Гродзенца Юрыя Лакціёнава абвінавацілі ў тым, што ён перавозіў асобнікі газеты «Гродненское время». Гэта палічылі парушэннем закона аб СМІ - яму пагражае штраф да 50 базавых велічынь (1450 рублёў). Пры затрыманні Юрыя доўга каталі па горадзе без складання пратаколу, справа скончылася кропельніцай прама ў РАУС і неабходнасцю шпіталізацыі.
2 снежня 2020 года каля 12.30 Юрый Лакціёнаў з дзяўчынай ехаў на абед дадому. Па дарозе ён заўважыў знаёмую і выйшаў з ёй павітацца. Тут жа на яго накінуліся чатыры чалавекі ў грамадзянскай вопратцы, крычучы «Працуе „Алмаз“!» (антытэрарыстычнае спецпадраздзяленне Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі) і «пачалі вязаць» Юрыя. Яго адразу паклалі на зямлю, парваўшы пры гэтым штаны. На рукі надзелі кайданкі. Хоць, па словах Лакціёнава, ён не супраціўляўся. Пры затрыманні забралі тэлефон.
Пазней яго папрасілі адкрыць багажнік, што ён і зрабіў. Там убачылі дзве пачкі газет «Гродненское время». У пратаколе Лакціёнаў пазначыў, што знайшоў іх і збіраўся здаць у макулатуру. Яго абвінавацілі па арт. 22.9 КаАП — Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
Стваральнікі называюць «Гродненское время» «свабоднай газетай». Мэта газеты, паводле аднайменнага канала, «інфармаваць гродзенцаў, якія не выкарыстоўваюць інтэрнэт / тэлеграм, аб тым, што адбываецца ў горадзе і ў краіне, стварыць інфармацыйную падтрымку актыўнай часткі горада, паказаць усім тым, хто сумняваецца, нявызначаны і асцерагаецца, што нас — большасць». Невядома, хто друкуе і распаўсюджвае газету.
Са слоў Юрыя, яго пасадзілі на задняе сядзенне яго аўтамабіля, на пытанне аб тым, навошта так жорстка затрымлівалі, накінулі шапку на вочы і сталі душыць са словамі «Хто табе плаціць?».
Юрыя адвезлі ў Ленінскі РАУС, затым — у Кастрычніцкі. Пратакол затрымання, па словах Юрыя, тады не склалі. Выклікаць адваката не дазволілі. Маўляў, гэта адміністрацыйная справа, калі раней дагавор не быў заключаны — то яго не дадуць. Каля 14.50 супрацоўнікі РАУС вырашылі прыехаць з Юрыем на яго працу — ГЗК Trinity, дзе 39-гадовы гродзенец працуе інжынерам. Лакціёнава замкнулі ў кабінеце з адным з міліцыянтаў, а самі пачалі хадзіць па кабінетах. Юрый мяркуе, што супрацоўнікі РАУС маглі шукаць прынтэр, на якім надрукавалі выпуск газеты.
У Юрыя — трэцяя група інваліднасці па цукровым дыябеце. «Я ў шоку быў ад усяго, што адбываецца. Калегі казалі, што я сядзеў увесь белы, бледны». Юрый баяўся, што ў яго падымецца ціск, і папрасіў выклікаць хуткую дапамогу. Супрацоўнікі міліцыі адмаўляліся гэта зрабіць. Калі калега Лакціёнава выклікала медыкаў, міліцыянты спыталі яе: «Н**ера ты выклікала?, распавёў Юрый Hrodna.life. Медыкі зрабілі аналізы — цукар і ціск у гродзенца былі нязначна падвышаныя. Яны зрабілі ўкол з лекамі ад ціску.
Пасля агляду на працы супрацоўнікі РАУС збіраліся паехаць да Юрыя дадому, але ён настаяў на складанні пратаколу. Тады яго адвезлі ў РАУС, дзе і склалі пратакол затрымання, акт агляду аўтамабіля і кватэры, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Юрый пагадзіўся на агляд кватэры без санкцыі пракурора, бо, са слоў супрацоўнікаў РАУС, іх давялося б доўга чакаць, а Юрый увесь час чакання знаходзіўся б у РАУС.
Гадзіну-паўтары дома ў Юрыя праводзілі агляд. У выніку ў яго канфіскавалі стары тэлефон. Затым яго зноў адвезлі ў РАУС і некалькі гадзін апытвалі. Па словах Юрыя, яму пагражалі, што яго звольняць з працы, завядуць «тэрарыстычны» артыкул (арт.289 КК — Акт тэрарызму), пасадзяць на суткі, «на зону вызначаць», што яго дзяўчына ўжо «раскалолася». Да гэтага прасілі доступ да яго тэлефона, аднак Юры не даў пароль. Копіі складзеных дакументаў Юрыю не далі. «Забралі маёмасць — так дайце паперы, што яна там (у РАУС — Hrodna.life), каб я быў спакойны. Я грамадзянін і мае правы павінны выконвацца», — абурыўся гродзенец.
Юрый правёў увесь дзень без ін'екцый інсуліну і ежы — яму стала дрэнна. Яго пасведчанне інваліда, па словах Лакціёнава, палічылі падробкай. Пазней яму ўсё-такі выклікалі хуткую. «Прыехала хуткая, замерылі цукар — у пяць разоў вышэй за норму, ціск пад 200. Пачалі кропельніцу ставіць проста ў аддзяленні міліцыі, а потым павезлі адтуль». У Гарадскую клінічную бальніцу № 4 г. Гродна яго прывезлі ў стане, блізкім да гіперглікемічнай комы і гіпэртанічнага крызу, сказаў гродзенец Hrodna.life. У бальніцы ў яго выявілі каранавірус — дыябетыкі знаходзяцца ў групе рызыкі.
Згодна з выпіскі з пратаколу, Юрый перавозіў друкаваную прадукцыю неўстаноўленага ўзору, вырабленую нетыпаграфскім спосабам пад назвай «Гродненское время». Гэта парушэнне заканадаўства аб друку і іншых сродкаў масавай інфармацыі, якое выявілася ў злоўжыванні свабодай сродкаў масавай інфармацыі. Таму ён парушыў ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь. Яму пагражае штраф да 50 базавых велічынь — 1450 рублёў.
На 19 студзеня справу ў суд не накіравалі. Калі справу накіруюць у суд, невядома.
Юрый сцвярджае, што ў рапарце ў міліцыі была «тысяча асобнікаў», а ў пратаколе — ужо 28 штук.
У Юрыя ў той дзень канфіскавалі аўтамабіль і ноўтбук дзяўчыны, якая праходзіць па справе сведкам. Аўтамабіль канфіскавалі «для забеспячэння аплаты штрафу». Юрый напісаў хадайніцтва аб вяртанні машыны і прыклаў медыцынскія дакументы аб тым, што яна патрэбная для перамяшчэння, — у яго артроз тазасцегнавага сустава. Ён прапанаваў арыштаваць любую іншую маёмасць. Гродзенцу ў міліцыі адказалі, што хадайніцтва разгледзяць падчас судовага пасяджэння па яго адміністрацыйнай справе. Юрый адправіў скаргу на гэты адказ у пракуратуру.
Юрый напісаў заяву на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. 4 студзеня ён атрымаў адказ, што парушэнняў не выявілі. Ён збіраецца абскардзіць адказ у УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…