Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі гараджане на старонках газет? Каб гэта высветліць, гістарычны канал Hrodna 11:27 пачаў публікаваць вытрымкі з мясцовых газет 100-гадовай даўніны.
Сёння публікуем вытрымку здарэнняў і кароткіх газетных нататак за тыдзень з 15 да 21 красавіка 1924 года. Цэны пададзены ў польскіх марках. Злоты ўведзены як раз у канцы красавіка 1924, а актыўна новую на той час польскую валюту пачалі ўводзіць летам 1924.
15 красавіка 1924 года ў Гродне на вуліцы Калажанскай, 6 у Юстыны Анушкавай былі скрадзены куры на 40 млн марак (на той час 1 долар каштаваў 9,3 млн польскіх марак). Злачынцы невядомыя.
У Гродзенскім музеі праходзіла выстава Яўгена Казіміроўскага. Наведвальнікі выставы, якія набылі білеты, станавіліся ўдзельнікамі латарэі. Пераможца меў атрымаць акварэль «Падольскія таполі».
Яўген Казіміроўскі (1873−1939) паходзіў з Падолля, скончыў школу мастацтваў у Кракаве, у 1936 годзе жыў у Беластоку і стварыў Саюз падтрымкі турызму Беластоцкага ваяводства. Памёр у Беластоку ад запалення лёгкіх і пахаваны на мясцовых парафіяльных могілках.
16 красавіка ў Гродне адбылося пасяджэнне гарадской рады. Якія рашэнні прыняла Рада за дзень працы?
Пра набыццё ¾ будынку па вуліцы Дзельнай, які належаў Лазоўскаму. Кошт пытання — 21 тысяча долараў. Менавіта такі кошт пазыкі, якую Лазоўскі павінен Віленскаму банку. У гэтым будынку на перасячэнні вуліц Паўночнай і Дзельнай знаходзіцца гарадскі шпіталь. За набыццё прагаласавалі ксёндз Курыловіч, Бартноўскі, Гарбачэўскі, Любіч. Рашэнне прынята адзінагалосна. З 1 траўня на 25% скарачаюцца кошты лекавання ў гэтым шпіталі для гараджан.
Удзельнік Рады Любіч прапанаваў дамовіцца з гродзенцам Рафесам, уладальнікам дому па вуліцы Ажэшкі, каб размясціць там пачатковую школу.
Гарадская рады вырашыла ўзяць пад кантроль горада эпідэмічны шпіталь па вуліцы Горнай, які пераходзіць ад Ваяводскага кіравання здароўя.
На падставе меркавання школьнага інспектара ксяндза Курыловіча школа сясцёр назаратанак у Гродне будзе атрымліваць ад горада цягам 1924 года фінансаванне ў памеры 200 злотых штомесячна.
Рада адзінагалосна прыняла рашэнне дазволіць Таварыству Мардхелевіч і Хілевіч правесці каналізацыю для сцёкаў са скураной фабрыкі па вуліцы Горнай да ракі Гараднічанкі паводле праекта, прапанаванага Магістратам.
Рада на прапанову Магістрата адзінагалосна прыняла рашэнне накіраваць уладам запыт на вяртанне музейных забыткаў, якія паходзяць з Гродна і якія былі вывезены ў Расію пачынаючы з 1865 года, а цяпер знаходзяцца ў Маскве ў Румянцаўскім музеі.
16 красавіка ў Нёмане падчас лоўлі рыбы патанулі Юзэф Ахрэм і Баляслаў Стоскі, жыхары Гродна.
16 красавіка ў тартаку «Занёманск» Мастоўскай гміны Гродзенскага павету скралі дзве скрыні цвікоў. У злачынстве супраць Якуба Цырыньскага абвінавачваюцца Лукаш Валковіч і Аляксей Патэніч.
17 красавіка ў Антаніны Саковіч з вёскі Матыль Берштанскай гміны Гродзенскага павета была скрадзена бялізна і тканіна на 54 млн марак. У злачынстве абвінавачваецца Бенедыкт Саковіч, справа якога перададзена ў акружны суд у Друскеніках.
17 красавіка на вуліцы Маставой, 6 пры дапамозе вымання шкла з акна была скрадзена адзежа агульным коштам 2,3 млрд марак. Пацярпеў Ісак Бялы. Злачынцы невядомыя.
17 красавіка ў 12 гадзін у вёскі Астрына Азёрскай гміны з-за няправільнай будовы коміна згарэлі тры хаты, два хлявы, стадола Юшкевічаў Якуба, Барыса, Ігната і Антона, а таксама Доры Пушкевіч. Страты склалі 27 млрд марак. Ахвяраў не было. Расследаванне праводзіць паліцэйскі пастарунак у Азёрах.
18 красавіка ў Немэньскай Юзэфы і Ганны Аўдачэйка з Гродна былі скрадзеныя грошы на суму 3,35 млн марак. Абвінавачваюцца Марыя Маеўская, дачка Юзэфа, і Марыя Маеўская, дачка Адама. Справа перададзена ў суд
18 траўня ў Дар'і Івановай з вуліцы Брыгіцкай № 47 быў скрадзены шмалец і масла на 58 млн марак. Злачынцы невядомыя.
Паміж вуліцай 3 Мая і гарадскім паркам ляжыць кавалак зямлі, на якім яшчэ нядаўна знаходзіліся руіны ад даўнейшых садовых пабудоў. Сёння нібы пасля ўзмаху чароўнай палачкі тут зіхацяць на сонцы ўнушальных памераў шкляныя сцены ўзведзеных цяпліцы і аранжарэі, у якіх растуць тысячы кветак і раслін, прызначаных на продаж і для мэтаў дэкаратыўных самога горада. Пасля продажу кветак і гародніны насенне да нас завозіцца не толькі з іншых гарадоў краіны, але і з-за мяжы.
Невялікі памер тэрыторыі не мог змясціць плантацыі, якія разрасталіся і захапілі гліняныя кар’еры і палі, якія цягнуліся ўздоўж жыдоўскіх могілак углыб вуліцы Грандзіцкай, ды займаюць больш за 3 га. У найбліжэйшы час яны мусяць быць пашыраныя амаль да 5 га. На месцы ранейшых палёў, цяпер ужо выраўненых, паўстане велічэзная аранжарэя даўжынёй у 24 м і шырынёй у 8 м пры вышыні каля 5 м. Яе плануюць завершыць да восені, каб пачаць вырошчваць больш рэдкія і каштоўныя віды раслін, а таксама бананы, пальмы, лаўры, фікусы, розныя віды ўюнкоў і папараці, агавы і 500 штук ужо на вышыню ў паўлокця нашых памідораў, а таксама ў адмысловых прыгожых скрынках цукровую салату.
Аранжарэя будзе падзелена шкляной сцяной для падтрымання адпаведнай тэмпературы для розных раслін пры дапамозе печаў. На зіму для іх патрэбаў ужо забяспечана 20 сажняў дрэў.
Гэты гарадскі сквер старанна агароджаны, побач будуецца пад’язная дарога ў выглядзе паўкруглай магістралі.
Акрамя вялізных шырмаў з 300 вокнамі, створаны клубнічныя і спаржавыя кварталы і буйныя гадавальнікі дрэваў. Горад танна набыў вялікую колькасць кустоў і дрэваў у фірмы «Ферэнц», якая ліквідуецца, агульнай колькасцю ў 2000 штук, а граф Красінскі з Баяраў ахвяраваў яшчэ 100 елак.
21 красавіка ў 9.30 у Гродне пры вуліцы Дамініканскай, 20 у падвале было знойдзена немаўля-дзяўчынка, якую перадалі ў гарадскі прытулак для дзяцей.
21 красавіка па вуліцы Падгорнай, 46 у Францішкі Аўгусевіч была скрадзеная адзежа і бялізна коштам 90 млн марак.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…