Амерыканец Цім вывучае ў Гродне рускую мову ўжо другі месяц. Ён працуе ў кампаніі IBM кіраўніком праекта і бізнес-кансультантам па IТ, а руская мова патрэбна яму для працы з кліентамі. У Беларусі Цім не толькі вучыцца, але і падарожнічае, пазнаючы новую для сябе краіну.

Родам Цім з Чарльстана, штат Паўднёвая Караліна, што на самым беразе Атлантычнага акіяна. Насельніцтва Чарльстана складае 700 000 чалавек. Горад стары — яго заклалі ў 1670 годзе англічане. Жыве Цім ў цэнтры горада, у 200-гадовым доме разам з двума сабакі. Бацькі і браты жывуць побач. Яны даглядаюць яго хатніх жывёлаў, пакуль Цім вучыцца ў Еўропе.

«Мая сям’я з Перу: мама з Арэкiпа, які з’яўляецца белым горадам, а бацька з Куска, даўняй сталіцы інкаў. Мае бацькі пераехалі ў ЗША ў 1970 годзе і вывучалі інжынерную справу. Дзякуючы ім я вольна размаўляю на англійскай і іспанскай мовах», — распавядае Цім.

«Трэніраваліся для баявых дзеянняў, але мне пашанцавала»

У каледжы ў Чарльстане Цім вывучаў міжнародны бізнес, а пасля вучобы пайшоў у войска і трапіў у Ірак.

6

«Я быў там у 2004 годзе: вакол пустыня і я амаль не бачыў гарадоў, а тое што бачыў было ў заняпадзе. У Іраку мая пасада прадугледжвала матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне арміі, таму я не ўдзельнічаў у баях, хоць і служыў у марской пяхоце. Мы трэніраваліся для баявых дзеянняў, але, я думаю, мне пашанцавала.

Пасля арміі я пачаў кар’еру ў федэральнай працы, але потым сышоў. Перш чым працаваць у IBM, я падарожнічаў па ўсім свеце каля трох месяцаў: за гэты час наведаў больш за 20 краін. Я люблю падарожнічаць, асабліва там, куды не едуць амерыканцы".

«У Беларусі мне падабаецца ездзіць у грамадскім транспарце»

Яшчэ да прыезду ў Гродна Цім працаваў са сваёй кампаніяй у Расіі ў Новасібірску. Пасля вучобы ў Гродне ён можа вярнуцца ў ЗША ці ў Расію — тут шмат залежыць ад адносін паміж краінамі.

«Шчыра, пра свой наступны крок у жыцці я яшчэ не думаў. На пенсію ісці рана, мне хочацца падарожнічаць і працягваць працаваць. У Гродне мне падабаецца, я быў здзіўлены гэтым горадам.

Жыццё ў ЗША і Беларусі вельмі адрозніваецца. У Гродне я першы раз пасяліўся ў кватэры, але там мне не хапае маіх амерыканскіх сабак. Дзякуй маёй маме, якая клапоціцца пра іх. Дарэчы, мы з імі пастаянна бачымся праз Skype.

У Беларусі я ўпершыню выкарыстоўваю грамадскі транспарт штодзённа. Мне гэта падабаецца, я не павінен турбавацца, дзе пакінуць свой аўтамабіль. А яшчэ я пакуль вучуся адрозніваць аўтобус ад тралейбуса.

Таксама я быў уражаны, што ў Беларусі вуліцы ў вельмі добрым стане, яны заўсёды чыстыя.

Я крыху знаёмы з будаўніцтвам і думаю, што было б нядрэнна адрамантавалі некаторыя старыя будынкі ў цэнтры Гродна, каб зрабіць горад яшчэ прыгажэй.

А яшчэ мне здаецца, што Беларусь вельмі бяспечная краіна, дзе мала злачыннасці".

5

«Моладзь у Гродне размаўляе па-беларуску»

Таксама Цім быў здзіўлены, калі ўбачыў у Гродне шмат каталіцкіх храмаў. Ён сам католік і вельмі рады, што можа выбіраць у якую царкву ісці.

«Гродна для мяне падобны на сумесь Заходняй Еўропы і Савецкага саюза, з прыгожай архітэктурай у цэнтры горада. Таксама магу сказаць, што людзі тут размаўляюць на роднай мове. Напрыклад, я быў валанцёрам у Карытасе, і там размаўлялі на беларускай мове, і мне перакладалі ўсё на рускую. Я думаю, што старэйшае пакаленне, якое нарадзілася ў Савецкі час, гаворыць на рускай больш, але маладое пакаленне хоча гаварыць на сваёй роднай мове. Я кажу гэта, бо маю зносіны больш з маладымі людзьмі.

Мне падабаецца Беларусь, я быў у Расіі і не бачыў там замкаў, як у вашай краіне, гэтым таксама быў прыемна здзіўлены. А яшчэ, у параўнанні з Расіяй, тут я мала бачыў людзей з сярэднеазіяцкіх краін.

Што тычыцца праблем, то, я думаю, пра гэта занадта рана казаць, мяне ўсё задавальняе. Але, можа, не хапае рэйсаў з аэрапорту? Хаця Мiнск побач, таму ўсё нармальна".

Раніцай вучоба, а праца ноччу

У Гродне Цiму падабаюцца адкрытыя рынкі: яны яму нагадваюць рынкі ў Паўднёвай Амерыцы, якіх няма ў ЗША. На такіх спецыялізаваных кірмашах амерыканцу падабаецца свежая ежа, вялікі і разнастайны выбар.

«Да прыезду ў Гродна я не ведаў, што існуе такая разнастайнасць грыбоў і мёду. У ЗША існуе ўсяго 3−4 віды грыбоў, якія прадаюцца ў краме, а таксама ў нас адзін від мёду».

Акрамя вучобы Цім працягвае ноччу працаваць на сваю кампанію. Яму спатрэбілася каля тыдня, каб прывыкнуць і адаптавацца да змены клімату і іншага часу.

2

«Розніца ў часе паміж Беларуссю і ЗША — сем гадзін. Я пачынаю вывучаць рускую мову ў 10 раніцы, так што за гэты час я магу асвяжыць сваю галаву. А ноччу мне даводзіцца працаваць. Канешне, я з нецярпеннем чакаю кожныя выхадныя, каб адпачыць».

«Я хачу купіць майку хакейнага „Нёмана“ і пайсці ў ёй на матч»

Адпачывае Цім па-рознаму. За кароткі ён палюбіў мясцовы спорт і пільна сочыць за хакеем і футболам. Ён разлічвае, што з дапамогай спорту зможа падцягнуць сваю рускую мову.

«Я люблю гуляць у футбол і быць на адкрытым паветры. У Гродне я паспрабую гэта выкарыстоўваць для вывучэння рускай мовы. Я быў на хакейным матчы і мне падабаецца энергія, якую я бачыў у гульні з удзелам «Нёмана» — я хачу купіць майку гэтай каманды і прыйсці ў ёй на наступную гульню.

[irp posts="1988″ name="Кубак наш! Нёман" здолеў абыграць «Юнацтва» і заваяваў Кубак Салея"]

Я быў толькі на адным матчы, калі гулялі супраць «Юнацтва». Мне спадабаліся вельмі фанаты, а менавіта тое, як яны крычалі і падтрымлівалі сваю каманду на працягу ўсяго матчу. Таксама яны заводзілі ўсю арэну і скакалі. На хакеі была вельмі сур’ёзная энергія, як на рок-канцэрце.

Я быў на матчах НХЛ і КХЛ, мне ёсць з чым параўнаць. У Гродне добра праходзяць матчы. Мне вельмі шкада, што я не схадзіў паглядзець футбольны матч на стадыёне, тады быў моцны дождж. Але я абяцаю, што ў наступны раз я пайду на матч, нягледзячы на надвор’е".

3

Вучоба ў Ціма ў Беларусі будзе доўжыцца да студзеня. За гэты час амерыканец плануе наведаць славутасці Беларусі, а таксама Белавежскую Пушчу. Туды мужчына плануе адправіцца з палаткай, каб увайсці ў кантакт з прыродай і ачысціцца.