У Польшчы ідуць здымкі мастацкага фільма «Orlęta» («Арляняты») пра падзеі 1939 года ў Гродне. У аснове сюжэту — гісторый маладых гродзенцаў, якія абаранялі горад ад савецкай агрэсіі. Карэспандэнт Hrodna.life пабываў на здымачнай пляцоўцы.
Здымкі пачаліся ў верасні 2020. Сцэнар быў гатовы двума гадамі раней і рэжысёр Кшыштаф Лукашэвіч планаваў выпусціць фільм у 2019 — да 80-годдзя савецкага ўварвання ў Польшчу. Здымаюць карціну ў некалькіх гарадах Польшчы.
«Усе падзеі ў фільме адбываюцца ў Гродне — сёння гэта Беларусь. Такой карціны яшчэ не было ў польскім кінематографе. І што б там ні казалі, фільм ніяк не звязаны з сённяшнімі падзеямі ў Беларусі. Ён быў задуманы значна раней», — распавядае Кшыштаф Лукашэвіч.
Як рэжысёр звязаны з Беларуссю?
Для Кшыштафа Лукашэвіча гэта другі звязаны з Беларуссю фільм. У 2012 г. адбылася прэм’ера яго карціны «Жыве Беларусь!». Гэта была заснаваная на рэальных падзеях гісторыя маладога апазіцыянера, якога ў пакаранне забіраюць у войска.
Для асноўных сцэн фільма быў абраны горад Радам. Там кінастудыя ўзнавіла Дамініканскую (суч. Савецкую) і іншыя вуліцы Гродна.
«У Беларусі здымаць мы не маглі з-за палітычнай сітуацыі. Прыйшлося шукаць падобныя гарады ў Польшчы. Аднаўлялі вуліцы паводле фатаграфій і ўспамінаў відавочцаў тых падзей», — распавёў Лукашэвіч.
У 1939 годзе, да ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, Гродна ўваходзіў у склад Польшчы. У пачатку верасня 1939 года, калі пачалася Другая сусветная, у горадзе рыхтаваліся да нямецкага ўварвання. Але нечакана з усходу пачалася савецкая агрэсія. Чырвоная Армія падышла да Гродна 20 верасня. На абарону горада сталі мясцовыя жыхары з часткай войскаў, якія не паспелі адступіць. Абарона горада доўжылася тры дні, многіх абаронцаў пазней расстралялі.
Сярод абаронцаў Гродна была моладзь і дзеці - такія, як галоўны герой фільма, 12-гадовы яўрэйскі хлопчык Леась Ройст.
«Пра маладых абаронцаў і будзе гэты фільм. Генерал Сікорскі ў свой час назваў іх „арлянятамі“ — так і будзе называцца карціна. На прыкладзе галоўнага героя я хачу паказаць, што яўрэі таксама выйшлі абараняць горад, хоць і казалі, што яны падтрымалі толькі камуністаў. Былі розныя выпадкі».
Усе героі фільма — выдуманыя. Але яны створаны на аснове ўспамінаў удзельнікаў і відавочцаў абароны Гродна. Напрыклад, вядомы абаронца Гродна Тадзік Ясіньскі з’явіцца ў фільме як Тадзік Ясюкевіч.
Чытайце таксама: Тадик Ясинский — символ или реальный герой? 80 лет назад началась защита Гродно
Галоўную ролю ў фільме грае 12-гадовы Фелікс Мацецкі з Варшавы. Фелікс грае свайго аднагодка — яўрэйскага хлапчука Леася Ройста, які не хоча адрознівацца ад іншых падлеткаў і ідзе абараняць горад. Бацькі Фелікса адразу пагадзіліся на ўдзел сына ў фільме, бо ў іх беларускія карані.
«Мой дзядуля нарадзіўся каля Ліды, а адна з бабуль з Налібок. Яны пасля вайны пераехалі з бацькамі ў Польшчу. Таму гісторыя Гродна для мяне чымсьці блізкая, — расказвае Фелікс Мацецкі. — Бацька мне расказваў пра абарону Гродна, штосьці я чытаў».
Фелікс распавядае, што хацеў бы быць падобным да свайго героя і быць такім жа мужным. Але паступаць так жа ў яго б не атрымалася.
«Калі б мая краіна была ў такой жа сітуацыі, як тады Гродна, я, напэўна, хацеў бы ўдзельнічаць у абароне, але баяўся б. Гэта нармальна для 12-гадовага хлапчука — усё жыццё яшчэ наперадзе. Таму абаронцы Гродна для мяне — сапраўдныя героі.
Пасля фільма я б хацеў прыехаць у Гродна і паглядзець месцы, дзе праходзілі бітвы, даведацца больш пра абаронцаў. І параўнаць сцэнар фільма з сапраўднай гісторыяй", — сказаў Фелікс.
Беларусь сёння не прызнае абарону Гродна ў 1939 годзе чымсьці гераічным. Уладам бліжэй версія вызвольнага паходу Чырвонай Арміі, дзякуючы якому адбылося ўз'яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. У сучасным Гродне ўшаноўваюць савецкіх вызваліцеляў, іх імёнамі названы вуліцы, ім устаноўлены помнікі. Пра абаронцаў горада памятаюць гісторыкі, Саюз палякаў і некаторыя жыхары, чые сваякі бралі ўдзел у абароне. У месцах масавых расстрэлаў абаронцаў няма памятных табліц, не праводзілася эксгумацыя парэшткаў.
Чытайце таксама: Акупацыя ці вызваленне? Што было ў Гродне ў верасні 1939 года: успаміны сведкаў
Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў лічыць, што ў сучаснай Беларусі гісторыя вераснёўскіх падзей 1939 года вывучаецца вельмі аднабока.
«Як вынік, беларусы не ведаюць усе абставіны тых падзей. Працягваюць разглядаць іх, выкарыстоўваючы савецкія клішэ. А гэта няправільна. Таму фільмы кшталту „Арлянятаў“ патрэбны і для беларускага гледача, — кажа Ігар Мельнікаў. — Зразумела, карціна робіцца ў Польшчы, для польскай аўдыторыі і там ёсць недапрацоўкі. Але, дзякуючы такой даступнай форме падачы, беларусы змогуць зразумець, што падзеі „вызвольнага паходу РСЧА ў Заходнюю Беларусь“ не былі лёккім шпацырам для савецкага боку. А абарона Гродна польскімі войскамі стала сапраўдным выпрабаваннем для войска „першай дзяржавы працоўных і сялян“».
Гісторык дадае, што аб’яднанне дзвюх частак Беларусі ў 1939 годзе дало магчымасць стварыць тую краіну, з якой у будучыні вырасла незалежная рэспубліка.
«Але за тое аб’яднанне шмат людзей заплацілі самы высокі кошт. Трэба памятаць усе ахвяры верасня 1939-га. Фільмы, такія як „Арляняты“, дапамагаюць захоўваць памяць пра тую „забытую“ вайну».