Праз суткі пасля таго, як у нас на сайце з’явіўся матэрыял пра тое, што гродзенскі святар Георгій Рой шукае сям’ю Раеўскіх, каб перадаць «кнігу жыцця», у рэдакцыю Hrodna.life звярнулася некалькі чалавек. Сярод іх былі нашчадкі Зоі і Георгія Раеўскіх.

У 2017 годзе настаяцель Свята-Пакроўскага сабора Георгій Рой выявіў у парафіяльнай бібліятэцы Евангелле, якое было запісана ад рукі гісторыямі з жыцця гродзенскай сям'і Раеўскіх. Запісы ў кнізе працягваліся 60 гадоў. Святар хацеў знайсці нашчадкаў Раеўскіх і перадаць ім сямейную рэліквію.

Дома кніга прападзе

Аказваецца, Евангелле з запісамі Зоі Раеўскай у сабор перадала жонка яе праўнука Алена Раеўская ў 2012 годзе. Жанчына вырашыла з мужам, што каштоўнай кнізе лепш захоўвацца ў саборы.

«Мы святару ўжо паведамілі, што кнігу хочам пакінуць у саборы, — расказвае Алена. — Там ёй месца, таму што сваякі паміж сабой сёння не камунікуюць. А дома ў нас гэтая кніга знікне, а ёй патрэбны тэмпературны рэжым, як у бібліятэцы. Ёсць ў нас яшчэ старая кніга „Рэвізор“, дык яна ўжо ў дзірачках, плануем таксама перадаць яе ў музей. А наогул у нас было шмат каштоўных папер і розных дзённікаў, але яны ўсе прапалі. Яшчэ дзед Уладзіслаў Георгіевіч неяк казаў, што сваякам няма справы да гісторыі сям'і».

У сям'і захоўваецца памяць і копіі

Алена распавяла, што радавод сям'і Раеўскіх ідзе ад вядома расійскага генерала Мікалая Раеўскага, удзельніка французска-рускай вайны 1812 года. У адным з гарадоў Расіі сёння нават ёсць музей прысвечаны Раеўскім.

«Зоя і Георгій Раеўскія прыехалі на Гродзеншчыну ў 1939 годзе як настаўнікі, — кажа Алена. — Спачатку яны жылі ў Сапоцкіне, а пасля перабраліся ў Гродне. За сваё жыццё яны шмат паездзілі і папрацавалі. Зоя — аўтар запісаў у Евангелле — памерла ў ноч з 1989 на 1990 года ў ўзросце 87 гадоў. Па расказах яна была добрай жанчынай, але я яе не заспела. Але ў нашай сям'і сёння захоўваецца памяць пра яе і пра іншыя продкаў.

Яшчэ некалькі гадоў таму мы зрабілі копіі ўсіх важных дакументаў і нават напісалі цэлую працу на тэму дзённікаў і ўспамінаў Раеўскіх".

Hrodna.life дзякуе чытачам за актыўны пошук сваякоў Зоі і Георгія Раеўскіх.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life