Тры месяцы каманда «Хранители» піша сотням беларусаў паведамленні з інструкцыямі, як пазбегнуць пераследу за «палітыку». Гэта ў вольны час робяць сем валанцёраў з гродзенскага рэгіёна — праграмісты, удзельнікі дваровых ініцыятыў, былыя палітвязні. Рэдакцыя Hrodna.life пагаварыла з членамі каманды і распавядае (наколькі гэта магчыма для іх бяспекі), як уладкавана іх праца.

Мы размаўляем з чатырма членамі каманды па відэа з выключанымі камерамі. Яны падпісаныя абстрактнымі імёнамі накшталт «Вася Пупкін». У аднаго з іх — Аляксандр Лукашэнка на аватарцы. Гродзенцы папрасілі выдаліць запіс інтэрв'ю пасля расшыфроўкі, каб пазбегнуць уцечкі і іх магчымага распазнання праз голас. Цяпер яны праходзяць верыфікацыю праз «Кіберпартызан». Члены каманды спадзяюцца, што гэта дапаможа выклікаць больш даверу ў патэнцыйных валанцёраў, якія ім патрэбныя.

Ініцыятыва «Хранители»

 — працуе з траўня 2023 года,
 — вырасла з актывістаў Telegram-канала «Суды, задержания. Гродно и область» і іншых мясцовых каналаў,
 — складаецца з сямі чалавек,
- піша з акаўнтаў @GRDNBY2, @GRDNBY3, @GRDNBY4, @GRDNBY5, @GRDNBY7, @GRDNBY8, @GRDNBY9, @GRDNBY11, @GRDNBY12,
 — запусціла бот @FindMessagesBot, які дапамагае знайсці вашыя каментары ў пратэстных чатах.

Як знайшлі галоўную крыніцу затрыманняў

Асноўным напрамкам [работы] пераважную частку часу быў маніторынг рэпрэсій у Гродне і вобласці. З часам мы сталі займацца не толькі маніторынгам, але яшчэ аналізам — з якой прычыны, напрыклад, людзей найбольш часта судзяць, саджаюць.

З часам атрымалася знайсці адну з крыніц патэнцыйных затрыманняў - гэта паведамленні ў Telegram-чатах. І тады мы падумалі: ці можам мы нейкім чынам для пачатку ў гродзенскіх чатах пашукаць, наколькі шмат акаўнтаў і людзей, якія патэнцыйна могуць трапіць пад рэпрэсіі?

Мы перыядычна глядзелі за «пакаяльнымі» відэа. Часам нам удавалася знаходзіць іх па каментарах. Мы разумелі, што тыя людзі сядзелі з акаўнтамі, якія былі скампраметаваныя. Напрыклад, людзі калісьці пакінулі каментары, а цяпер сядзяць у чатах з адкрытымі фота ці падпісаныя сваім рэальным імем.

Прасканавалі ўсе беларускія чаты

У выніку мы знайшлі спосаб, як з чатаў павыцягваць інфармацыю аб падобных людзях. У адным толькі Гродне чалавек адразу 200 такіх трапілася — з адкрытымі акаўнтамі. Гаворка ішла пра некалькі найбольш буйных каналаў - «Гродно 97», «Гродно для жизни». Адразу падумалі, што ёсць сэнс паспрабаваць іх папярэдзіць. Сталі задумвацца, як бы ім усім пісаць. Распачалі пару спробаў напісаць некалькім людзям.

Каб спрасціць працу, «Хранители» зрабілі для сябе свой унутраны інструмент. Ён сам выдае ім па чарзе акаўнты людзей у небяспецы, якім варта напісаць. Гэта дапамагае не блытацца.

Адначасова мы прасканавалі ледзь не ўсе беларускія чаты — прынамсі, тыя, якія ў нас у краіне абвешчаныя экстрэмісцкімі. Знайшлі там тысячы падобных акаўнтаў. Паступова мы іх абыходзілі.

15 траўня гэтага года мы афіцыйна абвясцілі, што пачынаем падобны «абыход» па людзях. І з таго часу так штодня і пішам людзям. Гаворка ідзе пра людзей з усёй краіны. Штодня чалавек 100, а можа быць і больш, «абыходзім».

Мы таксама стараемся папярэдне аналізаваць паведамленні - наколькі яны небяспечныя. Напрыклад, у некаторых людзей паведамленні могуць «пацягнуць» на крымінальны артыкул, у кагосьці - на адміністрацыйны. Людзей, якім пагражае крыміналка, папярэджваем у першую чаргу, што ім вельмі небяспечна карыстацца такім акаўнтам. Просім у першую чаргу пачысціць паведамленні. На другім этапе, калі пераконваемся, што людзі ўсё пачысцілі, просім іх выдаліць акаунт.

Чаму трэба выдаляць паведамленні і акаўнты?

 — Існуе верагоднасць, што частку людзей яшчэ не «здэанонілі». Калі ў чалавека на момант візіту сілавікоў не будзе паведамленняў, магчыма, ён будзе прадстаўляць менш цікавасці.
— Бяскрыўдны каментар можа стаць адпраўной кропкай для больш сур’ёзных праблем. Ён прыцягвае ўвагу сілавікоў і яны «раскручваюць» чалавека — глядзяць яго іншыя сацсеткі больш дэталёва. Так можна знайсці што-небудзь і на крымінальны артыкул.
— У прысудах сустракаюцца фармулёўкі «чалавек не распачаў ніякіх мер па выдаленні паведамленняў» — гэта значыць, выдаленне «змякчае» віну.
 — Калі каментары выдаленыя, сілавікам будзе цяжэй правесці абвінавачванне па дакументах — асабліва ўлічваючы суперніцтва паміж інстанцыямі.
 — Выдаленне акаўнтаў можа дапамагчы людзям, якіх яшчэ не паспелі дэананімізаваць.

Гэта ўсё спроба максімальна абцяжарыць для рэжыму пошук новых ахвяр і ўскладніць ім працу.

У сілавікоў - свае базы, у «Хранителей» — свае

У нас выгружаны спасылкі на паведамленні з усіх чатаў. Па тых паведамленнях адбіраем акаўнты, якія адпавядаюць вызначаным крытэрам. Гэта людзі, у якіх ёсць фатаграфіі, адкрыты нумар, імя профілю нагадвае імя і прозвішча рэальнага чалавека. У першую чаргу стараемся абыходзіць такіх людзей.

Падобныя базы паведамленняў існуюць і ў сілавікоў. Наколькі ведаю, такая база ў іх называецца «Т-поиск». Па розных скрыншотах з каналаў сілавікоў можна ўбачыць, што такая сістэма ёсць і ёю карыстаюцца. Прама на каналах часам бачна, што яны прыводзяць скрыншот з нейкай ўнутранай базы, дзе яны захоўваюць раней экспартаваныя паведамленні.

Чытайце таксама: Гродзенская міліцыя: кожны дзень кагосьці прыцягваем да адказнасці за 2020 год

Адначасова, паколькі ў нас з’явілася назапашаная база з паведамленнямі, мы прапанавалі людзям дадатковы варыянт, каб яны самастойна маглі праверыць акаунт на наяўнасць паведамленняў. Гэта Telegram-бот, які мы запусцілі амаль месяц таму. Ён дазваляе чалавеку паглядзець, ці вісяць у яго ці ў яе паведамленні ў тых чатах, якія мы сканавалі. Гэта таксама дапамагае выратаваць людзей, паколькі ў нас абмежаваныя чалавечыя рэсурсы.

«Хранители» назапасілі ананімізаваную статыстыку па запусках бота. На дадзены момант яго запускалі больш за 15 000 разоў. У больш за палову людзей, якія запускалі бот, ён знайшоў нейкія паведамленні.

Часам трапляюцца ябацькі

Для людзей гэта шок, калі ім у асабістыя паведамленні пішаш, што ў іх акаунт зкампраметаваны. Частка людзей неяк рэагуе, частка моўчкі выдаляе свае паведамленні.

Часам нам трапляліся ябацькі - мы над імі жартуем. Часам нам трапляліся людзі, якія даказвалі, што гэта не іх паведамленні, хоць мы ім кідалі спасылкі, па якіх яны пераходзілі і бачылі, што гэта менавіта іх акаунт. Некаторыя людзі, спалохаўшыся, казалі: «Я падтрымліваю цяперашнюю ўладу».

Ёсць частка людзей, у якіх паніка. Яны могуць праз некалькі дзён напісаць «Дзякуй, усё выдалілі». Нядаўна выпусціла артыкул «Наша Ніва». І мы назіраем з усмешкай, як пэўныя людзі, якія раней ігнаравалі нашы паведамленні, праз два тыдні адказваюць. І ўжо пачынаюць прыслухоўвацца і выконваць тыя дзеянні, якія мы ім рэкамендавалі.

Будуць працягваць, нават калі гэта дапаможа аднаму чалавеку

Мы напісалі больш за 3000 чалавек. Са зваротнай сувязі: у нас трапляліся выпадкі, што чалавек быў за мяжой і з сям’ёй збіраўся ехаць у Беларусь. А мы напісалі, што ў іх ёсць паведамленні, якія могуць пацягнуць на крымінальны артыкул. Патэнцыйна гэтым мы іх маглі ратаваць.

На 100% мы не можам сказаць, што ўсе людзі, якія пачысцілі паведамленні і выдалілі акаўнты, не трапяць пад рэпрэсіі. Калі ў чалавека паведамленне, якое цягне на артыкул з вялікім тэрмінам даўнасці, яго могуць пасадзіць. Але прынамсі, чалавек хоць бы будзе ведаць пра пагрозы.

«Хранители» аналізуюць вялікую колькасць даступных дадзеных і глядзяць размеркаванне па тыднях і месяцах адміністрацыйных і крымінальных спраў. Пачынаючы з ліпеня 2023 пайшоў спад «адміністратывак» і ў Гродзенскай вобласці, і па ўсёй краіне. Што менавіта выклікала гэтае падзенне? Гэта можа быць як павышэнне усвядомленасці людзей і праца «Хранителей», так і сезон адпачынкаў у сілавікоў.

Мы паміж сабой дамовіліся, што нават калі будзе літаральна пару чалавек, якім мы дапамаглі, мы ўсё роўна будзем працягваць гэта рабіць. Адзін выратаваны чалавек для нас важны.

Што робяць, калі трапляюць на сілавікоў, якія калісьці пісалі каментары для правакацыі

Для нас небяспекі няма, бо яны нам нічога зрабіць не могуць. Можна, наадварот, патроліць такіх людзей. Мы можам ацаніць па каментарах, правакатар гэта ці не правакатар, мент, ябацька ці хтосьці іншы. Для ябацяк у нас ёсць таксама свой метад павесяліцца — але, напэўна, я не буду раскрываць усе нашы сакрэты.

Як на «Хранителей» рэагуюць сілавікі

Заўважаем, што часам яны нас цытуюць на канале. Яны сталі звяртаць на нас больш увагі, калі з’явіўся гэты праект. Мы разумеем, што павялічваем рызыкі, і прымаем прэвентыўныя меры, каб яны не змаглі перашкодзіць нам працаваць. Робім тэхнічныя «штукі», пастаянна абмяркоўваем, як быць на крок наперадзе.

бот для поиска сообщений в Telegram - инициатива Хранители
Фота ілюстрацыйнае. Мантаж Hrodna.life

Рызыка: пад выглядам «Хранителей» людзям могуць пісаць ашуканцы або сілавікі

Мы пастаянна абмяркоўваем, што мы можам зрабіць, каб такое прадухіліць. Гэтая рызыка існуе ва ўсіх ініцыятывах — і ў «кібэраў» [Кібэрпартызаны — Hrodna.life], І ў BYPOL. Вядома, могуць з’яўляцца клоны і псеўдаініцыятывы.

Калі мы пішам людзям, мы ніякіх персанальных дадзеных не патрабуем. А наадварот, пішам, якія дадзеныя ведаем, у якіх чатах ў іх ёсць паведамленні, кідаем скрыншоты. Яны могуць пераканацца, што гэта паведамленне ў іх рэальна засталося.

У нас ёсць сістэма антыфейк для распазнання фэйкавай інфармацыі пра нас у адкрытай прасторы. Гэта значыць, калі камусьці пішуць у лічку, мы пра гэта не даведаемся. Але калі ў беларускім сегменце Telegram будуць фэйкавыя спасылкі або інфармацыя, мы абавязкова даведаемся і будзем рабіць захады.

Telegram
Ілюстрацыйнае фота з pixabay.com

Жыццё прымусіла стаць праваабаронцам

Зараз у нас сем чалавек. Частка з іх выкарыстоўвае адразу па некалькі акаўнтаў — каб не патрапіць пад бан з-за ўнутраных абмежаванняў Telegram.

З аднаго акаўнта ў суткі мы пішам не больш чым 15 людзям. У часткі людзей ёсць больш вольнага часу — яны прасілі па два акаўнты. У камандзе праграміст. Ёсць людзі, якія добра разбіраюцца ў тэме аналізу і аналітыкі.

У нас ёсць праваабаронца-«джуніёр» — але ўжо, напэўна, не джуніёр: тры гады «варыцца» ў тэме праваабароны… Жыццё прымусіла стаць праваабаронцам. Так склалася, што аказалася вельмі трэба, таму мы хутка сфакусаваліся і пачалі навучацца новым звычку.

Чытайце таксама: Кіраўніка міліцыі Гродна зрабілі генералам. Раней ён пагражаў расправай падпісчыкам «экстрэмісцкіх» Telegram-каналаў

У цэлым, мы ўсе — актывісты, якія ўзніклі ў 20-м годзе. Гэтак жа, як і ўсе, хадзілі на маршы, ладзілі дваровыя акцыі. Калі мы з’ехалі, захацелася дапамагаць людзям унутры краіны. І мы знайшлі для сябе такую форму актыўнасці.

У нас ёсць адзін з былых «палітзэкаў». Радуе, што людзі прайшлі гэтыя выпрабаванні і ўсё роўна працягваюць змагацца і сваім прыкладам нас зноў-такі стымулююць.

Ва ўсіх ёсць свае асноўныя працы. Гэта валанцёрскі занятак, якім мы бясплатна займаемся, калі ёсць вольны час.

Чаму захоўваюць ананімнасць

Мы хочам, каб не заставалася ніякіх рычагоў ціску на, дапусцім, нашых сваякоў.

Проста не хочацца даваць лішняй інфармацыі ворагам. Каб яны не разумелі сувязяў. Так адчуваеш, што ініцыятыва больш абароненая і складана ў яе пракрасціся. Таму што ёсць думкі аб маштабаванні і хочацца трывалы падмурак выбудаваць, каб было не падкапацца.

Дадатковая прычына — мы прадстаўнікі розных дваровых актываў. Не хочацца, каб ведалі канкрэтны раён, канкрэтны горад. Калі мы там выкладзем, што мы з такога горада, з такога раёна, то па гэтых раёнах паспрабуюць хадзіць і ціснуць на актывістаў, з якімі мы калі-небудзь былі знаёмыя.

Telegram безопасность
Ілюстрацыйнае фота з istockphoto.com

Ці ёсць актывісты ў Беларусі

Яны ёсць у кожным горадзе, у кожным раёне яшчэ. У кожнага чалавека ёсць такія знаёмыя актывісты. [Працягваецца] уся тая ж актыўнасць, што і ў 2020 годзе, толькі больш акуратна. Усё яшчэ існуюць людзі, якія распаўсюджваюць газеты.

Людзі ўнутры краіны гатовыя дапамагаць больш, чым людзі за мяжой. Гэта такі парадокс. Вельмі шмат людзей выехала. Такой вялікай колькасцю можна было, мне здаецца, горы звярнуць. Тое, што нас усяго сем чалавек, — гэта сумна.

Вельмі цяжка заматываваць людзей за мяжой нешта рабіць. А з людзьмі ўнутры працаваць значна прасцей. Яны яшчэ хочуць нешта рабіць. Можа быць, таму што ім больш трэба: яны не хочуць з’язджаць, хочуць нешта памяняць. Складана даваць ім задачы, таму што беражэм іх, але трымаемся на сувязі. Аб родзе іх актыўнасці не хачу распаўсюджвацца. Людзі, якія ўжо выехалі, занятыя пабудовай новага жыцця.

Тэндэнцыі рэпрэсій у Гродне і чаму людзі не баяцца рэпрэсій

Апошняя тэндэнцыя — у Гродзенскай вобласці ўзяліся выклікаць у ДФР. Гэта, вядома звязана з данатамі BYSOL яшчэ ў 2020 годзе праз Facebook. На гэта цяпер варта звярнуць увагу. Ёсць метадычка, як усё зачысціць. Яе напісала Кааліцыя пратэстных двароў (ККД). Яна вельмі складаная, але варта зрабіць усё па ёй, каб пазбегнуць рызык. Гэта і фінансава малапрыемна — плаціць ад $ 500, і не факт, што на цябе не ўзбудзяць крымінальную справу.

Велізарная колькасць беларусаў дагэтуль, асабліва ў Instagram, падпісаныя на экстрэмісцкія рэсурсы. Паверце, там яшчэ ні на адзін месяц і ні на адзін год затрымліваць і затрымліваць людзей — профілі ў многіх адкрытыя. Не ведаю, як данесці, як растлумачыць, каб адпісваліся ад усяго.

бот для поиска сообщений в Telegram - инициатива Хранители
Фота ілюстрацыйнае. Мантаж Hrodna.life

Мне здаецца, людзі сапраўды несур’ёзна да гэтага ўсяго ставяцца. Вялікая колькасць людзей стаміліся, расчараваліся пасля падзей 2020 года і вярнуліся да свайго звыклага жыцця. Яны наогул не чытаюць пра колькасць рэпрэсій. І калі да іх даходзіць чарга, людзі з акругленымі вачыма кажуць «гэта не мы» або «прабачце, прабачце».

Вельмі цяжка пераканаць выдаліць свае Telegram-акаўнты. Мы нядаўна праводзілі апытанне: «Чаму вы не выдалілі свае Telegram-акаўнты з 2020 года?». Толькі 30% прагаласаваўшых адзначылі, што яны выдалілі свае акаўнты. Астатнія не выдалілі - то працоўная перапіска, то шкада з кантактамі сувязь губляць. Значна лепш адчуваць некаторыя нязручнасці і выдаліць акаўнты, чым рызыкаваць свабодай.

З чым людзі звяртаюцца па кансультацыю

Частка людзей просіць праверыць іх акаунт. Мы на такі выпадак правяраем людзей праз нашу базу паведамленняў. Фактычна, паведамляем людзям тое ж самае, што яны могуць і праз бот паглядзець.

Былі выпадкі, што чалавек пісаў у поўнай упэўненасці, што нумар нідзе не быў «спалены». Але мы правяралі - аказвалася, што ў яго нумар «засвечаны».

Можам падказаць рэкамендацыі, калі чалавека выклікаюць у сілавыя структуры або нядаўна затрымлівалі. Яшчэ адна з опцый — мы можам зрабіць выгрузку паведамленняў для выкарыстання як матэрыялы для пацвярджэння пры запыце міжнароднай абароны.

Чаму важна, каб людзі самі выдалялі свае каментары і акаўнты. Можа, прасцей рабіць усё за іх?

Мы задумваліся аб такім варыянце. Ёсць пабочны эфект ад гэтага. Мы за людзей павыдаляем іх паведамленні, але пры гэтым яны і ведаць не будуць, што гэтыя паведамленні былі. Яны будуць хадзіць з поўнай упэўненасцю, што знаходзяцца ў бяспецы, але пры гэтым паведамленні былі, і ў некаторых тэрміны даўнасці не прайшлі.

І вось такога чалавека, за якога мы ўсё зрабілі, спыняць, убачаць яго Telegram ID, праб’юць па сваіх базах і будзе «сюрпрыз» ад сілавікоў. Таму мы лічым, што больш эфектыўна, калі мы людзей праінструктуем, праінфармуем. І заадно раскажам і парэкамендуем ім праверыць іншыя сацсеткі.

Тут таксама навучальны эфект і павышэнне свядомасці — каб чалавек разумеў, што адбываецца. Для мяне адна з асноўных мэтаў праекта была, акрамя мінімізацыі рэпрэсіі, — свайго роду сацыяльнае даследаванне. Аўдыторыя, з якой мы працуем, — гэта ўдзельнікі пратэстных чатаў, некалі людзі нашых поглядаў, нашай сістэмы каштоўнасцяў. Хацелася зразумець наогул, што яны сабе думаюць, гэтыя людзі. Ці будуць яны наогул адклікацца?

Работа в Telegram
Ілюстрацыйнае фота з istockphoto.com

Пачынаць было страшна. Здавалася, што цяпер наогул ніхто не будзе адпісваць і мы яшчэ больш дэматывуемся. І так нейкі ўзровень дэматывацыі прысутнічае, апатыя ў пратэстных колах. А калі пачалі атрымліваць першыя станоўчыя водгукі - гэта вельмі натхніла.

Хочацца рабіць яшчэ і яшчэ, апрацоўваць яшчэ больш людзей, каб знайсці чалавека, якога ты засцярог. Ты бачыш, што ў яго былі каменты на тры крыміналкі, ты яго выцягнуў з гэтай сітуацыі, патлумачыў усё, ён табе падзякаваў. Гэта нейкі кармічны эфект.

Вельмі матывуе, што дапамог людзям, улічваючы свой пройдзены вопыт зносін з карнымі органамі. Ты разумееш, што не дасі чалавеку выпрабаваць гэтага жаху і стрэсу.

Будзем задумвацца, як паступаць з іншымі сацсеткамі. Будзем дапамагаць людзям знаходзіць лайкі альбо падпіскі, на падставе якіх іх могуць прыцягнуць.

Рэдакцыя Hrodna.life папрасіла пракаментаваць дзейнасць ініцыятывы «Хранители» некалькі праваабарончых арганізацый. Адна з іх паведаміла, што не зусім правільна каментаваць і разбіраць іх дзейнасць — маўляў, людзі робяць сваю справу.

«Бот, які шукае паведамленні і каментары ў групах, можа добра дапамагчы тым карыстальнікам, якія не заўсёды ўважліва ставіліся да сваіх слядоў у Telegram. Аўтаматычны пошук паведамленняў зэканоміць шмат часу. Да плюсаў можна аднесці тое, што вы не даяце боту доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі, таму яго выкарыстанне не цягне на дадатковыя рызыкі. Трэба толькі памятаць, што бот можа праверыць не ўсе вашы групы і не адмяняе неабходнасць уручную правяраць чаты і закрытыя групы», — напісалі нам у ініцыятыве «CyberBeaver».