У Telegram з’явіўся чат-бот, які падбірае практыкаванні ЛФК і вучыць карыстальнікаў правільна іх выконваць. “Фізіабот” распрацавалі гродзенцы Дзяніс і Дар’я Цішыны. Усяго за тыдзень на бота падпісаліся больш за 2000 чалаек. Аб распрацоўцы гродзенцаў распавёў Dev.by.

“У Беларусі знайсці рэабілітолагаў – цэлы квэст”

Прадпрымальнік і бізнес-аналітык Дзяніс Цішын і яго жонка Дар’я – урач-неўролаг і рэабілітолаг – не першы год займаюцца праектамі дапамогі людзям, якія маюць патрэбу ў рэабілітацыі пасля інсульту, траўм і аперацый.

У 2017 і 2019 годзе праекты Дзяніса і Дар’і прызнаваліся лепшымі ў намінацыі “Здароўе і адукацыя” на конкурсе Social Weekend. Адным з гэтых праектаў была платформа “feezio – практыкаванні па рэцэпце”.

Гродзенцы запусцілі бот у Telegram, які дапамагае рэабілітолагам і пацыентам. У аснове - гады працы і $70 тыс. 
Гродзенцы Дзяніс і Дар’я Цішыны. Фота: Dev.by

Шмат гадоў feezio быў даступны выключна для прафесіяналаў – лекараў і інструктараў па рэабілітацыі. З дапамогай платформы тыя складалі праграмы практыкаванняў для сваіх пацыентаў. Але сам пацыент не мог самастойна абраць практыкаванні ў дадатку – толькі па прамой спасылцы ад спецыяліста.

– Але попыт на рэабілітацыю значна вышэй, чым прапанова. У Беларусі знайсці інструктара або рэабілітолага – цэлы квэст, – адзначае Дар’я.

Таму людзі вымушаныя шукаць практыкаванні самі – у інтэрнэце, забіваючы ў пошук “праграмы пры болі ў спіне” або “курс практыкаванняў пасля інсульту”, напрыклад. У выніку яны знаходзяць курсы ад аматараў, «якія мы, спецыялісты-рэабілітолагі, часта паміж сабой вельмі лаем», дадае дзяўчына.

У першы тыдзень на бота падпісаліся больш за 2000 карыстальнікаў

У пэўны момант Дзяніс і Дар’я вырашылі: трэба адкрыць доступ да сваіх праграм. Як раз у гэты час у Расіі пачалі блакаваць YouTube – і сям’я вырашыла, што гэта знак: бот з практыкаваннямі ЛФК патрэбен рускамоўнай аўдыторыі, як ніколі.

– Усё самае складанае да таго часу ўжо было зроблена: кантэнт – а гэта тысячы відэа з практыкаваннямі – мы знялі некалькімі гадамі раней для feezio. Тады ж склалі не адзін дзясятак праграм – як шаблоны для спецыялістаў. Заставалася толькі зрабіць уласна бот і “заліць” туды відэа.

У выніку ад ідэі да гатовага прадукта прайшло ўсяго два месяцы. “Фізіябот” зарэлізавалі пару тыдняў таму, і ў першы ж тыдзень на яго падпісалася больш за 2000 чалавек, не менш за 10% карыстальнікаў – гэта ўрачы.

У першай версіі бота быў толькі спіс практыкаванняў. Пазней дадалі «сімптаматар» у выглядзе чалавека – націскаеш на любую зону на яго целе і бачыш пералік праграм.

Да бота прыкручаны «Фізіячат»: калі карыстач не можа зарыентавацца ў спісе, ён можа напісаць туды. На пытанні ў чаце адказвае сама Дар’я, а таксама яе калегі – фізічныя тэрапеўты і рэабілітолагі.

Гродзенцы запусцілі бот у Telegram, які дапамагае рэабілітолагам і пацыентам. У аснове - гады працы і $70 тыс. 
Чат-бот “Фізіябот”. Скрыншоты Dev.by

Але распрацоўшчыкі хочуць з часам ад гэтага сысці, дадаўшы ў боце магчымасць шукаць і знаходзіць лекараў або інструктараў па рэабілітацыі – каб карыстальнікі звярталіся непасрэдна да іх.

Цяпер у боце больш за 80 праграм, але неўзабаве плануюць дадаць яшчэ каля 15-20 праграм – па запытах, якія прыйшлі ў «Фізіячат».

— Мы з Дзянісам на днях абмяркоўвалі: урачу патрэбная хуткая магчымасць знайсці канкрэтную праграму практыкаванняў, каб гэтак жа хутка рэкамендаваць яе свайму пацыенту. Таму мы вырашылі зрабіць каталог праграм з нумарамі – дадзім на гэтым тыдні, – кажа Дар’я.

У распрацоўку ўклалі каля $70 тысяч

Таксама сям’я плануе працаваць над інтэрфейсам, каб “Фізіябот” стаў інтуітыўна зразумелым. Але ўжо цяпер галоўны фідбэк ад калег – словы падзякі: альтэрнатывы боту ў выглядзе платформы, на якой былі б сабраны ўсе практыкаванні для рэабілітацыі пры розных захворваннях, у рускамоўным асяроддзі наўпрост няма.

На пытанне аб тым, колькі ўкладзена ў распрацоўку, Дзяніс і Дар’я адказваюць, што перасталі лічыць грошы яшчэ пару гадоў таму – калі рабілі feezio. На той момант сума інвестыцый складала каля $70 тысяч.

– Мы аплачвалі і здымку ў студыі, і агучку, і мантаж, і працу праграмістаў, – кажа Дар’я.

Дзяніс дадае, што ў праект было таксама ўкладзена нямала іх уласнай працы:

– Напрыклад, усе сцэнары відэа і апісанне Дар’я распрацоўвала сама, – а гэта задача нават складаней, чым распрацоўка софту. Трэба было апісаць усё да дробязяў: як выконваць практыкаванні, паказаць ракурс – дзе паставіць камеру. Таму што, калі здымаць без сцэнара, прадуктыўнасць – 1 практыкаванне ў гадзіну, а ў нас іх – каля 1100. Мы нават рабілі пакадравыя замалёўкі – як у вялікім кіно, – адзначае мужчына.