Брэсцкая дызайнерская студыя «Grafit» дала разгорнуты адказ наконт сітуацыі з турыстычным брэндам Гродна. Рэакцыю гродзенцаў берасцейцы называюць цкаваннем. Інтэрв'ю са стваральнікамі брэнда апублікаваў інтэрнэт-часопіс «Бинокль».
Артыкул суправаджае «канцэптуальная» фотасесія. Дызайнеры, чамусьці ў балаклавах, прэзентуюць сваю працу, а ў канцы інтэрв'ю паказваюць свае твары. У інстаграме дызайн-студыі «Grafit» яе сузаснавальнік Вова Плюмбум патлумачыў: «Фота цалкам перадае вобраз створаны тымі, хто распальваў гэты агонь. Нас паказалі менавіта такімі».
Брэсцкія дызайнеры спасылаюцца і на досвед свайго горада ў выкарыстанні лагатыпа. Як яны лічаць, не самы ўдалы. Таму яны адзіныя сярод удзельнікаў конкурсу, хто да лагатыпу прыклаў брэндбук з выразнымі правіламі выкарыстання. Праўда, яго грамадскаcць пакуль не бачыла.
— Мы бачылі няўдалы прыклад Брэста, калі з-за адсутнасці правіл выкарыстання лагатыпу ён размяшчаўся дзе заўгодна і як заўгодна, — распавёў Вова Плюмбум.
Маецца на ўвазе лагатып, які шырока распаўсюдзіўся ў Брэсце да святкавання 1000-годдзя горада. Здаецца, ён сапраўды там на кожнай сцяне, акне і кіёску ў цэнтры горада. Дарэчы, гэта таксама стылізаваны варыянт гарадскога герба, зусім як тое, што «Grafit» прапанаваў для Гродна. У Брэсце таксама праходзіла народнае галасаванне — і людзі масава галасавалі за недарэчны дзіцячы малюнак.
Студыя «Grafit» ацаніла сваю працу ў 10 рублёў. Фактычна, яны прапанавалі яе гораду бясплатна. Па словах берасцейцаў, іншыя ўдзельнікі ставілі кошт у некалькі тысяч.
Дызайнеры «Grafit» вывучылі турыстычныя брэнды еўрапейскіх гарадоў і прыйшлі да высновы, што ва ўсіх у аснове ляжыць унікальная фішка. У Гродне, як ім здалося, гэта алень святога Губерта з гарадскога герба.
— Пры распрацоўцы лагатыпу мы выступалі ў ролі турыстаў. Першае, што бачыш у горадзе, — гэта круты герб. Таму ў лагатыпе асноўны колер — сіні. Бірузовы колер сімвалізуе колер плінфы ў Каложскай царкве, зялёны — вялікая колькасць сквераў і паркаў, залацісты — каралеўскае мінулае.
Адным з плюсаў свайго варыянту берасцейцы лічаць прастату і лаканічнасць — лога нядрэнна чытаецца ў розных памерах. А гэта было важным крытэрам у тэхнічным заданні.
Слоган «Я люблю цябе», на думку хлопцаў, добры: ён адэкватна перакладаецца на ўсе мовы свету. Але яго сказалі перарабіць. Сярод трох іншых варыянтаў журы выбрала «Легенды нараджаюцца тут».
Тое, як аддзел спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама абвясціў пераможцу ў інстаграме, здзівіла берасцейцаў. Іх лагатып апублікавалі ў дрэннай якасці і абрэзаным.
www.instagram.com/p/B3_-u9wn0RB/?utm_source=ig_embed
— Мне была зразумелая іх рэакцыя. Калі б я сам убачыў падобнае, сказаў бы: «Што за лайно?». Арганізатары проста зрабілі скрыншот з PDF-файла і выклалі ў інстаграм, — кажа Вова Плюмбум.
Пасля гэтага, па словах хлопцаў, пачалося цкаванне. У каментарах і дырэкце дызайнераў пачалі закідваць з’едлівымі каментарамі.
Па словах дызайнераў, асноўных прэтэнзій было тры: руская мова ў якасці асноўнай, паходжанне пераможцаў і «Grodno» замест нарматыўнага «Hrodna».
Хлопцы тлумачаць, што ў лагатыпа заўсёды былі розныя моўныя версіі, пазней нават зрабілі версію «Гародня». Дызайнеры лічаць свой брэнд гнуткім, які магчыма інтэрпрэтаваць для розных гарадскіх падзей. На фота ніжэй — прыклад такога выкарыстання колерў і стылю лога.
Даведаўшыся, якое лога перамагло ў конкурсе, гродзенцы пачалі падпісваць петыцыю за перагляд вынікаў. Петыцыі з’явіліся на change.org і petitions.by. Аўтар абедзвюх — дызайнер Мікіта Анціпін. Аўтар петыцыі лічыць лагатып бясталентным, які не перадае ні характар, ні душу Гродна. На яго думку, ён адкідвае Гродна на некалькі дзесяцігоддзяў таму.
— На лагатыпе намаляваны не алень. Гэта мурашкаед з якарам на башцы, або цюлень з якарам на башцы, або суслік з якарам на башцы. Гэта ўжо каму як падабаецца. Плюс да ўсяго, лагатып «Grafit» не індывідуальны. Ён змаляваны і сплагіячаны з працы гродзенскага дызайнера сямігадовай даўнасці [маецца на ўвазе лога Дзмітрыя Гупенца для «Дзён Губерта», якое выкарыстоўвалася ў 2011−12 гадах — заўв. Hrodna.life]. І так, вельмі падобны лагатып у сеткі заправак у Літве.
Для справядлівасці трэба прызнаць, што «падобная да запраўкі» графіка была не толькі ў берасцейцаў. Вось варыянты, прапанаваныя гродзенкай Дар’яй Клусевіч.
У плагіяце абвінавацілі не толькі «Grafit». Варыянт ад дызайн-студыі Сяргея Вераса таксама падаўся некаторым знаёмым. Здаецца, натхнялі яго харваты і крама будматэрыялаў.
Мікіта Анціпін кажа, што для сябе на конкурсе вылучыў 3−4 лагатыпа, працы берасцейцаў сярод іх не было:
— Я ні за каго не галасаваў, таму што ўсе прыярытэтныя лагатыпы мелі патрэбу ў канкрэтнай прапрацоўцы. Магчыма, была б дарэчная калабарацыя некаторых лога і слоганаў. Упэўнены, што камісія не адмовіцца ад свайго рашэння і пакіне ўсё як ёсць. Інакш яна распіша ў сваёй некампетэнтнасці. Хоць гэта яна і так зрабіла. Але гэта нястрашна. Як толькі ў шэрагах якія прымаюць рашэнні з’явяцца прафесіяналы і адукаваныя людзі, гэты лагатып адразу ж выкінуць на сметнік.
Журналіст Hrodna.life і краязнаўца Руслан Кулевіч быў на двух прэзентацыях брэндаў і бачыў выступ хлопцаў з «Grafit». Адзначае, што ён было найлепшым у параўнанні з іншымі ўдзельнікамі. Сам лагатып хлопцу не спадабаўся.
— Не спадабалася і тое, што выйгралі берасцейцы. Па сутнасці, гэта камень у наш агарод: быццам не знайшлося ніводнага годнага дызайнера ў Гродне. Як толькі ў горадзе даведаліся, што перамаглі берасцейцы, многія знерваваліся.
Лагатып берасцейцаў Руслан лічыць занадта простым. У прыклад прыводзіць турыстычны брэнд Беластока: просты, зразумелы і з сэнсам.
З конкурсных работ журналіст вылучыў праекты Мечыслава Супрона і Grodno.in.
— Дарэчы, пасля конкурсу некаторыя гродзенскія дызайнеры працягнулі прасоўванне сваіх брэндаў. Напрыклад, «Луч» зрабіў калабарацыю з Дзмітрыем Гупенцом і выпусціў 150 асобнікаў гадзіннікаў. Што тычыцца перамогі брэсцкіх дызайнераў, то лічу, яна прымусіць гродзенцаў задумацца.
Цікава, што выкарыстоўваць у якасці лагатыпа варыяцыі на тэму гадзінніка Фарнага касцёла — самага старога працуючага ў Еўропе — амаль ніхто з удзельнікаў конкурсу не стаў. Хоць гэта сапраўды ўнікальная фішка Гродна. Быў толькі такі варыянт: паглядзіце ніжэй і зразумееце, чаму ў яго не было шанцаў выйграць.
Брэсцкія дызайнеры лічаць сваю перамогу заслужанай. Кажуць, што журы падкупіў іх падыход: да паўфіналу ў іх адзіных быў падрыхтаваны і раздрукаваны гайдлайн. У аддзеле спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама адмовіліся каментаваць сітуацыю па тэлефоне. Адзінае, запэўнілі: рашэнне прынята, ніхто адмяняць яго не будзе.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…