Куды ідуць бюджэтныя грошы? Гэта пытанне рэгулярна ўзнікае ў сучасных гродзенцаў, калі мы жывем у эпоху капіталізму і пільна сочым, як ліюцца вакол нас фінансавыя патокі. Тым жа пытаннем цікавіліся беларусы і ў эпоху планавай эканомікі. Дакладней, як выдаткуюцца бюджэтныя сродкі ў Гродне, аднойчы зацікавіліся рэжысёры «Беларусьфільма» Мікіта Хубаў і Уладзімір Арлоў. У 1967 годзе яны выпусцілі дакументальнае кіно «Гродзенскі кашалёк».
Канал пра гісторыю Hrodna 11:27 зрабіў канспект фільма.
Здавалася б, што можа быць больш нудным за гарадскі бюджэт? Ці можна ўвогуле гісторыю пра лічбы зрабіць цікавай? Аўтары паказалі: сапраўды можна, калі падсвятліць тыя лічбы, што заставаліся ўтоенымі ад вачэй гродзенцаў.
Фільм пачынаецца з каларытных кадраў заплыву «маржоў». Аголеныя суворыя мужчыны пасярод лёду і снегу ныраюць у палонку, а гараджане сабраліся паглядзець на гэтае бясплатнае відовішча. Але ці сапраўды бясплатнае, — задаецца пытаннем дыктар за кадрам.
Каб даехаць у цэнтр горада, гродзенцы патрацілі па пяць капеек на аўтобус ці тралейбус. Уважлівы сучасны глядач адразу задумаецца, колькі зараз атрымлівае гродзенскі бюджэт, калі гараджане ў спякотны дзень масава накіроўваюцца ў цэнтр: на пляж, набярэжную, у парк ці летнюю кавярню. Калі гараджане не пачнуць масава ездзіць «зайцам», то з кожнага прабітага білета папоўніцца і гарадскі бюджэт.
Кадры фільма змяняюцца і мы бачым трэніроўку адважных інкасатараў, якія страляюць па мішэнях, каб пры неабходнасці «абараніць сацыялістычны рубель».
На гэтых інкасатарах яшчэ няма бронекамізэлек, ды і машына іх без адпаведнага ганарлівага надпісу «інкасацыя». Менавіта такія звычайныя мужчыны на звычайнай, толькі намытай да ззяння для здымкаў, машыне пад’яджаюць у банк.
Банк узору 1967 году таксама не падобны да сучасных аддзяленняў з электроннай чаргой і рэкламнымі плакатамі на сценах. Строгая кантора, дзе сядзяць сур’ёзныя спадарыні з экзатычнымі зараз драўлянымі лічыльнікамі і ад часу да часу мачаюць пяро ў чарніліцу, каб зрабіць важныя запісы.
Чытайце таксама: «Далучаць стратнае да прыбытковага — шлях у нікуды». У Гродне аб’яднаюць гарадскія прадпрыемствы. Навошта — тлумачыць эксперт
Пакуль сур’ёзныя дамы пералічваюць мільёны, дыктар прапануе падлічыць, колькі каштуе засеяць пустку новым газонам улетку. Кілаграм насення — сем рублёў, вось і атрымліваецца, што ўсе газоны на Савецкай плошчы абыходзяцца гораду ў 42 834 савецкія рублі.
Уяўляеце сабе тыповыя савецкія жалезабетонныя вазы, якімі дагэтуль упрыгожаны некаторыя месцы ў нашым горадзе? Такая ваза ў свой час каштавала бюджэту 81 рубель.
Каб паліваць потым кветкі, што будуць расці ў гэтай вазе, патрэбна вада — таксама не бясплатная. Той жа небясплатнай вадой заліваюць каток узімку. Тарыф у 1967 годзе быў чатыры капейкі за кубаметр. Стваральнікі фільма падлічылі, што за бясплатны каток для дзяцей горад заплаціў 190 рублёў. Той жа зімой, каб упрыгожыць горад пад Новы год, патрацілі 9472 рублі.
Сярэдні заробак у СССР у 1970 годзе складаў 122 рублі. Аднак ва ўмовах планавай эканомікі цэны фармаваліся не праз кошты і попыт на рынку, а праз «набліжэнне цэн да грамадска неабходных затрат працы». Простымі словамі - цэны ўсталёўвала дзяржава.
Цэны на некаторыя рэчы маглі нават не пакрываць кошты на іх вытворчасць, таму цяжка параўнаваць дзве розныя сумы, як мы прызвычаіліся гэта рабіць ва ўмовах рынкавай эканомікі. Аднак варта звяртаць увагу на гэтыя лічбы, каб усвядоміць, што ў кожнага элемента гарадской прасторы ёсць канкрэтная цана.
Хаця савецкая вопратка асацыюецца з таварным дэфіцытам, трэба адзначыць, што ў і шасцідзясятых у гродзенцаў было імкненне апранацца прыгожа. На кадрах з фільму мы бачым прыгажунь у масіўных футравых шапках, што выбіраюць абутак.
Абутак павінен быць, як кажа дыктар, зручны, прыгожы і недарагі.
Чытайце таксама: «Па 50 кг вывозілі» і «цэлымі вазкамі». Як у Гродне раскупляюць цукар пасля чутак пра падаражэнне
Сталыя жанчыны ў хустках абіраюць тканіну: модную, прыгожую і недарагую. Цікава, што аўтары фільма абралі паказаць менавіта працэс выбару тканіны, а не гатовых рэчаў. Сапраўды, за недахопам разнастайнасці гродзенцы шмат адзення шылі або ўласнымі рукамі, або замаўлялі ў вядомых краўцоў, што таемна шылі дома.
«Гэта наш рубель. Ён адзіны: уласны ён ці народны», — адзначае дыктар і распавядае пра сацыяльны эксперымент, што праводзілі падчас працы над фільмам. З дазволу гарадской адміністрацыі ў цэнтры гораду малады чалавек пачынаў дэманстратыўна ламаць паркавую лаўку.
Здымачная каманда загадзя запрасіла міліцыянера, які меў абараніць эксперыментатараў ад раз’юшаных гараджан, што маглі рынуцца на ахову сацыялістычнай уласнасці.
Дапамога міліцыянера не спатрэбілася. Мінакі не звярталі ніякай увагі на хлопца, што ламаў рэч, спансаваную гродзенскім бюджэтам. За цэлую гадзіну здзекаў з лаўкі адзіны мужчына зрабіў вандалу заўвагу. Кожная лаўка, дарэчы, каштавала гораду 2000 рублёў. Ад такога рабавання, што было ў эксперыменце, інкасатары не абароняць.
Цікава, якая была б рэакцыя сучасных гродзенцаў на тую выхадку з лаўкай?
Чытайце таксама: Госконтроль в Гродно работал наиболее эффективно: взыскали 20,8 млн рублей в бюджет
На эпізодзе з вандалам здымачная каманда не супынілася і вырашыла правесці яшчэ адзін сацыяльны эксперымент. На тым жа месцы, дзе стаяла лаўка, у асфальт убілі рублёвую манету.
Ад часу да часу гродзенцы прысядалі, каб падняць манету, але адчуўшы, што тая моцна захрасла ў асфальце, расчаравана спяшаліся па сваіх справах. Толькі адзін настойлівы малады чалавек падкалупнуў яе нейкімі падручнымі сродкамі і абагаціўся на цэлы савецкі рубель.
На магчымасць атрымаць трошкі грошай гродзенцы рэагавалі куды больш ахвотна, чым на магчымасць страціць бюджэтныя грошы з супольнай уласнасці.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…