На мяжы Гродзенскай вобласці, каля самай Белавежскай пушчы, другі год адраджаюць беларускі абрад гукання вясны. Гуканне ладзяць у вёсцы Залессе, якую ад вымірання ратуе арнітолаг Сяргей Сідарук і яго жонка Наста Хмель, спявачка з гурта “KRIWI”.

У Залессі вясну гукаюць у апошнія выхадныя сакавіка. Фармат свята – традыцыйны абрад з аўтэнтычнымі веснавымі спевамі, дзе кожны – ўдзельнік. У перапынках паміж дзеяй людзі стасаваліся, гралі на барабанах, талакой варылі кашу і глінтвейн, ляпілі пельмені і гулялі па дзікіх ваколіцах. Сёлета гуканне вясны, на якое госці з’ехаліся з Мінска, Брэста, Гродна і нават Берліна, супала з днём сусветнай акцыі Гадзіна Зямлі – яно праходзіла 30-31 сакавіка.
“Вядома, што Гадзінай Зямлі мы Зямлю не ўратуем, але гэта масавая акцыя, пра якую 100 чалавек пачуюць, 10 зразумеюць і нешта зробяць. І я хачу ўдзельнічаць у такіх акцыях, каб хоць неяк замарудзіць працэс знішчэння прыроды”, – патлумачыла Наста.
Калі Наста Хмель жыла ў Мінску, з 2004 года 10 вёснаў разам з музыкамі гурта “Джамбібум” ладзіла гуканні на востраве пасярод вадасховішча на ўскрайку горада. Перастала ладзіць у сталіцы, бо апасалася, што ўлады палічаць гэта за няўзгодненае масавае мерапрыемства.










Ужо на другі дзень пайшлі на бераг ляснога возера, каб перагуквацца песнямі з двух берагоў. У альтанцы на месцы, дзе калісьці была карчма пры тракце з Кракава на Вільню, дамовіліся, каму на якім беразе быць, і што спяваць


Балота Дзікое каля сядзібы – вялікі некрануты абшар, на якім гняздуюць разнастайныя віды птушак, у тым ліку тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Балота ўваходзіць у склад нацыянальнага парку “Белавежская пушча”. У ваколіцах вельмі шмат соваў.



Аграсядзіба скіраваная на экатурызм. Гаспадары адмыслова не будавалі лазню, каб адсеяць аматараў напівацца. Сюды прыязджаюць замежнікі-натуралісты, бёрдвочары і людзі, якія шукаюць адпачынку ад гораду ў глушы (так званы дзіджытал-дэтокс). Акрамя гукання вясны, тут ладзілі арніталагічныя летнікі, святкаванне Купалля, тэатральны фэст “Прызба”, канцэрты, але надта масавыя мерапрыемствы гаспадарам не даспадобы – зашмат працы з арганізацыяй і адказнасці.







