Тыдзень з 3 па 9 чэрвеня 1924 года выдаўся ў Гродне цікавым. Гістарычны канал Hrodna 11:27 выбраў самае цікавае з тагачаснай мясцовай прэсы. Што цікава, у той тыдзень было параўнальна мала злачынстваў. Гродзенцы абмяркоўвалі будучыню цэнтральнай гарадской плошчы (тады плошчы Баторыя), сустракалі важных гасцей ды хваляваліся з нагоды актыўнасці ваўкоў у суседніх вёсках.
Перадрукоўваем нататкі з газеты «Echa Grodzieńskie» ў перакладзе на беларускую мову. Як заўсёды, даем таксама кароткія каментарыі, дзе яны могуць быць патрэбныя для разумення.
3 чэрвеня ў будынку Саюза стральцоў прайшла лекцыя сакратара Цэнтральнай лігі супрацьпаветранай абароны, падпалкоўніка Януарыя Гжэгажэўскага, прысвечаная выкарыстанню газаў у вайне. Спачатку дакладчык расказаў пра з’яўленне газаў на сцэне сусветнай вайны, адзначыўшы, што калі смяротнасць ад агнястрэльнай зброі складала 24%, то ад газаў - толькі 2%. Першае з’яўленне газаў у красавіку 1915 года на Заходнім фронце каштавала французскай арміі цэлай дывізіі, атручанай газамі. Гжэгажэўскі адзначыў магчымасць надзвычай хуткага пачатку ваенных дзеянняў пасля абвяшчэння вайны з выкарыстаннем самалётаў з газам. Скончыў ён свой выступ наступнымі словамі: «Толькі тады мы зможам смела спяваць „Не аддамо зямлі, адкуль наш род“ [„Nie damy ziemi, skąd nasz ród“ — фрагмент польскага гімна — каментар Hrodna 11:27], калі як след апануем паветраную сферу, г. зн. належным чынам асвоім газы і самалёты».
5 чэрвеня афіцэры з «Дома афіцэраў» прапанавалі распрацаваць праект агульнай вандроўкі на караблі па ваколіцах Гродна. Ідэя вынесена на суд грамадскай супольнасці.
Домам афіцэраў у той час, як мы ўжо пісалі, называлі вайсковы клуб, што займаў Стары замак. Вандроўкі на параходах, а пазней цеплаходах, сапраўды былі папулярныя сярод гродзенцаў міжваеннага перыяду. Пра гэта трошкі можна пачытаць на harodnia.com.
На апошнім пасяджэнні гарадской рады быў адхілены праект прыбраць з плошчы Стэфана Баторыя гандаль лесам. Гэты праект доўгі час абмяркоўваўся ў магістраце і быў адным з самых папулярных, атрымаўшы шчырыя апладысменты і падтрымку ўсяго разумнага грамадства. Таму няцяжка ўявіць, якое здзіўленне, што амаль мяжуе з жахам, выклікала вестка аб рашэнні гарадской рады. Чаму так адбылося, мы вырашылі разабрацца. Калі б ідэя перанесці харчовы рынак з цэнтра горада, напрыклад, з Сеннага рынку на ўскраіну, магла б даць шырокае поле для абмеркавання і, магчыма, была б адхілена без асаблівага супраціву, то з плошчай Баторыя — выпадак іншы.
Эстэтычныя меркаванні ў дадзеным выпадку таксама не будуць дадатковым фактарам, бо не цяжка ўявіць сабе плошчу з халупамі, якія складаюць сённяшнюю «сенненскую базарную плошчу» і акружаюць яе брудным, абшарпаным кальцом. І ў той жа момант акружаная газонамі, кветнікамі і фантанамі, упрыгожаная німфамі і амурамі плошча Баторыя — зусім іншае месца, якое заслугоўвае таго, каб быць увасабленнем прыгажосці Гродна, якое ў будучым можа ўзняцца на ўзровень з іншымі найвядомейшымі гарадамі краіны.
Плошча Баторыя з яе грамадзянамі, Фарным касцёлам, домам Баторыя і іншымі каштоўнымі помнікамі архітэктуры павінны стаць той глебай, на якой вырасце сапраўдны музей помнікаў гісторыі і архітэктуры.
Жыхары плошчы Баторыя, добра разумеючы гэтую мэту, усімі сіламі падтрымлівалі гэты прыгожы праект, напрыклад, спадар Марголіс рабіў далёка ідучыя прапановы наконт пэўных эстэтычных рэчаў за ўласны кошт. Ён прапаноўваў перанесці ў свой вялізны двор біржу працы. Выказваюцца на гэты конт і гаспадары крамаў, побач з якімі сёння пахне гноем, стаіць гарачыня, чутны сваркі і шматпавярховая ды шматмоўная лаянка — вось табе і кавалачак Еўропы.
Меркаванні пра выгоду таксама не могуць адыгрываць у дадзеным выпадку ніякай ролі, бо перанос месца гандлю таварам, набытым раз на месяц ці максімум на тыдзень, не можа з’яўляцца замахам на выгоду ўсяго нашага насельніцтва. Тым больш, што праект быў накіраваны не проста не перанос гандлю дрэвам з плошчы Баторыя, але і на яго дэцэнтралізацыю — стварэнні пляцовак на супрацьлеглых баках Гродна, што зрабіла б яго больш зручным для жыхароў.
Улічваючы вышэйсказанае, было б цікава высветліць сапраўдныя матывы гэтага рашэння, таму што неафіцыйныя меркаванні занадта неадназначныя, каб успрымаць іх сур’ёзна. Адзінае, што з іх вартае ўвагі, гэта меркаванне пра тое, што гаспадары крамаў з гарэлкай маглі б страціць сваіх найлепшых пакупнікоў.
Дыскусія пра тое, ці павінна цэнтральная плошча горада (тады — Баторыя, цяпер — Савецкая) быць выключна рэпрэзентацыйнай, параднай, усёй такой прыгожай, ці можа быць ёй трэба пакінуць пэўныя гандлёвыя функцыі, як бачым, актуальная была і ў XX, і ў XXI стагоддзі. За апошнія 5−10 гадоў у Гродне зноў часта гучалі галасы гараджан, якім не падабалася, што Савецкая ператвараецца ў вечны базар — то капусту там прадавалі, то школьныя прылады, то мёд ці яшчэ нешта. Зрэшты, некаторыя гісторыкі кажуць, што ёсць у гэтых базарах на Савецкай нейкі элемент традыцыі і захавання гістарычнай функцыі плошчы. Магчыма, так разважаў нехта і 100 гадоў таму?
6 чэрвеня ў «Доме афіцэраў» на Старым замку адкрыліся ванны для афіцэраў і іх сем’яў, а таксама сталых гасцей «Дому афіцэраў». Ванны ўладкаваныя ў адпаведнасці з правіламі гігіены і адкрытыя для жанчын па пятніцах з 15 да 20 гадзіны, а для мужчын — па аўторках, чацвяргах і суботах з 17 да 21. Квіткі для набыцця ў адміністрацыі - 1 злоты за аднаразовае купанне.
7 чэрвеня ў Гродна прыбыў нунцый папы рымскага Пія ХІ доктар Лаўры Ваўжынец. Яго на пероне вітала духавенства, грамадзянскае і вайсковае кіраўніцтва, прадстаўнікі таварыстваў. Ад гродзенак букет нунцыю ўручыла княгіня Сапега, прамовіўшы па-французску. Затым уся працэсія рушыла па вуліцах горада ў акружэнні школьнай моладзі і накіравалася ў Фарны касцёл, дзе нунцыя ўрачыста ўвялі ў храм, у якім з вітальным словам на лаціне выступіў сенатар, ксёндз Жэброўскі. Пасля цырымоніі дастойны госць у атачэнні духавенства быў запрошаны на прыём да ксяндза сенатара, дзе таксама прамаўляў біскуп Матусевіч. Пасля гэтага яго эксцэленцыя чыгункай пакінуў наш горад.
Ларэнца Лаўры нарадзіўся ў Рыме ў 1864 годзе. Там жа зрабіў кар’еру дыпламата. З 1917 года прадстаўляў папу рымскага ў Перу, а ў 1921 годзе стаў папскім нунцыям у Польшчы. Працаваў у Польшчы да 1926 года, пасля чаго вярнуўся ў Рым, дзе папа Пій XI зрабіў яго кардыналам. Ваўжынец — традыцыйная польская версія імя Ларэнца (Лаўрэнці, Лоранц і іншыя формы).
7 чэрвеня праз Гродна з Варшавы праехалі 75 журналістаў з усёй Польшчы, якія накіроўваліся ў Вільню на ўрачыстасці, звязаныя са злётам «Сокала», а таксама з планаванымі літоўскімі пілігрымкамі. Яны былі прынятыя на невялічкі сняданак у гатэлі «Раял» старастаю Рагалевічам і прэзідэнтам горада. Прэзідэнт Стэмпнеўскі падчас сустрэчы звярнуўся да журналістаў і распавёў пра мясцовыя справы, ад якіх залежыць эканамічнае развіццё Гродна. Першая з іх — пакіданне ў Гродне і надалей тытунёвых фабрык, пад якія ў горадзе адведзеная адпаведная тэрыторыя і маюцца падрыхтаваныя рабочыя. Не менш важнай з’яўляецца культурная справа, звязаная з павелічэннем субсідый на мясцовы тэатр, які ўжо адзначыў трохгоддзе сваёй дзейнасці. І, у рэшце, далучэнне Гродна да розных шляхоў зносін праз мадэрнізацыю чыгуначнага моста, паколькі існуючы драўляны цалкам недастатковы, а гэтай вясною ледзь не быў разбураны ў выніку крыгаходу. Стараста Рагалевіч дадаў пра крыўду, якую адчуў Гродна. Статус нашага гораду быў зменшаны да павятовага, нягледзячы на яго палітычную ролю і старажытнае існаванне як гістарычнага гораду Стэфана Баторыя, дзе не раз вырашаўся лёс Рэчы Паспалітай.
Затым у 17 гадзін Юзаф Ядкоўскі арганізаваў для журналістаў вандроўку па помніках нашага горада, пачаўшы ад музея, дзе госці былі здзіўленыя колькасцю дагістарычных экспанатаў, унікальным партрэтам «Кароль Ян Сабескі» і куфарам ды арнатамі. Журналісты здзівіліся, што ўсё гэта было сабрана цягам двух гадоў. Пасля кароткага наведвання сенатара ксяндза Жаброўскага журналісты рушылі ў Фарны касцёл, дзе пазнаёміліся з шыкоўным галоўным алтаром, амбонамі і надмагіллем Антонія Тызенгаўза. Яны сустрэлі заход сонца каля Каложы на беразе Нёмана. Як гэты краявід моцна кантраставаў з пабачаным правінцыяльным горадам побач з нашым чыгуначным вакзалам. Таксама наведванне Старога і Новага замкаў, дзе мала што засталося ад даўнейшай архітэктуры, моцна кантраставала з размешчанымі побач касцёлам і кляштарам бернардынаў і яго вельмі старым і добра вядомым звонам. На развітанне ў гарадскім тэатры журналісты пабачылі два акты з «Мандарына Ву» з нашым артыстам Бялецкім у ролі Мандарына.
Паніжэнне статусу Гродна ў міжваеннай Польшчы было балючым для горада. У царскія часы гэта быў цэнтр губерні, а ў 1924 годзе — ужо толькі цэнтр павету ў Беластоцкім ваяводстве. То бок, па статусе прыкладна як сённяшні райцэнтр.
Спектакль «Мандарын Ву» быў дастаткова папулярны ў міжваеннай Польшчы і ставіўся ў розных гарадах. Вядома, што ў Гродне ён ішоў на сцэне не толькі ў 1924-м, але і праз 10 гадоў. Брытанская п’еса «Містэр Ву» была напісаная ў 1913 годзе, экранізаваная ў 1919 і 1927 гадах.
7 чэрвеня ў лясах каля Баяраў з’явіліся ваўкі, якія здзяйсняюць спусташальныя напады. Апошні выпадак — у вёсцы Капцёўка яны загрызлі 10 авечак. Калі гэта адбываецца ўжо летам, то можна толькі сабе ўявіць, што будзе зімой, калі не будуць прынятыя адпаведныя меры.
З 7 да 12 чэрвеня ў Варшаве ў зале Тэхнікаў на вуліцы Чацкага 1/5 праходзіла выстава прац вучаніц прафесійных жаночых школ. Сярод іх і працы дзяржаўнай прафесійнай жаночай школы ў Гродне пад наглядам выбітнай інструктаркі шаўчых Г. Кіселёвай. На выставе прадстаўлены экзаменацыйныя працы вучаніц 3-га класа, а таксама адабраныя працы з іншых класаў.
8 чэрвеня ў гарадскім садзе з 15 гадзін праходзіла вялікая імпрэза, прысвечаная Чырвонаму крыжу. Ладзіліся конкурс прыгажосці, рулетка, шары, канфеці, серпанцін, феерверкі, быў буфет і аркестр. Уваход каштаваў 1 мільён марак. Для вучняў і жаўнераў - па паўмільёна марак.
9 чэрвеня заснаванае ў сакавіку Гродзенскае сельскагаспадарчае таварыства арганізавала пчалярска-садовую секцыю на чале з дырэктарам сіндыкату Савіцкім і звярнулася з просьбаю да князя Друцкага-Любецкага аб прадастаўленні ім у арэнду 12 га зямлі на 12 гадоў для патрэб пчалярства. Для развіцця пчалярства секцыя таксама звярнулася ў магістрат Гродна з прапановаю высадзіць на вуліцах мёданосныя дрэвы і найперш акацыі. Дзеля гэтага кіраўніцтва секцыі, якая штомесяц збірае на свае патрэбы па 1 злотаму з сяброў, плануе арганізаваць свята высаджвання дрэваў і, паводле дамовы з кіраўніцтвам тутэйшых навучальных устаноў, высадзіць дрэвы на вуліцах Трэцяга мая, Польнай, Саперскай, Зялёнай і Ягелонскай. Высаджванне дрэваў пройдзе пад кіраўніцтвам Мазуркевіча.
Чытайце таксама: Як пераймяноўвалі вуліцы ў Гродне царскіх часоў: гістарычны архіў апублікаваў дакумент
9 чэрвеня ў 16 гадзін у гарадскім садзе пачаліся вялікія кветкавыя забавы, прысвечаныя Таварыству ваенных інвалідаў Рэчы Паспалітай Польскай. Сярод забаўляльных мерапрыемстваў - кола шчасця, конкурс прыгажосці (з прызамі), амерыканская латарэя, канфеці, ноч у венецкім стылі і атракцыі, якіх яшчэ ў Гродне не бачылі.
9 чэрвеня ў 9 гадзін на дарозе з Лужкоў да Германовіч два бандыты напалі на гандляроў Хасімавіча і Аняшкевіча. Гандляры здолелі арганізаваць абарону, у час якой адзін з іх быў забіты, а ўся іх маёмасць разам з коньмі была забраная ў лес. Скралі таксама жонку Хасімавіча. Паводле звестак, напад здзейснілі тутэйшыя жыхары, прозвішчы якіх ужо вызначаныя. Вядзецца іх вышук.