Людзі і справы

Гродзенскі дыджэй Вова: ад савецкіх дыскатэк да радыё MFM

Уладзіміру Хомічу з Радыё MFM ужо 53 гады, а ён, як і ў маладосці, працуе дыджэем. Творчы шлях ён пачынаў яшчэ ў дзіцячым доме і ўжо тады марыў працаваць радыёвядучым і круціць музыку. Ажыццявіць галоўную мару яму ўдалося, пераадолеўшы паўвекавую мяжу.

Сёння гродзенец уваходзіць у топ-100 дыджэяў Беларусі, а на яго музыцы вырасла не адно пакаленне гараджан. Разам з Уладзімірам, мы ўспамінаем, як фармавалася яго музычная кар’ера.

З-за дзяўчынак прыйшлося круціць музыку

«Дыджэем я працую з першых дыскатэк у Саюзе, а гэта недзе з 1978 года. Пачынаў у Навагрудку, працягваю ў Гродне. Але да першых сур’ёзных дыскатэк я прайшоў два дзіцячыя домы, дзе і палюбіў музыку. Там ужо ў старэйшых класах калекцыянаваў і круціў пласцінкі.

У школе я быў бандытам, мяне заўсёды моцна лаялі на лінейках, называлі „ганьбай нашай школы“, а дзяўчынкі ў маім класе мяне наогул цярпець не маглі. З-за таго, што са мной не камунікавалі, мне на танцах даводзілася круціць музыку. Мне гэта спадабалася і з тых часоў з музыкай я не расстаюся», — распавядае Уладзімір.

Заўзяты металіст з абутковай фабрыкі

У 1980 годзе малады дыджэй Вова прыязджае ў Гродна і адразу ж iдзе працаваць на абутковую фабрыку. Ужо тады дзетдомаўскi хлапчук пачынаў граць у інтэрнатах і розных навучальных установах.

«Граў тады на бабiнавым магнітафоне і даводзілася ўсё заўсёды пераносіць з аднаго месца ў іншае. Людзям падабалася, я ад гэтага атрымліваў задавальненне. Граў у той час вядомыя замежныя хіты. З часам мяне запрасілі працаваць у больш культурныя ўстановы».

Але да гэтага Уладзіміру давялося прайсці шлях заўзятага металіста. Доўгія валасы, чорная майка, шыпы на руках і многае іншае прысутнічала ў штодзённым стылі маладога музыканта.

«Стваральнікі „Меня зовут Арлекино“ прасілі ў мяне дапамогі»

«Замежная музыка ў нашым горадзе з’яўлялася раней, чым у Маскве. Атрымлівалася гэта дзякуючы блізкасці мяжы. Мы тады з сябрамi круціліся як маглі, не толькі ў музыцы, але і ў продажы джынсаў, красовак ды іншага. Дарэчы, у горадзе ў тыя часы не было чорных маек, мы іх рабілі самі - здавалі ў хімчыстку і фарбавалі, а потым мастакі праз трафарэт набівалі лога любімых груп. Калі выходзілі ў горад у такіх майках, міліцыя нас спыняла і зрывала іх. У горадзе быў сур’ёзны рух аматараў року, менавіта таму ў Гродне здымалі фільм «Меня зовут Арлекино».

У стварэнні стужкі Уладзімір прымаў непасрэдны ўдзел. Ён тады быў першым і апошнім старшынёй гродзенскага рок-клуба, якi спецыяльна арганізавала дзяржава, каб сабраць усiх металicтаў у адным месцы. Стваральнікі фільм звярнуліся да Уладзiмiра па дапамогу ў арганізацыі здымак.

Моманты з фільма малады музыка запомніў на ўсё жыццё. Ёсць сцэна, дзе хуліганы злавілі металіста і стрыглі яго. На гэтую ролю з гродзенскіх валасатых ніхто не падпісаўся, хаця за яе прапаноўвалі добрыя грошы і плакаты вядомых рок гуртоў. У выніку рэжысёру прыйшлося выклікаць чалавека ажно з Масквы. Уладзімір кажа, што для іх — гродзенцаў 1980-х гадоў - прынцыпы былі даражэй грошай.

«Меня зовут Арлекино» — культавы фільм пра часы, калі доўгавалосыя металісты варагавалі з качкамі з прыгарада. Усё лета ў Гродне здымалі і ўсе жылі гэтымі здымкамі. Нават каскадзёры і пастаноўшчыкі боек прыязджалі з Літвы, каб праводзіць трэніроўкі для масоўкі. Нават стадыён арэндавалі, каб правільна адпрацоўваць удары.

Але ўсё адно ў адной са сцэн фільма, мяне адправілі ў накаўт. Ужо пасля маскоўскі акцёр, які займаўся прафесійна боксам, сказаў мне: «Ну ты так класна стаяў, што грэх цябе было не стукнуць».

«Больш двух дзён без роднага горада не магу пражыць»

Набліжаліся 90-я. Уладзімір ужо працаваў дыджэем у праграме «Міні-Макс». Там ён і правёў лепшыя свае гады. Граў таксама ў рэстаранах, палацах культуры і пазней у клубах — «777» і «Флінт».


«Праграма „Міні-Макс“ з’явілася на папулярнай тады дыскатэцы ў 30-м трэсце, пасля „Стоп Лайн“. Як дыджэй, я выйграваў там неаднаразова розныя конкурсы, але камсамольцы не дазвалялі металісту стаць пераможцам і мне заўсёды даставаўся прыз глядацкіх сімпатый. Яны не разумелі, што для дыджэя гэта была самая галоўная ўзнагарода.

Для мяне музыка — гэта жыццё. Я прачынаюся слухаю яе, кладуся спаць — таксама з ёй, я ўвесь у музыцы.

Пасля кар’еры ў гродзенскіх клубах, ажыццявілася мая даўняя мара — я трапіў на радыё. Трапіў не выпадкова, былы дырэктар тэлеканала „Гродна Плюс“ і радыё MFM Аляксандр Ласмінскі прапанаваў мне працу яшчэ тры гады да адкрыцця. І сваё слова стрымаў.

Мая праграма першай з’явілася на новым радыё, па ёй можна лічыць колькі існуе MFM. Я запісаў 200 выпускаў, а гэта значыць, што радыё існуе 200 тыдняў. Праграма будзе доўжыцца столькі, колькі будзе існаваць рок-музыка.

Гродна я вельмі люблю, я жыву гэтым горадам. Я шмат дзе быў, але больш двух дзён без роднага горада не магу пражыць».

Праграма Уладзіміра называецца «Цяжкі панядзелак» і выходзіць раз на тыдзень. Каб знайсці добрую музыку для радыё, дыджэю даводзіцца шмат капацца ў мностве старых і новых альбомаў, замежных і айчынных. У сваёй праграме Уладзімір ставіць рок, а ў розных іншых установах круціць электронную музыку.

«Для дыджэя зводзіць трэкі - не самае галоўнае»

На дыскатэках Уладзiмiра вырасла не адно пакаленне гродзенцаў. Яму здаецца, што раней людзі былі дабрэй. Напрыклад, хлопцы прытрымліваліся на танцах вулічнага кодэксу — пабіліся да першай крыві, паціснулі рукі і разышліся. А потым былі добрымі сябрамі. Дыджэй лiчыць што зараз усё інакш, могуць і кучай аднаго біць, пакуль іх не разнiмуць.

«Таксама і з музыкай. Калі раней людзі шанавалі музыку, бо яе цяжка было дастаць, то цяпер людзі не звяртаюць на яе практычна ўвагі. Дастаць любімы трэк для іх ужо не складана.

Многія маладыя дыджэі лічаць, што калі яны навучыліся зводзіць трэкі, дык адразу становяцца дыджэямі. Гэта не самае галоўнае. Трэба быць дыджэем як у музыцы, так і ў жыцці. А гэта вобраз, стыль адзення і многае іншае. І трэба абавязкова жыць музыкай і мець музычны густ — гэта аснова. Я з такіх дыджэяў, якіх, на жаль, засталося зусім мала».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025

«Мама выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала трапіць у Польшчу». Рэпатрыянтка — пра дзяцінства ў Гродне і эміграцыю ў 1946-м

Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…

18 сакавіка 2025

«Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…

17 сакавіка 2025