«Раблю, што падабаецца». Гродзенка распавяла пра хобі, у якім ёсць месца чэрапу каровы і паўлінаваму хвасту

Першыя ўпрыгожанні Маргарыта Барынава зрабіла ў 2014 годзе з кавалка дроту, знойдзенага на сметніку: «Знайшла нейкі кабель ад тэлевізара і вырашыла зрабіць нешта». Зараз яна робіць не проста «нешта», а дызайнерскія галаўныя ўборы і маскі. Упрыгожанні ад Маргарыты заказваюць мадэлі для фотасесій і візажысты для конкурсных паказаў.

Пра тое, як хобі стала справай жыцця, чаму не любіць паўлінавыя пёры і пры чым тут чэрап каровы, Маргарыта распавяла Hrodna.life.

Працаваць з шырспажывам не цікава

«Калі ўсё пачыналася, не было магчымасцяў набыць прыгожыя матэрыялы», — кажа дзяўчына.

Цяпер з гэтым прасцей і Маргарыта «церпіць» толькі ад коштаў на стразы або ад занадта доўгага часу дастаўкі: «Хочацца працаваць з вялікай колькасцю матэрыялу і ўвесь час нешта спрабаваць».

Большая частка упрыгожанняў Маргарыты існуюць толькі ў адзінкавым варыянце. «Па часе вырабу ўсё залежыць ад матэрыялаў і магчымасцяў. Напрыклад, зялёны з „гусака“, я рабіла два дні, адзін рабіла, другі на сушцы». Працаваць з шырспажывам ёй не цікава. «Паспрабавала, але больш не хачу. Чым больш [тыпавых вырабаў], тым ніжэйшая якасць. Калі ў мяне ёсць замова, то я „дакалупваюся“ да драбнюткіх дэталяў».

У сталіцы працаваць больш выгадна. Але як можна памяняць Гродна на Мінск?

Часцей за ўсё ўпрыгожанні ад Маргарыты просяць у арэнду для аматарскіх або прафесійных фотасесій. Яшчэ больш — знаёмыя просяць даць пакарыстацца бясплатна. Спачатку яна згаджалася на ўсе прапановы. «Але людзі да гэтага звыклі і сталі сябе дрэнна паводзіць. Маглі паламаць і аддаць».

Зараз Маргарыта імкнецца больш шанаваць сваю працу. Надзейныя замоўцы, па яе назіраннях, часцей прыходзяць з Мінска і Брэста. Знаёмыя прапаноўвалі дзяўчыне пераехаць у сталіцу, каб было прасцей з арэндай упрыгожанняў. Але Маргарыта кажа, што Мінск не любіць, а Гродна не кіне: «Як можна Гродна на Мінск прамяняць, я не разумею?».

У Гродне Маргарыта супрацоўнічае з візажысткай Дар’яй Ёдэль. Упрыгожанні з пёраў Дар’я выкарыстала на адным з конкурсных паказаў.

Чытайце таксама: Звездная визажистка Дарья Иодель: За границей можно заработать больше, но родной Гродно важнее

Крыніцай натхнення для Маргарыты часцей за ўсё становіцца новы матэрыял: «Як толькі бачу, адразу хачу нешта рабіць. Але ніколі не замалёўваю, бо ў галаве бачу, як яно павінна выглядаць. Я больш канструктар і не лічу сябе дызайнерам».

Майстар, працы якога захапляюць і здзіўляюць дзяўчыну — ірландскі мадэльер-капялюшнік Філіп Трэйсі. Ён працуе з крыламі і пер’ем і робіць галаўныя ўборы для знакамітасцяў. «Вось ад гэтага чалавека я проста вар’яцею. Я натхняюся фактурай. Ён, вядома, бог. Такія капялюшы, галаўныя ўборы, я не ведаю, як гэта можна рабіць».

«Птушачак вельмі люблю»

«Я заўсёды любіла жывёл, але любоў да птушак да мяне ўжо потым прыйшла, — кажа яна. — Першы раз, калі ў дзяцінстве залезла на дрэва і ўбачыла лысых птушанят, было цікава за гэтым назіраць. Ва ўсіх птушак розныя яйкі, апярэнне, звычкі. Люблю птушачак, яны вельмі прыгожыя, нават верабей».

Зараз пёры для Маргарыты — адзін з самых даступных і частых матэрыялаў для ўпрыгожанняў. Сябры дзяўчыны дапамагаюць іх здабываць самымі рознымі спосабамі. Адзін з іх дамовіўся з супрацоўніцай заапарка, каб сабраць пёры і падарыў такі букет Маргарыце на дзень нараджэння. Іншы прапанаваў выбраць падарунак на «Куфары» і Маргарыта знайшла там пёры паўліна.

«Я тады купіла паўлінаў хвост. Самыя прыгожыя гэта вострыя пёры-стрэлы, а не з вочкамі. Іх вельмі мала, бо яны толькі па бакавіне прарастаюць. З таго часу я ненавіджу паўлінавыя пёры, мяне ад іх ванітуе, ужо не ведаю, што з імі рабіць. Не хочацца ж заўсёды рабіць бразільскі карнавал на галаве».

Таксама на «Куфары» Маргарыта купіла два свежыя гусіныя крылы за 14 рублёў. «Мне адказаў мужчына, што можа здабыць столькі крылаў, колькі трэба, у яго пад Гроднам сядзіба, дзе ён вырошчвае гусей. Але я з імі столькі пакутвала! Іх трэба было два месяцы вымочваць. Я чалавек імпульсіўны — максімум тыдзень. Потым псіханула, проста паабдзірала пёры і ўсё», — распавяла Маргарыта.

Цэлую навалачку пёраў пеўня Маргарыце перадала з вёскі мама калегі. Знойдзеныя каля дачы пёры ястраба прывезла сяброўка. Пёры папугая жако складае ў пакецік яго гаспадыня, знаёмая Маргарыты. Частку экзатычных пёраў дасылае маці, якая цяпер жыве за мяжой.

«Добрых людзей хапае, — кажа Маргарыта, — але ўсё роўна, гэтых пёраў няшмат».

«Знаёмцеся, гэта Маруся»

У пакоі ў Маргарыты на сцяне вісіць сапраўдны чэрап каровы. «Знаёмцеся, гэта Маруся», — прадстаўляе яго гаспадыня. На гэты чэрап яна апранае маскі і ўпрыгажэнні, з якімі працуе і кажа, што «Маруся ў мяне прыгажуня». Маргарыта распавяла «страшную і жудасную» гісторыю, як у яе з’явілася Маруся.

«Быў дождж, слота, прыехалі ў нейкі калгас без ліхтароў. Нас сустракае цётка і вядзе ў хлеў. Там вісеў ланцуг з гакам, а абяцанай галавы няма». Выявілася, яе знеслі сабакі і аб’елі шчокі. У такім выглядзе дзяўчаты знайшлі яе недалёка ад фермы. «Мы паклалі галаву ў смеццевы пакет і павезлі дадому». Маргарыта распавяла, што са словамі: «Знаёмцеся, гэта Маруся» паказала змесціва пакета маці і бабулі. «Маці ледзь прытомнасць не страціла. А бабуля спытала, ці ёсць што для халадца».

Раніцай бабуля распавяла, як асвяжаць галаву. «Доўга мардаваліся з Марусяй. Трэба было зняць скуру, выварыць, потым пазбавіцца ад рэшткаў мяса. Мы паставілі яе ў рондалі на балконе і на ёй завяліся апарышы, якія зрабілі ўсю працу ідэальна», — кажа Маргарыта. Потым дзяўчына зачысціла і пафарбавала чэрап. «Цяпер прыгожа глядзіцца з маімі ўпрыгожваннямі, я ёй хустачкі магу надзець, яна ў мяне прыгожая».

«Гэта не хобі, гэта ўжо неабходнасць»

«Маці, бабуля, сястра — швачкі. Я ўвесь час глядзела, што яны нешта шыюць, але самой не хацелася. Я пайшла іншым шляхам».

«Ёсць замова ці няма, я не кіну рабіць упрыгожанні. Буду і далей займацца. Лічу сябе богам пацалаваным мастаком, але пра гэта не кажу. Я звычайны чалавек, які робіць, што яму падабаецца».

Маргарыта Барынава

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024