Лазертаг ці пякарня — за 15 000, былая галерэя «У Майстра» — за 249 000. Які гатовы бізнес прадаюць у Гродне?

Рэдакцыя Hrodna.life прааналізавала аб’явы продажу гатовага бізнесу і камерцыйнай нерухомасці на сайтах kufar.by і myrealtor.by. Выявілася, што многія месцы шукаюць новых уладальнікаў. Нярэдка — з-за ад’езду папярэдніх за мяжу. Усе цэны ў матэрыяле — у беларускіх рублях, калі не паказана інакш.

Што можна купіць у Гродне?

Лазертаг за 15 000

У аб’яве прадаўцы абяцаюць навучыць працаваць з абсталяваннем, распавесці пра тонкасці пазаарэннага выязнога лазертага і нават падзяліцца ўсёй наяўнай інсайдэрскай інфармацыяй і планамі на наступны сезон. Купіць бізнес можна ў растэрміноўку. Прадавец абяцае, што ўкладанні могуць акупіцца ўжо за шэсць месяцаў.

Кафэ LaBar за 32 200

Прадаецца са жніўня 2021 года. Першапачаткова ў аб’яве пазначалі кошт 41 000 беларускіх рублёў, цяпер жа кафэ патаннела на 9000. Пры гэтым магчымы гандаль. Кафэ прадаецца з абсталяваннем і мэбляй.

La Bar Storiz

Крама Rostok за 10 000

У сувязі з ад’ездам з Беларусі прадаюць краму натуральнай касметыкі, прадуктаў харчавання і суперфудаў. У аб’яве згадалі пра напрацаваную вялікую кліенцкую базу, размяшчэнне ў прахадным месцы ў цэнтры горада, побач з ажыўленай дарогай.

Крама Rostok

Крама разліўнога піва за 17 000

Невялікая крамка на Дзевятоўцы працуе ўсяго дзевяць месяцаў. Але ў сувязі з ад’ездам уладальнікаў з краіны яго вырашылі прадаць з абсталяваннем і таварам.

Бар «Піплз» за 49 000

У сувязі з пераездам прадаюць і караоке-бар. Бар цалкам абсталяваны ўсім неабходным, каб працаваць з першага дня пакупкі, пішуць прадаўцы. На гэтым месцы ўстанова працуе каля 10 гадоў.

Бар «Піплз»

Гасцінічна-рэстаранны комплекс «НЁМАН» за $ 5 млн

У гасцініцы 75 нумароў, класічны і піўны рэстараны, кавярня, канферэнц-зала, сауна. У комплекс уваходзяць таксама аўтастаянка і паркінг. Комплекс прадаюць з 2021 года.

Рэстаранны комплекс «TURAN» за $ 2,65 млн

Двухпавярховы будынак уключае ў сябе рэстаран на 200 пасадачных месцаў і бар-рэстаран на 100 пасадачных месцаў. У аб’яве зазначана, што «комплекс уражвае сваім раскошным інтэр'ерам, выкананы з якасных аздобных матэрыялаў з высокім узроўнем інжынерна-тэхнічнага абсталявання».

Пякарня з тандырам за 15 000

Цалкам абсталяваная пякарня з тандырам з цэглы ручной працы з электратэнамі і аўтаматыкай. Пякарня паспела папрацаваць менш за месяц і закрылася. У продаж уваходзяць: тандыр, печ, цестамес, шалі, мэбля, сістэма відэаназірання, шкляная вітрына, мыйкі, сталы, халадзільнік. Пакупнікам абяцаюць дапамогу з рэцэптурай хлеба. Памяшканне знаходзіцца ў арэндзе.

Месца, праўда, падаецца няўдалым. Велакафэ, якое адкрывалася ў гэтым жа памяшканні вясной 2021, таксама не прапрацавала доўга.

Цэнтр музычных забаваў за 42 000

Цэнтр «Рок Плэй» знаходзіцца ў будынку на вуліцы Будзёнага, ёсць асобны ўваход. Сярод абсталявання: рэплікі музычных інструментаў для сімулятараў рок-гурта Guitar Hero і Rock Band, гульнявыя кансолі, мікрафоны, мікшар мэбля і іншае. У пакоі ўсталявана рэкуперацыйная сістэма вентыляцыі, асушальнік паветра, ёсць гукаізаляцыя столі і сценаў. Зроблены рамонт у стылі рэпетыцыйнай кропкі. Новы ўладальнік атрымае таксама бібліятэку з больш чым 2500 кампазіцый: ад поп-музыкі і класічнага року да цяжкага металу. У кошт таксама ўваходзіць: сайт з магчымасцю рэзервавання, Instagram, суполка ў VK, падарункавыя сертыфікаты. Калі не хочаце купляць гатовы бізнес, можна купіць толькі абсталяванне — тады выйдзе на 20% танней.

Цэнтр забаў «Рок Плэй»

Гандлёвае памяшканне ў галерэі «У Майстра» за 249 000

Памяшканне былой галерэі «У Майстра» знаходзіцца ў гістарычным цэнтры, па адрасе вуліцы Кірава, 8. Зроблены дызайнерскі рамонт з натуральнымі аздобнымі матэрыяламі: цэгла, дрэва, метал. «Выгадная лакацыя — выдатны аўтамабільны і добры пешаходны трафік, ёсць магчымасць размясціць вонкавую шыльду», — так апісваюць памяшканне прадаўцы. Яны прапануюць новым уладальнікам выкарыстоўваць памяшканне пад гандаль, офіс або барбершоп.

Гандлёва-офісны цэнтр АВС за $ 2,8 млн

Праўда, на іншым сайце — іншы кошт: у аб’яве за кастрычнік 2021 будынак каштаваў $ 3,4 млн. Усе памяшканні цэнтра здадзеныя ў доўгатэрміновую арэнду. У будынку чатыры паверхі, пры жаданні можна купіць адзін.

Гандлёвы цэнтр «АН-3» за $ 1,25 млн

Гандлёва-офісны трохпавярховы будынак па вуліцы Антонава прадаюць са снежня 2021 года. Агульная плошча — 1255 кв. м.

Які яшчэ гатовы бізнэс можна купіць у Гродне?

Журналісты Hrodna.life знайшлі сярод аб’яў таксама: краму кветак, салоны прыгажосці, пункт пракату, паліграфію і перасоўны гандлёвы павільён.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гайд па bubble tea ў Гродне: вывучылі цэны, смакі і водгукі

Зараз у Гродне працуюць тры ўстановы, якія спецыялізуюцца на bubble tea. Пакаштаваць азіяцкі чай можна…

14 мая 2025

Парады Караеву: топ-5 месцаў Гродна і вобласці, якія можна ўзяць штурмам

У Слоніме і Лідзе плануюць паўтарыць гродзенскі "штурм Рэйхстага". На думку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя…

13 мая 2025

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025