Людзі і справы

«Да жніўня ўсё распісана». Гродзенцы зрабілі аграсядзібу з доміка на вёсцы і здзіўляюць гасцей мясцовай кухняй

Домік у вёсцы Гінавічы пад Гродна застаўся ў сям'і Казлоўскіх ад бабулі і дзядулі. Спачатку збіраліся там на свае святы, а потым вырашылі арганізаваць аграсядзібу. У першы год працы атрымалі ўзнагароду за лепшы старт у бізнесе, а сёлета ўжо маюць замовы на палову наступнага года. Чым вабіць мясцовых і замежнікаў «Панскі двор», гаспадары расказалі Hrodna.life.

«Ёсць жаданне — працуйце»

«Тут усё апрабавана на сабе, — расказвае Вольга Казлоўская. — Сям'я была вялікая, у мужавай мамы два браты і дзве сястры. Святы заўжды былі шматлюдныя, бабуля ў нас хлебасольная». Потым сям’я раз’ехалася і даглядаць пустую хату на вёсцы ўнукам стала нязручна. Узімку амаль праз дзень даводзілася ездзіць, каб прапаліць у печы. Тады і задумаліся — што зрабіць, каб не марнаваць час дарэмна. Вырашылі зрабіць тут аграсядзібу.

Калі дзеці выказалі ідэю, мама Ядвіга падтрымала. «Яна ў нас такая, што за любую дзвіжуху, — кажа Вольга. — Знаёмыя таксама раілі паспрабаваць. Усе казалі - будзе толк. Толькі пра тое, якая гэта агромністая праца, не казалі. На той час мала хто гэты бізнес спрабаваў».

Панскі двор па-новаму

Назву сядзібе дала гісторыя мясцовасці. Раней непадалёку насамрэч быў панскі двор. Спачатку тут жылі паны Гвіды, а пасля іх сям’я Будзько. «Ад панскай сядзібы засталося зарослае возера, стары сад і канюшня. Быў яшчэ млын, але яго разбурылі за савецкім часам, — расказвае Іван Казлоўскі. — Бабуля казала, што вяскоўцы хадзілі да паноў на заробкі, працавалі на градах».

На сваім панскім двары Казлоўскія працуюць самі. Іх пяцёра — двое братоў з жонкамі і маці. Усе яны маюць працу ў горадзе, толькі маці зараз на пенсіі. Сядзібай займаюцца ў выходныя ці ў вольны час.

«Тут усё зроблена сваімі рукамі, — расказвае Іван. — Брат мэблю рабіў, я — жырандолі. І лазню самі будавалі, і плітку клалі. Купіць выходзіла даражэй і не так цікава».

«Як пачыналі справу, у банк хадзілі, як на працу, — расказвае Вольга. — Бізнес-план скласці, дакументы сабраць, калі ніколі гэтым не займаўся, то зусім не проста. У 2014 з 12 сядзібаў толькі мы атрымалі крэдыт».

Ад лазні да кухні

«Пачыналі справу з лазні, — расказвае Іван. — Пра харчаванне спачатку і не думалі. Потым вырашылі маму да справы прыстроіць. Яна 40 гадоў у грамадскім харчаванні адпрацавала. Сказалі, хопіць, мама, працаваць „на дзядзьку“, давай працаваць на сябе».

Гатуе Ядвіга па сваіх сямейных рэцэптах. Яе пызы, цішка і дранікі з мясам адпавядаюць мясцовым традыцыям.

«Тут на вёсцы як нядзеля, то ў кожнай хаце абавязкова „капустка“, — расказвае Вольга. — Гэта не суп, і не тушаная капуста. Гэта адмысловы мясцовы рэцэпт. Падаюць яе з бульбай у мундзірах і засоленым мясам. Я раней зразумець не магла — як гэта, кожную нядзелю адно і тое ж. А зараз не ўяўляю, як выходнымі нехта капустку не гатуе. Вам кепска? Ці вы захварэлі? Нашы дзеці дзеля бабулінай капусткі ўсе свае справы кідаюць. І гасцям цікава сапраўдную мясцовую кухню паспрабаваць».

Сямейны падрад у дзеянні

Самы запатрабаваны час сядзібы — ад красавіка да кастрычніка. На гэту пару кожны з гаспадароў па чарзе бярэ адпачынак. «Добра, што нас чацвёра, каб менш, то не справіліся б», — жартуюць яны.

Раней госці прыязджалі на сядзібу толькі на выходныя. Зараз усё часцей хочуць спыніцца на тыдзень ці два. Асабліва — з вялікіх гарадоў.

«Летам нават усіх прыняць не можам», — прызнаецца Іван. Ды і не патрэбен нам канвеер. Хочацца, каб заставалася па-дамашняму".

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025