Да Ігара Субоціна людзі часта нясуць самае дарагое, што ў іх ёсць. Адны — ювелірныя упрыгожанні, другія — вершаваныя радкі. Амаль 27 гадоў ён працуе ювелірам, больш за 10 — піша вершы і афарызмы, а тры гады таму заснаваў у Гродне літаратурную кавярню. Сумяшчаць працу і творчасць не складана, бо «і тое, і тое — паэзія».
«Тут у мяне ўсё сумясцілася — і майстэрня, і працоўны кабінет». Асноўная частка вершаў, па словах Ігара, і пішацца за працай. Прыходзяць думкі - чаму, адкуль — не да пытанняў. Трэба іх адразу запісаць. Гэтага правіла майстар трымаецца нават у сне. Бывае, што «накрывае» і ўначы. Трэба ўставаць і пісаць. Інакш — сыдуць знаходкі, як вада ў пясок.
Праца рукамі і праца творчая адна другой не шкодзяць."Калі любіш справу і працуеш для людзей з душой, то гэта — таксама паэзія". Аднаму найлепшы падарунак — верш, іншаму — адрамантаваны ланцужок.
Ювелірнай дакладнасці патрабуе і адно, і другое. Але гэта якраз у характары майстра. «У мяне жылка такая, інакш не магу.»
У рукі да ювеліра часта трапляюць рэчы дарагія і каштоўныя. Ігару Субоціну даводзілася аднаўляць свяшчэнны пацір з Уладзімірскай царквы і рабіць гравіроўку на гадзінніку коштам пад дзесяць тысяч долараў. Гэта прывучыла майстра ставіцца да коштаў і каштоўнасцяў прафесійна і па-філасофску.
«У такіх выпадках спрацоўвае падвойная адказнасць. Разумееш, што права на памылку няма. Калі рэч мае даўнюю гісторыю, то праца набывае яшчэ і духоўны складнік».
Але каштоўнасць рэчы для майстра часта вызначае не толькі цана металаў ці каменьчыкаў. Золата і плаціна для ювеліра — такія ж мінералы, як і астатнія. За доўгі час працы яны робяцца прывычнымі. Мо праз тое каштоўнасць эмоцый і пачуццяў ювелір лічыць значна больш высокай.
«Рабіў неяк брошку. Жанчына прынесла звычайны булыжнік. Папрасіла аздобіць каменчык у выглядзе павука. Памятаю, як гартаў каталогі ў пошуках формы, суставы на лапках рабіў, вочкі. Тая праца запомнілася, хаця ніякай аб’ектыўнай каштоўнасці камень не меў».
Апроч ювелірнай дакладнасці не абыйсціся майстру-паэту без ведання чалавечай душы. Яе Ігар Субоцін навучыўся чытаць не толькі ў вершах, але і ва ўпрыгожваннях.
«Бывае, людзі нядбайна ставяцца да ювелірных упрыгожанняў. Дзіўна бачыць дарагія рэчы пагнутымі ці падрапанымі. Напэўна, дабрабыт такому чалавеку даўся лёгка, таму не цэніцца. А ёсць людзі, што да кожнага моманту жыцця ставяцца, як да каштоўнага дара. У такіх і рэчы інакш выглядаюць».
Першая кніга вершаў і афарызмаў «Стриптиз души» была напісана па начах. «У той час спаць даводзілася не больш за пару гадзін на дзень», — узгадвае Ігар. Летась выйшла ўжо чацвёртая кніга ювеліра — «Странствия разума».
«Кожная кніжка — гэта мой брыльянцік. Як дыямант утвараецца з алмаза, так усё, што ўва мне назапасілася, абточваецца ў такі каменчык. Зараз думаю, шмат што засталося сырым, з нейкімі думкамі ўжо не пагаджаюся, але на той час гэта быў вынік творчасці».
На пытанне, адкуль узяліся тры тысячы афарызмаў і шматлікія вершы, аўтар адказвае, што «ствараюць нашы душы, мы толькі пасярэднікі». На вяршынях эмацыйных перажыванняў, яго меркаваннем, адкрываюцца блакіроўкі свядомасці падымаецца плынь думак. А падвесці да вяршынь можа… каханне.
«У сваіх кнігах пра гэта таксама пісаў. Што чалавек складаецца з душы, розуму і цела. І што сапраўднае каханне яднае ўсе часткі. Душа кахае з першага погляду. Калі не думаеш, як гэта жанчына катлеты будзе жарыць. Розум стварае сяброўства і павагу. Цела патрабуе жарсцяў. Калі здольны трымаць усё разам, то прыходзіць узнагарода, з’яўляецца дар. А потым як пачнеш, то ўжо і спыніцца нельга».
Вакол Ігара Субоціна тры гады таму сабраліся сябры-аднадумцы. Так утварыўся паэтычная суполка — літаратурная кавярня «Три свечи». «Зараз нашы людзі, гледачы, паэты. артысты, сталі, як родныя. Сустракаемся, чытаем вершы, адзначаем святы, выдаем літаратурны альманах». Знайсці вершы суполкі можна ў сеціве. «Некаторыя апасаюцца змяшчаць творы ў інтэрнэце, каб нехта „не пазычыў“. А на маю думку — хай вершы ідуць да людзей. Раз дадзены такі дар, ім трэба дзяліцца».
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …