Спадчына

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты «Echa Grodzieńskie» — гэтым разам за тыдзень ад 13 да 19 траўня 1924.

Перадрукоўваем іх, суправаджаючы невялікім каментарыем, які дазволіць лепш зразумець сэнс падзей.

Афіша кінатэатраў Гродна на 13 траўня 1924 года

Бясплатныя канцэрты ў гарадскім парку

13 траўня. Па прыкладзе мінулых гадоў, у Гродне будуць ладзіцца бясплатныя канцэрты вайсковых аркестраў з мэтаю адраджэння музычнай культуры ў нашым горадзе. Месцам правядзення канцэртаў вызначаны гарадскі сад. Аднак пакуль у гімназіі Адама Міцкевіча праводзяцца пасляабедзенныя лекцыі, канцэрты будуць праходзіць у Швейцарскай даліне два разы на тыдзень — па панядзелках (аркестр 81-га пяхотнага палку) і па пятніцах (аркестр 76-га пяхотнага палку) з 17 да 19 гадзін. Праграма складаецца з дзвюх частак і будзе вывешана на бачным месцы. Таксама канцэрты будуць праходзіць кожную сераду з 14 да 15 гадзін у раённым шпіталі.

З 13 да 17 траўня ў Гродне праходзіў дзяржаўны іспыт у мужчынскай гімназіі, да якога дапусцілі 21 кандыдата.

13 траўня ў Алы Дварэцкай з вуліцы Падольнай № 5 невядомыя са страхі скралі бялізну на 1,05 млрд марак.

Гімназія Адама Міцкевіча знаходзілася ў сённяшнім будынку аграрнага ўніверсітэта на рагу Акадэмічнай і 1 Мая. Гэта значыць, у найбліжэйшым суседстве гарадскога саду, які знаходзіўся на тэрыторыі сённяшняга парка Жылібера. Лагічна, што канцэрты ў такім выпадку вырашылі адсунуць трошкі далей, каб не замінаць гімназістам. Швейцарскай далінай, як і сёння, называлі частку парка на берагах рэчкі Гараднічанкі.

Знакаміты госць у тэатры

14 траўня. У гарадскім тэатры адбылася лекцыя Боя (доктара Тадэвуша Жаленскага), самага дасціпнага чалавека, выдатнага крытыка, пісьменніка, перакладчыка, прамоўцы, заснавальніка знакамітага «Зялёнага балоніка». Бой прачытаў лекцыю «Як я стаў пісьменнікам». Дырэктар Скомпскі ў гонар мілага госця зладзіў імпрэзу ў гатэлі «Раяль», на якую былі запрошаныя прадстаўнікі мясцовай улады і інтэлігенцыі. Імпрэза зацягнулася да позняй гадзіны, пасля чаго шаноўны варшаўскі госць ад’ехаў на цягнік.

Тадэвуш Бой-Жаленскі (1874−1941) — польскі сатырык і тэатральны крытык, перакладчык з французскай мовы на польскую. Яго творы на беларускую мову перакладаў Максім Танк.

«Зялёны балонік» — літаратурнае кабарэ, створанае ў Кракаве ў 1905 годзе. Багемнае месца. Існаваў да 1912 года (некаторыя выступы адбываліся яшчэ да 1915).

Гатэль «Раяль» з аднайменным рэстаранам — моднае месца ў міжваенным Гродне. Знаходзіўся на скрыжаванні сённяшніх Карбышава і Гараднічанскай, у познесавецкія часы і да 2000-х гэта было апошняе месца, дзе размяшчаўся да закрыцця рэстаран «Беласток». Будынак ужо амаль 20 гадоў закрыты на рэканструкцыю, зараз прадаецца.

Верш на прыезд Боя ў Гродна

Мізэрныя вынікі дабрачыннай акцыі

14 траўня ў кінатэатры «Ліра» А. Мазалеўская ладзіла канцэрт для дапамогі бедным расійскім сем’ям. Хор з 20 чалавек выконваў песні і прыпеўкі. Білеты можна было набыць у кнігарні Іберскага. Даход ад продажу білетаў склаў 750 млн марак, расход — 712,8 млн марак. Чысты даход — 37,2 млн марак. Гледзячы на такую справаздачу і параўноўваючы з прыбыткам, за які можна набыць толькі адну пару абутку, не можам не задацца пытаннем пра суму грошай, выдаткаваных на шаўца для артыстаў. Пабачыўшы такія мізэрныя вынікі шалёнай працы, пра якую могуць мець уяўленне толькі тыя, хто да яе дакрануўся, прыходзіш да высновы, што грамадства, якое так разумее свае абавязкі, не вартае столькіх намаганняў і няўдзячнай працы.

14 траўня ў Анелі Гуленьскай, якая жыве па вуліцы Царкоўнай 14, невядомыя скралі з падворка розныя рэчы на 88 млн марак.

14 траўня ў 4.30 ахоўніца Ядвіга Жымайлік каля брамы па вуліцы Паліцыйнай, 34 знайшла немаўля-хлопчыка. Ён перададзены ў прытулак.

14 траўня каля 18 гадзіны на правым беразе Нёмана каля калоніі Сверчава Гожскай гміны было выяўлена цела невядомага мужчыны каля 35 гадоў. Расследаванне праводзіць пастарунак у Гожы.

Паведамленне пра выяўленага ў Нёмане тапельца 14 траўня 1924 года

Кінатэатр «Ліра» ў розныя часы называўся «Люкс», «Аполла» і «Спартак». Ён знаходзіўся на сучаснай вуліцы Савецкай, прыкладна там, дзе зараз новы корпус універмага.

Кнігарня Іберскага знаходзілася непадалёку. Гэта была даволі сур’ёзная крама з вялікім выбарам школьных і канцылярскіх тавараў, якая друкавала і свае выданні. Сярод іх былі планы Гродна, паштоўкі, брашуры і краязнаўчыя выданні.

Вуліца Царкоўная — гэта была ў той час невялікая вулачка каля Уладзімірскай царквы ў занёманскай частцы горада. Паліцэйская — сучасная вуліцы Кірава.

Смярдзючыя бочкі каля тэатра

15 траўня. У магістрат паступіла петыцыя ад тэатральных заўзятараў. Наведвальнікі тэатра ветліва просяць магістрат адабраць гадзіннікі ў кіроўцаў бочак з нечыстотамі (так званых начных, драўляных, адзінкавых бочак), каб яны не мелі магчымасці адмыслова сачыць за гадзінамі, калі сканчаюцца спектаклі ў тэатры і публіка вяртаецца дадому, сустракаючы асенізатараў авацыямі на мосце паміж вуліцай Ажэшкі і плошчаю. Гэта жарт.

Калі з прычыны пасляваенных няшчасцяў дазваляецца выкарыстанне для ўтылізацыі адкідаў бочак, зробленых у часы караля Гароха, то падобныя смуродныя перавозкі не павінны адбывацца раней за 1 гадзіну ночы ці хаця б пасля 00:00, узрушваючы тую частку грамадства, якая даказвае, што яна самая культурная. Падобныя сустрэчы па вяртанні з тэатру абсалютна недапушчальныя ў цывілізаваным горадзе.

15 траўня з памяшкання Шлёмы Марголіса з Пясковай № 8 скралі з памяшкання адзежу пасля выняцця шыбы ў акне на 500 млн марак. У Хоны Танкус з Ласасянскай, 47 невядомыя скралі бялізну са страхі на 190 млн марак.

15 траўня з маёнтку Ніжняя Свіслач (гміна Лаша) Марты Красінскай скрадзены лес на 450 млрд марак. Выканаўцы выкрытыя і дастаўлены ў суд у Індуры.

Што вырашыла гарадская рада

15 траўня адбылося чарговае пасяджэнне Гарадской рады. Вырашана прыступіць да пабудовы санітарнай станцыі на Скідзельскай плошчы паводле плану інжынера Кеніга, а план гарадскога інжынера Раманава адхіліць з-за яго вялікіх коштаў.

У сувязі з запланаваным прыняццем праз польскі ўрад тытунёвых фабрык у Гродне, адбываецца рэстытуцыя маёмасці Барыса-Глебскага манастыра па вуліцы Маставой. Гарадская рада будзе хадайнічаць аб перадачы або здачы ў доўгатэрміновую арэнду будынкаў, пабудаваных Акцыянерным таварыствам Шарашэўскага на тэрыторыі згаданага манастыра, для народнай асветы.

Быў зацверджаны праект гарадскога сада, распрацаваны прафесарам Таньскім, пасля чаго магістрату накіравана рашэнне пра працягванне прац для рэалізацыі згаданага праекту.

У сувязі са зваротам супрацоўнікаў шкляной гуты «Ласосна» пра выдзяленне гарадской плошчы для пабудовы рабочай калоніі, Гарадская рада прыняла рашэнне пра складанне адпаведнага плану.

Гарадская рада таксама працягнула рашэнне ад 9 лістапада 1922 года на адзін год (да 1 ліпеня 1925 года) пра выплату ўдаве прэзідэнта Гродна Эдварда Лістоўскага Станіславе, зменшыўшы суму на 45 пунктаў, паколькі яе сын стаў паўнагадовым і скончыў школу.

Скідзельская плошча — сённяшняя тэрыторыя ля аўтавакзала.

У 1924 годзе прыватны тытунёвы бізнес у Польшчы перастаў існаваць — усе фабрыкі нацыяналізавалі. На той момант ужо існавалі і выкарыстоўваліся будынкі фабрыкі Шарашэўскіх на сённяшняй вуліцы Арджанікідзэ (то бок, сучасныя будынкі фабрыкі). Але і будынкі на Маставой не стаялі без справы. Пад Барыса-Глебскім манастыром маецца на ўвазе комплекс былых касцёла і кляштара бернардынак на месцы сучаснага драмтэатра. У некаторых будынках на тэрыторыі манастыра сапраўды пазней дзейнічалі адукацыйныя ўстановы — напрыклад, кравецкая гімназія.

Першы міжваенны прэзідэнт Гродна Эдвард Лістоўскі памёр 11 траўня 1922 года. Ён сапраўды карыстаўся ў горадзе павагай. У 1924 вуліцу Паліцэйскую вырашылі перайменаваць у вуліцу Лістоўскага.

Танцы на замку, пажар у цагельні, хворы выкінуўся ў акно

17 траўня ў Вялікай сінагозе і ва ўсіх сінагогах Гродна, а таксама ў прытулку для сталых гродзенцаў, дзе размешчаныя ўфундаваныя два ложкі імя Элізы Ажэшкі, адбудуцца набажэнствы за спакой душы нашай вядомай пісьменніцы.

17 траўня ў «Доме афіцэра» на Старым замку адбудзецца «суботка з танцамі», пачатак у 22:00 і канец у 4:00. Уваход толькі для афіцэраў і іх сем’яў, а таксама гасцей «Дома афіцэра». Кошт — 1 злоты.

17 траўня хворы на гарачку Максім Бублейка выдзыгнуў праз вакно гарадскога шпіталя. У момант выпадку пры ім знаходзілася санітарка, якая паспела ў апошні момант ухапіць хворага за ногі, але не здолела яго ўтрымаць. Паліцыя праводзіць расследаванне. Вынікі яго і суда будуць паведамленыя.

17 траўня ў 23 гадзіны здарыўся пажар у цагельні, незаселеным доме і шопцы, якія знаходзяцца ў адным кіламетры ад Лунна і належаць гродзенцу Чырскаму, які цяпер жыве ў Лунне. Паліцыя пастарунку ў Лунне праводзіць расследаванне.

Да таго, як у 1930-я ў Стары замак заехаў музей, будынак выкарыстоўвала польскае войска. Там былі афіцэрскі клуб, гатэль для камандзіровачных афіцэраў, буфет і розныя іншыя інстытуцыі.

Як адзначылі гадавіну смерці Элізы Ажэшкі

18 траўня — гадавіна смерці Элізы Ажэшкі. У 18 гадзін усе школы і арганізацыі рушылі на могілкі да магілы нашай вялікай жыхаркі.

Дзіцячы рой, натоўпы гродзенцаў і ўсе найбліжэйшыя ўдзельнікі жыцця і творчасці Элізы Ажэшкі спяшаліся ўшанаваць яе памяць у 14-годдзе яе смерці.

Аркестр сыграў «Пахавальны марш» Шапэна, а потым ля магілы выступіў мецэнат Забакліцкі, які распавёў пра памерлую як заступніцу дэмакратычнай польскай думкі, абаронцы прыгнечаных, абаронцы правоў жанчын і, нарэшце, вялікую патрыётку і выдатную пісьменніцу. Прамоўца паглыбіўся ў душу апякункі Гродна, кінуўшы прамень святла на яе магілу і аддаў ёй належную пашану.

Потым з вялікай прамовай ад імя жанчын Гродна выступіла запрошаная Таварыствам імя Элізы Ажэшкі Носціц-Яцкоўская.

У канцы цырымоніі праспявалі «Роту», а потым «Анёл Панскі» за супакой душы вялікай гродзенкі.

19 траўня ў Гродна затрыманы дэзерцір Дамінік Гайдук, якога шукаў раённы вайсковы суд.

Абвестка пра атруту для шчуроў. 19 траўня 1924 года

Што яшчэ адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму:

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024