, што ніколі не звяжа сваё жыццё са швейным светам.
— На занятках па працы ў школе я пашыла самую жахлівую спадніцу з усяго класа. За гэты выраб мне паставілі тройку. Я ляўша, таму швейная машынка ўвесь час ехала назад — справіцца з ёй тады было цяжка. І я паабяцала больш не браць у рукі іголку з ніткай, — расказвае яна.
На працягу ўсяго дзявятага класа Кацярына рыхтавалася да паступлення ў медкаледж. Рэзка змяніць выбар яе натхніла выкладчыца біялогіі, якая заўважыла ў канцы сшытка малюнкі строяў і з упэўненасцю сказала: «Якая ж ты медсястра? Ты мадэльер».
Употай ад маці Кацярына падала дакументы ў каледж лёгкай прамысловасці — і паступіла. А ўжо ў кастрычніку таго ж года прайшла адбор на ўдзел у фестывалі-конкурсе «Млын моды». Так у 16 гадоў дзяўчына рэзка акунулася ў сваю будучую прафесію.
— Трэба было вельмі хутка навучыцца і мадэляваць, і канструяваць адзенне. На кожным этапе я думала, што мне проста пашанцавала, што гэта выпадковасць. «Млын моды» быў вельмі значнай падзеяй. Памятаю, прыязджалі замежныя дызайнеры, якія выкарыстоўвалі крышталі Swarovski і натуральныя футры. І тут я — няўпэўненае дзіця, вучуся ўсяго два месяцы, — адзначае гродзенка.

Тым не менш Кацярына стала лаўрэатам конкурсу і выйграла стажыроўку ў Берліне. Праўда, патрапіць на яе так і не змагла — бацькі не захацелі адпускаць непаўналетнюю дзяўчыну ў іншую краіну.
Ездзіла па ўсіх сэкандах Гродна, каб адшукаць джынсы для калекцыі
Адзначаная экспертамі калекцыя называлася «99 цэнтаў». Кацярына ездзіла па ўсіх існуючых сэканд-хэндах Гродна, скупляла велізарную колькасць джынсаў — распарвала іх і з маленькіх кавалачкаў тканіны ў тэхніцы пэчворк збірала новыя вырабы. Атрымлівалася ўсё што заўгодна — ад топаў да торбаў.
Яшчэ адзін напрамак — кветкі ў тэхніцы булення. Спачатку бавоўну замочваюць у крухмале, потым з тканіны выразаюць кветкі, а патрэбную аб’ёмную форму ім надаюць паяльнікам.
Кацярына згадвае, як сохлымі тканінамі была завешана абсалютна ўся кватэра. Дызайнерка прызнаецца: калекцыя была вельмі складанай — цяпер за такую колькасць ручной працы яна б ужо не ўзялася. Затое адзенне вельмі спадабалася патэнцыйным кліенткам: палову раскупілі дзяўчаты-мадэлі адразу ж пасля паказу.
— Я зараз гляджу на эскізы і думаю: божа мой! Але на той момант гэта выглядала прыгожа, — прызнаецца дызайнерка.
«Тры гады была дызайнеркай толькі гальштукаў і бабачак»
Пасля заканчэння каледжа Кацярына вырашыла набрацца вопыту на буйной швейнай фабрыцы, якая супрацоўнічала з многімі вядомымі брэндамі. Там дызайнерка затрымалася на восем гадоў. Паралельна вучылася ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце і гадавала маленькага сына.
— На творчасць заставалася час толькі па начах. Памятаю, як шыла сяброўкам уборы па «спецзамове»: днём прыдумаеш строй, а ўвечар у ім ужо хто-небудзь з’явіцца на дыскатэцы.
Пераломным момантам у кар’еры Кацярыны стаў дзень, калі яна пашыла аўтарскі гальштук-бабачку на ранішнік сыну і выклала фота ў сацсетцы.
— Хтосьці напісаў мне: «А можна майму сыну такую ж?» І ўжо праз месяц я запусціла першую міні-калекцыю. Тады мне вельмі дапамог знаёмы фатограф. Ён спытаў: «Колькі будзе каштаваць твая бабачка?» Я падумала, што калі яе сабекошт, умоўна кажучы, 5 рублёў, то, мусіць, буду прадаваць за 7. І ён спыніў мяне са словамі: «Яна павінна каштаваць не менш за $ 20, ты сябе зусім не шануеш!»
Мы з ім зрабілі шыкоўныя здымкі - і бабачкі «паляцелі». Я тры гады была дызайнеркай толькі гальштукаў і бабачак. Працавала не падымаючы галавы. Але хоць эксперыментаў было шмат, скіраванасць вельмі вузкая — праз нейкі час захацелася развіцця. Ды і трэнд на незвычайныя бабачкі пачаў сыходзіць.

«Пашыла касцюм гродзенскаму блогеру — і пайшла хваля кліентаў»
Кацярына ўзяла назапашаныя $ 500 і зняла першае памяшканне пад атэлье. Рамонт рабіла сваімі рукамі. Перавезла туды адну машынку, бацькі дапамаглі сабраць раскройны стол.
— Мне было вельмі складана, нават сорамна называць цэны за свае паслугі. Памятаю, казала: «Кошт я вам потым скіну, яшчэ і зніжку зраблю». Першай замовай быў family look — вельмі яркія сукенкі для мамы і маленькай дачкі. Узяла за яго «тры рублі», хоць і вельмі доўга з ім мучылася. Але суму больш проста не магла назваць.
У той момант заснавальніца атэлье была і дызайнеркай, і швачкай, і прадаўцом, і мадэллю, і прыбіральшчыцай у адной асобе. Індывідуальным пашывам Кацярына займалася паўтара года, а потым пачала шыць вырабы на наяўнасць.
Справа развівалася даволі хутка: на працягу года ў штаце з’явіліся першая наёмная швачка і першая раскройшчыца.
— Тады брэнды ўжо актыўна выкарыстоўвалі Instagram, і я адшыла касцюм гродзенскаму блогеру — нават не ў якасці падарунка, яна сама яго замовіла. І потым расказала аб ім сваёй аўдыторыі, таму што была задаволеная якасцю і пасадкай. І ад яе пайшла хваля кліентаў.
Чытайце таксама: Моднікі Гродна пасварыліся з-за сукенкі ў пёркі. Юрыст патлумачыў, ці ёсць тут плагіят
«Наш слоган: „Пястуй сябе, дзяўчынка“»
Адной з самых знакавых рэчаў у гісторыі Krikate Каця называе худзі з кутасікамі. Спартыўныя касцюмы ў той перыяд рабілі ўсе, але брэнд вырашыў вылучыцца дэталямі - аксамітнымі шнурамі з кутасікамі з нітак і камянёў. Іх заснавальніца брэнда па начах рабіла ўручную. Цяпер самая вядомая мадэль — гэта пінжакі і футболкі з махрамі Black and White Swan і майкі з дзёрзкімі надпісамі.
— У нашым брэндзе продажы ідуць праз прыяцельскае стаўленне. Таму многія кліенткі ўспрымаюць мяне такой блізкай і сваёй.
Па словах дызайнеркі, Krikate — гэта поўнае адлюстраванне яе ўласнага адчування свету і настрою як self-made woman [жанчына, якая зрабіла сябе сама — пер. Hrodna.life].
— Мне лёгка «зачапіць» трыгерныя кропкі аўдыторыі, таму што ў мяне яны такія ж. Нам усім хочацца прыйсці дадому і расслабіцца, хочацца свята, хочацца, каб клапаціліся. А калі пакуль гэта рабіць няма каму, жанчыны клапоцяцца аб сабе самастойна. І слоганы ў нас такія важныя для жанчын: напрыклад, «Пястуй сябе, дзяўчынка», «Ты — цэлы сусвет».


«Хацела б адкрыць маленькую краму ў Лідзе»
Кацярына адзначае, што за апошнія шэсць гадоў рынак дызайнерскага адзення змяніўся: адбыўся скачок, з’явіліся кам’юніці і прасторы, дзе дызайнеры могуць запускаць свае брэнды. Пры гэтым, лічыць гродзенка, рынак пакуль не перанасычаны.
— Колькі рэгіёнаў мараць аб з’яўленні такіх жа прастор! Я вось вельмі хацела б адкрыць хаця б маленькую краму ў Лідзе і ў маім любімым Віцебску, дзе я вучылася. Мы, дарэчы, цяпер праводзім даследаванне фокус-групы: там жанчыны падыходзяць да шопінгу крыху больш свядома. А вось у Мінску, Гродне, Брэсце жывуць тыя яшчэ «шалёныя імператрыцы» — нашы дзяўчынкі. Дрэнны настрой — пайшлі на шопінг яго паляпшаць, добры — пайшлі яго працягваць, — смяецца Каця.
У камандзе — 58 «лейдыс» і кіроўца на ружовым бусе
Праз два гады працы Кацярына зразумела: час маштабавацца — і перааформіла сваё ІП у ТАА. За месяц каманда з чатырох чалавек вырасла ў дзевяць разоў. Гэты перыяд дызайнер называе самым складаным у жыцці: тады яна арандавала адразу чатыры памяшканні - у кожным рабілі рамонт «пад сябе», Каця закупляла абсталяванне, наладжвала працоўныя працэсы.
Цяпер у кампаніі працуе каля 60 чалавек: 58 «лэйдыс», як кажа сама Каця, і адзін кіроўца-мужчына на ружовым бусе. Вытворчасць працягвае базіравацца ў Гродне — так будзе і далей. Хаця сама Кацярына і задумваецца пра пераезд у Мінск.
За ўдзел у тыдні моды заплаціла € 5,5 тыс.
У жніўні 2024 года з Кацярынай звязаліся прадстаўнікі Беларускай палаты моды і прапанавалі арганізаваць паказ у Парыжы. Гродзенцы трэба было сабраць 17 паўнавартасных вобразаў, а сам удзел без уліку іншых расходаў абышоўся ў € 5,5 тыс.
— Але гэта было маёй галоўнай марай! Прычым загадала я гэта, калі першы раз пабывала ў Парыжы, яшчэ нават да заснавання брэнда. Выдатна памятаю гэты момант.
Калекцыя атрымала назву Zefuros — у гонар старажытнагрэцкага бога заходняга ветру. Яна ўся выканана ў светлых адценнях. Рэчаў выйшла так шмат, што назад у Беларусь валізкі дабіраліся больш за месяц. Кацярына плануе частку выставіць у новым шоуруме, а частку прадаць, каб даказаць: Krikate — гэта не толькі пра футболкі, пінжакі і спартыўныя касцюмы.
Самы дарагі выраб у шоуруме — леапардавае футра за 720 руб.
Футболкі ў шоуруме гродзенкі каштуюць ад 110 да 200 рублёў, бомберы — ад 550 да 600 рублёў. Самым дарагім вырабам было леапардавае футра са штучнага меху за 720 рублёў. Кацярына адзначае, што гатова растлумачыць цану кожнай рэчы.


Пры гэтым мадэлі дызайнерка да гэтага часу распрацоўвае самастойна, а вось іх дапрацоўкай ужо займаюцца канструктары. Дэлегаваць гэтую частку працы Кацярына пакуль не гатова. А вось мужчынскую калекцыю гатова паспрабаваць даверыць іншым — уласнаму сыну і яго сябру, пры тым, што хлопцам усяго па 16. Сын Кацярыны пайшоў па маміных слядах і таксама вучыцца на краўца.
Кацярына адзначае, што нягледзячы на вонкава паспяховы бізнес, за ім стаіць мноства намаганняў і пастаянныя фінансавыя ўліванні.
— Напрыклад, адкрыццё крамы — гэта прыцягненне інвестыцый і вялікія крэдытныя грошы. Машына ў лізінгу, абсталяванне таксама. Калі нешта здарыцца, аддасі ўсё, каб выратаваць кампанію. Каб так жыць, гэта трэба вельмі моцна любіць сваю справу і верыць у яе.