Праект “CityUp” гэта платформа, якая дазваляе стварыць гарадскі сайт – нешта сярэдняе паміж навінным і турыстычным парталам. Стваральнікі – студэнты ГрДУ Уладзімір Гангала і Дзмітрый Сухоцкі – кажуць, што іх праект дапаможа вырашыць праблемы малых і сярэдніх гарадоў: перамагчы беспрацоўе, прыцянуць бізнес і развіць турызм.

Уладзімір і Дзмітрый прэзентавалі праект “CityUp” на гродзенскім ІнвестУікендзе і студэнцкім форуме “PR-кветка 2017”. На “PR-кветцы” яны атрымалі трэцяе месца ў секцыі “Піяр” і спецыяльны прыз ад галоўнага спонсара – Institute for Public Relations.

Пачалося са школьнага праекта

Гісторыя праекта распачалася пяць гадоў таму, калі Уладзімір, тады навучэнец адной з кобрынскіх школ, пачаў рабіць на ўроках інфарматыкі каталог сайтаў Кобрына. З часам стала зразумела, што існуюць агульныя праблемы развіцця малых і сярэдніх гарадоў. Першая праблема – развіццё бізнесу. Такія гарады базуюцца на адным прадпрыемстве, якое часта ў застоі. Адсюль і беспрацоўе. Другая праблема – развіццё турызму. Каб вырашыць гэтыя праблемы, каталог перафарматавалі на сайт ikobrin.by – мульцімоўны “Турыстычны Кобрын”.

Гродзенскія студэнты прыдумалі праект “CityUp”, каб развіваць турызм і перамагаць беспрацоўе ў малых гарадах
Студэнт ГрДУ Уладзімір Гангала на гродзенскім ІнвестУікендзе

– Мы пачалі аптымізаваць інтэрфэйс, рабіць раздзелы, дадаваць тысячы артыкулаў, – расказвае Уладзімір Гангала. – Мы пісалі код, а краязнаўцы запаўнялі сайт унікальным матэрыялам па Кобрыну. Сабралі матэрыял, зрабілі зручную навігацыю для турыстаў – як дабрацца, чым заняцца ў горадзе, дзе пераначаваць, дзе паесці. Дадалі віртуальныя падарожжы па Кобрыну і вёсцы Бельск – першыя віртуальныя падарожжы па сярэднім горадзе і сельскай мясцовасці. Вёскі выміраюць, а мы спрабуем адрадзіць іх, паказваем, што гэта наша гісторыя. Магчыма, інвестары зацікавяцца і ўкладуць грошы ў развіццё вёсак.

Сайтам займаюцца валанцёры

За тры гады працы сайт стаў трэцім па запыце “Кобрын” у пошукавіках на русках і англійскай мовах. Ён дапамог прыцягнуць у горад турыстаў. Дзякуючы сайту замежнікі знайшлі сваякоў у Кобрыне. З’явіліся новыя турыстычныя маршруты. Адкрыліся новыя асобы Кобрына: напрыклад, матыматэк Оскар Зарыскі, які атрымаў прэмію Вольфа, і жыў у Кобрыне да міграцыі ў Амерыку. Да гэтага пра яго на прасторы рунэта не было матэрыялаў.

https://www.instagram.com/p/BSWi9KHl6tc/?taken-by=vovagongalo

– Сваім праектам мы паказалі, што можна развіваць турызм у малых гарадах Беларусі. Гэта можа быць сапраўды цікава і не з пункту гледжання гісторыі, а з пункту гледжання бізнеса. У малых гарадах ёсць адно-два прадпрыемствы. Працы мала, людзі едуць у абласныя цэнтры. Але калі стварыць працоўныя месцы ў родным горадзе, людзі застануцца і будуць рабіць горад лепшым, – кажа Уладзімір.

Сайтам на валанцёрскіх асновах займаюцца выкладчыкі і краязнаўцы. Кантэнт – гістарычныя матэрыялы, інфармацыя для турыстаў, база прадпрыемстваў горада. На сайце ёсць раздзел аналітыкі, дзе можна ўбачыць лакальныя пошукавыя запыты па бізнес тэматыцы і зразумець, што ў горадзе актуальна. Гэта будзе карысна для пачынаючых бізнесоўцаў, якія шукаюць нішу.

Гродзенскія студэнты прыдумалі праект “CityUp”, каб развіваць турызм і перамагаць беспрацоўе ў малых гарадах

Шмат узнагарод, але грошай не хапае нават на сервер

Зразумеўшы, што праект працуе, выкладчыкі напісалі код і стварылі праект “CityUp” – платформу, якая дазваляе ствараць падобныя сайты для іншых гарадоў. Паступіўшы ў Гродна на спецыяльнасць “Інфармацыя і камунікацыя”, Уладзімір разам з аднагрупнікам Дзімам пачаў дапрацоўваць і папулярызаваць праект у іншых гарадах.

Але для гэтага патрэбны сур’езныя праграмісты і каманда, якая прасоўвала б праект на рынку краіны. А значыць патрэбныя грошы. Уладзімір і Дзмітрый ужо прадумваюць піяр-мерапрыемствы, ім дапамагаюць выкладчыкі і медыяцэнтр ГрДУ. У выніку ў кожным горадзе Беларусі павінен з’явіцца канкрэтны прадукт – сайт, які будзе вырашаць праблемы развіцця турызму і бізнесу. У перспектыве можна выходзіць на рынак СНД.

Гродзенскія студэнты прыдумалі праект “CityUp”, каб развіваць турызм і перамагаць беспрацоўе ў малых гарадах

– Мы навучым працаваць з платформай людзей, якія захочуць рабіць гэта для іншых гарадоў. Наша мэтавая аўдыторыя – беларусы, якія хочуць прасоўваць свой горад і ствараць яго імідж.

З праектам Уладзімір выступаў на многіх конкурсах і канферэнцыях ды атрымліваў прызы. Сярод іх – Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс у 2016 годзе (1 месца ў секцыі “Computer Science”), Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя па гісторыі Беларусі ў 2014 годзе (2 месца), “BelSEF-2015” (2 месца ў секцыі “Computer Science”) і “BelSEF-2016” (прыз за самую граматную бізнес-рэалізацыю). Сайт ikobrin.by стаў лепшым сайтам арганізацыі ўязднога турызму на выставе “ТИБО” ў 2014 годзе. У скарбонцы студэнта конкурс “IT-граніца”, рэспубліканскі конкус “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

https://www.instagram.com/p/BSTtzr7FD1E/?taken-by=vovagongalo

Нягледзячы на прадуктыўнасць сайта, яго хацелі закрыць з-за адсутнасці сродкаў не толькі на працу аўтараў і праграмістаў, але і на ўтрыманне сервера. Бывала, на сайт заходзіла 15 тысяч чалавек у дзень і сайт “завісаў”. Рэклама, якую там зараз размяшчаюць, не акупіць нават тэхнічныя выдаткі. Сёлета іх удалося аплаціць дзякуючы падтрымцы мясцовых уладаў. Спонсараў спрабуюць знайсці на выставах, конкурсах, канферэнцыях і праз публікацыі ў СМІ.