Музейны пакой, прысвечаны рукатворным лялькам, адкрыецца 22 снежня ў бібліятэцы № 3. Да наваселля майстрыхі сабралі ў экпазіцыі некалькі дзясяткаў лялек. Палімерная гліна, грунтаваны тэкстыль, тканіна, салома — натхненне можа ператварыць любы матэрыял у ляльку, а «сур'ёзную» бібліятэку ў «бібліятэку сямейнага тыпу». Пакуль выстава рыхтуецца да адкрыцця, Hrodna.life запытаўся ў майстрых і бібліятэкараў пра таямніцы лялечных душ і творчасць у асяроддзі кніг.
«Гарадзенскія лялькі» нарадзіліся ў бібліятэцы
«Калі дзеці бачаць лялек у бібліятэцы, то заўжды пра іх распытваюць. Можна распавесці пра герояў казак, пра кніжкі і іх аўтараў. Бонусам за ўвагу звычайна бывае просьба: «А можна мне ўзяць такую кніжку? А можна ў бібліятэку запісацца?»
— расказвае бібліятэкарка Іна Сотнікава.
«Бібліятэка сямейнага тыпу»
Такія чытачы потым прыводзяць за сабой бацькоў і бабуль з дзядулямі, удзельнічаюць у іншых мерапрыемствах бібліятэкі. «Фармальна наша бібліятэка для дарослых, але працуючы лялькамі і з дзецьмі, ператвараем яе ў «бібліятэку сямейнага тыпу». Што да ўласных адносін з лялькамі, то па словах Іны, гэта «гісторыя пра тое, як хобі стала часткай працы».
Лялькі з душой і характарам
Калядную кампазіцыю з Іосіфам, Марыяй і немаўляткам рабілі разам дзве лялечніцы — Святлана Янчылік і Алена Шылко.
«Хочацца рабіць пазітыўных герояў, каб яны краналі сэрца, каб гледачы адгукаліся на пачуцці, укладзеныя ў працу».
Праца над імклівым аватарам заняла амаль тры месяцы.
Дарослая «гульня ў лялькі», мяркуе Святлана, дае магчымасць рэалізаваць усе свае мастацкія навыкі і засвоеныя тэхнікі. Дэкупаж, шытво, бісер, лепка ці роспіс — у лялечным свеце для ўсяго знойдзецца прымяненне. «Лялька ўвасабляе ўсе ўменні майстра».
Але не заўжды ўсё залежыць ад чалавека, раскрывае яшчэ адну «лялечную» таямніцу майстарка Алена Шылко. Ёсць лялькі з храктарам, каторыя «не даюцца» і бывае, «даспяваюць» месяцамі.
Лялечнае наваселле
«Некалі мы і марыць не маглі, што ў „Гарадзенскіх лялек“ будзе ўласны, хоць і невялікі, музей. Напачатку ж не было для іх нават паліц», — узгадвае Іна Сотнікава. Аде калі робіш нешта з душой, то і вынік, і развіццё абавязкова будуць, упэўнены «апантаныя лялечніцы».
«Ведаеце, мужчыны так у гаражах збіраюцца, а мы ў бібліятэцы з лялькамі, — параўноўвае Алена Шылко. — Без клуба ўжо цяжкавата было б».
Адкрыццё «Лялечнага дому» адбудзеца 22 снежня ў 16.00 па адрасе вул. Лізы Чайкінай, 49.
Яшчэ адна «карнавальная» выстава з удзелам «Гарадзенскіх лялек» пачне працаваць з 21 снежня ў Музеі гісторыі Гарадніцы.