Лідары кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў наведалі Гродна 21 лютага. На сустрэчы ў Цэнтры гарадскога жыцця яны паказалі сваё бачанне змагання за адмену Дэкрэта пра «дармаедаў» і расказалі пра іншыя формы пратэсту, акрамя вулічных акцый.

Вы выступаеце супраць вулічных акцый?

— Як дэмактары мы не можам быць супраць мірнага пратэсту, — кажа Андрэй Дмітрыеў. — Грамадзяне маюць права выказвацца і такім чынам. Але да вулічнага пратэсту трэба падыходзіць вельмі адказна: і з пункту гледжання арганізацыі бяспекі, і сцэнара. Людзі павінны разумець, чаму яны выходзяць, што яны будуць рабіць. Мы пакуль не бачым такога стаўлення да вулічных акцый з боку тых, хто іх арганізоўвае.

Агулам, сёння мірны пратэст можа ісці рознымі шляхамі: калі вы не плаціце збор і ідзеце ў адміністрацыю, пішаце, каб вас вызвалілі ад гэтага збору, ідзеце ў суд, ставіце подпіс супраць Дэкрэта № 3 — гэта таксама пратэст. Мы заклікаем людзей звяртацца асабіста ў Адміністрацыю Прэзідэнта з патрабаваннем адмяніць дэкрэт.

Формаў пратэсту можа быць шмат і для тых, хто больш рашучы і гатовы ісці на вуліцу, і для тых, хто не гатовы ісці на вуліцы, але разумее, што такая праблема ёсць і з ёй трэба змагацца.

Караткевіч Дзмітрыеў uCentry (4)

А які сцэнар можа быць у мітынга?

— Могуць быць розныя сцэнары, але не павінна быць «глупстваў»: які сэнс ісці да дзяржаўнага будынку пасля заканчэння працоўнага дня, калі там нікога няма?

Сцэнар можа быць разлічаны на тое, каб выклікаць да сябе чыноўніка і паразмаўляць з ім. На прыняцце пэўных рэзалюцый, фармаванне перамоўнай групы, якая павінна дамовіцца з уладай пра адмену дэкрэта. У ім абавязкова павінны быць рэчы больш гумарыстычныя, пазітыўныя. Нават у акцыях са скрозь негатыўнай нагодай можна смяяцца. Мы бачылі гэта па розных акцыях, з большага не ў Беларусі.

Калі прасутнічае гумар, большаму колу людзей хочацца далучыцца. Гэты пратэст можа далучыць і моладзь, і так званую новую большасць, з якой працуе «ГП». Гэта людзі «без сцяга». Яны выходзяць ні за бчб, ні за чырвона-зялёны сцяг, а выходзяць за дабрабыт у сваім доме. Ім будзе прасцей, калі яны будуць выходзіць не на барацьбу, а не акцыю, дзе яны могуць сур’ёзна выказацца і пасмяяцца. Такая акцыя мае больш патэнцыялу і пратэстнага, і каб дагрукацца ў дзверы тых, хто павінен прыняць простае рашэнне — адмяніць Дэкрэт № 3.

Караткевіч Дзмітрыеў uCentry (12)

Чаму тады ў акцыі ўсё мяшаецца — Дэкрэт ад дармаедстве, змена ўлады, стасункі з Расіяй?

— Ад нецярпялівасці, сквапнасці да адчування, што людзі цябе слухаюць. Так склалася, асабліва за апошнія два гады мы не шмат бачылі, калі больш-менш вялікая колькасць людзей слухае палітыка. У яго накапілася, ён хоча сказаць пра тое, што ён лічыць важным: і справядлівыя выбары, і дэмакратыя, і правы чалавека, і беларуская мова.

Палітыкам трэба разумець, што галоўнае зараз не ўлада, а людзі, якія прыйшлі. Мы ў пэўным сэнсе павінны стаць для іх сэрвіснай паслугай, якой яны карыстаюцца, каб дамагчыся мэты — дабрабыту. Дэкрэт № 3 паказаў жабрацкае становішча, якое ёсць у Беларусі, асабліва ў вёсках, у малых гарадах. Гадоў дзесяць ці сем назад беларусы можа і заплацілі б 20 базавых. А зараз у іх няма адкуль браць. Крок за крокам, калі мы выбудуем з імі давер, таксама скажам нешта ў дадатак. Пакуль гэта давер вельмі хісткі, і мы яго зламаем, калі пачнем устаўляць туды ўсе загатовачкі, лозунгі, якія ў нас ёсць за 20 гадоў.

Як вы ацэньвае акцыі, што адбыліся 17 і 19 лютага?

— Мы лічым, што варта рабіць усё, што можна, каб беларус адчуў сваю грамадзянскую пазіцыю і вырашыўся на нейкі крок, — кажа Таццяна Караткевіч. — У пятніцу, у нядзелю людзі пайшлі на вуліцы, каб іх пачула ўлада. Яна павінна не замоўчваць гэты факт, а наадварот пачуць, што выйшлі грамадзяне, якія задумаліся пра будучыню дзяцей, студэнтаў, унукаў. І таксама ўлада павінна пачуць тых, хто сёння лістуецца з падатковай. Варта выкарыстоўваць усе шляхі камунікацыі, кантактаў з уладай, з людзьмі. Акрамя гэтага, варта падумаць пра сапраўдную, рэальную абарону ад беспрацоўя.

Караткевіч Дзмітрыеў uCentry (15)

Людзі адгукнуліся, і гэта важна. З паліталагічнага пункту гледжання да акцыі ёсць заўвагі. Разлічвалі, відаць, на трыста чалавек, а прыйшло дзве тысячы. Таму толькі трыста пачула, што там адбываецца. Зашмат было лозунгаў: людзі прыйшлі з адной тэмай — адмена Дэкрэту № 3, а прагучала шмат мэсэджаў. Не зразумела, чаму прыйшлі да падатковай, якая была зачыненая.

Але самае пазітыўнае ў тым, што людзі выйшлі і паказалі, што яны супраць дэкрэту. Сёння мы бачым, як людзям цяжка вырашыцца напісаць ліст у сваю ж абарону. Як ім страшна прыйсці на прыём, як ім не па сабе ад таго, што яны павінны пісаць нейкі ліст у адміністрацыю з просьбай адмяніць падатак у дачыненні да іх. Мы ім дапамагаем гэта зрабіць.

Самае галоўнае, што варта рабіць усім палітыкам ці грамадскім актывістам — дапамагаць людзям станавіцца ўпэўненымі, мацнейшымі, з упэўненымі патрабаваннямі да дзяржавы.

— Тое, што людзі выйшлі на вуліцы, гэта агульны поспех, — кажа Дзмітрыеў. — Мікола Статкевіч заклікаў, але ўсе працавалі чатыры месяцы. Ездзілі, размаўлялі, не давалі тэме знікнуць. І ўсё разам прывяло да крыху большага ўдзелу ў акцыі. Гэта агульны поспех, я спадзяюся, што гэты голас будзе пачуты.

Чаму ў розных гарадах поспех у акцыі быў розны?

— У Гомелі суд з Аляксандрам Сямёнавым падагрэў гэтых людзей, — разважае Таццяна Караткевіч. — Каля 50 чалавек прыйшлі на суд падтрымаць яго. На жаль, у нашай палітычнай гісторыі мала вулічных пратэстаў, якія б дамагліся мэты. Але мы памятаем выхад працоўных трактарнага заводу, у якіх быў адзін мэсэдж: дайце нам нашу зарплату. Гэта ўрок на будучыню: патрэбен адзін зразумелы мэсэдж, і яго пасылаць па ўсіх каналах.

Як «Гавары Праўду» змагаецца супраць Дэкрэту № 3?

Мы ездзім, сустракаемся з людзьмі, тлумачым ім, як супрацьстаяць. Пашыраем шэрагі. У паездках сустракаемся з новымі людзьмі, падключаем іх, каб адзін аднаму дапамагалі. Узаемадапамога вельмі важная ў гэтым пытанні. Людзям цяжка вырашыцца на тое, каб не плаціць, напісаць ліст у Адміністрацыю. Лічым, што ўсе гэтыя дзеянні, якія робім мы і іншыя арганізацыі, прывялі да таго, што Адміністрацыя Прэзідэнта ўсім саставам выехала ў рэгіёны. 24 і 25 лютага будучыць прыемы.

Караткевіч Дзмітрыеў uCentry (13)

Якія вашы прагнозы адносна жыцця Дэкрэта № 3?

— Я думаю, ён будзе змяняцца. Я вельмі хварэю за тое, каб гэты дэкрэт адмянілі. Шмат людзей скажуць дзякуй, што нарэшце іх пачулі. Хвароба нашай улады вельмі простая — яна даўно не слухае людзей і прывыкла слухаць саму сябе. Ім цяжка адматваць назад некаторыя рашэнні. Таму яна будзе рабіць штосьці, каб дэкрэт спачатку змяніць, а потым, калі грамадства забудзецца, магчыма, адменіць.

Чаму беларусы не самаарганізоўваюцца, а чакаюць заклікаў?

— У некаторых месцах людзі самарганізоўваюцца і, дарэчы, вельмі хутка перадаюць адзін адному інфармацыю, — кажа Андрэй Дмітрыеў. — Але самаарганізацыя — гэта пэўная практыка. Для гэтага павінна быць мясцовае самакіраванне ці іншыя месцы, дзе чалавек рэальным чынам нешта вырашае і сам неяк самаарганізоўваецца.

Апошнія 20 год палітыка ўлады вельмі простая: максімальна выключыць людзей з прыняцця рашэнняў. Каб яны не самаарганізоўваліся, не самі вырашалі праблемы, а прыходзілі з імі да ўлады. У пэўным сэнсе грамадства адвучылася самаарганізоўвацца для рашэння сваіх праблемаў. Грамадства не разумее пакуль сваю моц, а яна велізарная. Тое, што мы зараз робім у «Гавары Праўду» — вяртаем адчуванне ўласнай моцы і магчымасцяў грамадства, важнасці ўласнага голасу, і ў тым ліку самаарганізацыі.

Караткевіч Дзмітрыеў uCentry (11)

Чаму ў барацьбе з Дэкрэтам № 3 не выкарыстоўваецца крэатыўны актывізм: мемы, містыфікацыі, інсцэніроўкі?

— Традыцыі. Усе гэта не прыходзіць адразу. На жаль, да пэўнага моманту наш пратэст — гэта барацьбіт, які павінен памерці на барыкадах супраць Лукашэнкі. Ён павінен быць сур’ёзны, не ўсміхацца, несці сцяг і сваёй крывёю акрапіць барацьбу.

Толькі з нядаўнага часу мы пачалі гэтым займацца. Можа, таму што паглядзелі, як гэта было ва Украіне, у Расіі. Аказалася, што на вельмі сур’ёзным пратэсце можна маляваць жартаўлівыя плакаты, і гэта трапляе ў цэль і робіць людзей неабыякавымі. Дэманстрацыя жыцця больш матывуючая, чым пагроза смерці.

Цудоўны ролік пра дармаедаў знялі гомельскія хлопцы. Гэта добры прыклад, але гэта паступова з’яўляецца. На апошнія два святкаванні Дня волі хлопцы з symbal.by зрабілі вершніцу, куды кожны мог паставіць свой твар. Цудоўны плакат, дзе напісана, што БНР паўстала без дазволу гарвыканкама. Усё гэта практыка. Людзі павінны прызвычаіцца, вызваліцца.

— Усе ад людзей залежыць, — кажа Таццяна Караткевіч. — У мяне перад вачымі стаіць натоўп белерускіх жанчын, якіх мы сустрэлі ў вёсцы Рэчыцкага раёна. Мы прыехалі, яны глядзяць нам у вочы і не разумеюць, хто да іх прыехаў. І кажуць: «Дайце нам работу!»

Людзі сёння хочуць пачуць пра простыя рэчы, простую альтэрнатыву. Яны не гатовы да гэтага крэатыву. З іншага боку, прыходзіць моладзь, і яна хоча крэатывіць. У нас ёсць досвед і 2010 года, калі мы з мемамі выходзілі ў пікеты. Грамадства павінна быць гатова ўспрыняць гэтую інфармацыю і быць на высокім узроўні грамадска-палітычнай свядомасці: ведаць свой урад, палітыкаў, партыі. А пакуль гэтага няма.

Караткевіч Дзмітрыеў uCentry (18)