Людзі і справы

«Даіла казу і плакала». Былая дырэктарка «Кронан Парк Гатэль» пра тое, як прагарэў яе бізнес і што дапамагло зноў стаць на ногі

Гродзенцы Алег і Надзея Шатровы мелі прыбытковы бізнес. Надзея 10 гадоў кіравала «Кронан Парк Гатэлем», а пасля сям’я адкрыла ўласнае кафэ. Але гродзенцы прагарэлі. Улезлі ў настолькі вялікія пазыкі, што нават рызыкавалі страціць дом. Таму ў 54 гады Надзея вырашылася на кардынальную змену прафесіі - занялася сыраварствам. Гісторыю сям'і распавядае «Смартпрэс».

«Кожны тыдзень нам пагражалі забраць дом за пазыкі»

Надзея 10 гадоў кіравала гродзенскім «Кронан Парк Гатэль». Фінансавы дабрабыт дазваляў сям'і падарожнічаць па ўсім свеце. Шатровы наведалі Італію, Францыю, Фінляндыю і Амерыку. Разам з мужам гродзенка пабудавала двухпавярховы катэдж для ўсёй сям'і.

Справы ішлі ўгару, таму Шатровы вырашылі адкрыць уласнае кафэ. Дзеля гэтага Надзея нават сышла з пасады дырэктаркі гатэля. Але праз паўтара года кафэ збанкрутавала, а сям’я ўлезла ў пазыкі.

— У нас быў перыяд, калі не было грошаў набыць хлеб. Мяне накрыла такая дэпрэсія, што муж выцягваў з-пад коўдры. Грошай не было зусім. Вось вам і прыгожы дом. Сядзіш у гэтых дэкарацыях, а прадукты набыць няма за што. Ехалі разам з Алегам у лес, маліліся і плакалі. І кожны тыдзень нам пагражалі забраць дом за пазыкі, — распавядае жанчына.

Надзея і козачка. Фота: Смартпрэс
Авечка з гаспадаркі Шатровых. Фота: Смартпрэс

Вытворчасць сыроў пачыналі з дзвюх коз

Першы час Надзеі і Алегу дапамагала дачка — яна ўзяла на сябе ўсе фінансавыя пытанні. Гродзенка прызнаецца, што ў гэты момант зразумела, якіх выдатных дзяцей выхавала. Але прымірыцца з сітуацыяй, якая склалася, усё роўна не магла.

Надзея згадала, што са сваіх падарожжаў з мужам яны заўсёды прывозілі дадому сыры. Гродзенка падумала, што можа заняцца вытворчасцю гэтага прадукту і дома. Для сыру неабходна малако, таму жанчына пачала вывучаць інфармацыю пра коз: чым іх карміць і як даглядаць. А праз чатыры гады Надзея ўсё ж такі вырашылася набыць жывёлу.

— Дзеці скінуліся і далі нам 130 рублёў на казу. Так з’явілася Зара разам з козачкай Бершкай (яе аддалі бясплатна). Прывезлі іх дадому і засялілі ў куратнік, пасунуўшы курэй. Уяўляеце, як майму мужу са мной весела: то манікюр, то козы. Выйшла на наступны дзень з айпадам, стала пасвіць Зару, а яна ўцякла, — распавядае Надзея.

Дзеля бізнесу муж пераехаў у вёску

Першы час гродзенцы было складана зжыцца з новай роляй.

— Даіла казу і плакала. Раней хадзіла ў модных касцюмах, а дзе я зараз апынулася? Але што рабіць? У 54 гады прыйшлося пачаць усё з нуля, — прызнаецца яна.

Сыр, які робіць Надзея. Фота: Смартпрэс

Першыя козачкі жылі на ўчастку гродзенскага катэджа. Але калі гаспадарка пачала разрастацца, сям’я зразумела, што давядзецца шукаць больш прыдатнае месца. Так 58-гадовы Алег пераехаў у вёску Дуброва, што ў 30 кіламетрах ад горада — там Шатровы паспелі купіць участак яшчэ да крызісу. Цяпер мужчына сочыць за 20 козамі, трыма каровамі і авечкамі, а паралельна адбудоўвае хату.

— Кінуць усё? І што далей? У маім узросце мужчын ужо не хочуць браць на працу. Каб пабудаваць тут склеп, сыраварню, дом, патрэбны вялізныя ўкладанні. У нас такіх грошай проста няма. Можна, канешне, прадаць дом у Гродне, але шкада. Мы ж яго будавалі ўсёй сям’ёй шмат гадоў, — тлумачыць сваю пазіцыю Алег.

Пашырацца пакуль не плануюць — не пацягнуць вытворчыя маштабы

Надзея ж засталася ў Гродне, дзе і займаецца сыраварствам. Пакуль пераехаць у Дуброву яна не можа — там няма прыдатных умоў для прыгатавання сыру.

Жанчына вучылася гэтай справе па відэаўроках на YouTube. Па яе словах, усе атрымалася з першага разу.

— Як успомню, як у пачатку ўсёй гэтай задумы перадавала сыры пакупнікам праз маршрутку. Прыйду на вакзал, маршрутчык то за адно адчытае, то за іншае. Стаю і думаю, у каго я ператварылася? А зараз ганаруся сваёй прадукцыяй! І тым, што пасля банкруцтва вылезлі з-пад плінтуса. Гэта ўсё дзякуючы сям'і і Богу, — адзначае Надзея.

Цяпер сям’я вырабляе дзясяткі відаў сыроў, сярод якіх бры, качота, сэнт-мор, бурата і шаўрс.

Шатровы прадаюць свае прадукты ва ўласнай сырнай краме ў Гродне, а таксама на розных фестывалях і на мінскім рынку «Камароўка». Пашырацца не плануюць — удваіх проста не пацягнуць вытворчыя маштабы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024