Людзі і справы

«Напіцца і забыцца», бытавуха і Саладуха. Што не так з гарадскімі святамі ў Гродне

На гарадскім свяце ў Гродне вы ўбачыце шашлык, псеўда-нацыянальныя ансамблі, чырвона-зялёныя сцягі і масоўку з бюджэтнікаў. А маглі б самі абраць выканаўцаў і нават самі выступіць. Дажынкі маглі б быць «фішкай» Беларусі, а сталі «чарговым парадам Перамогі». Пра тое, што не так з гарадскімі святамі, рэдакцыя Hrodna.life гаварыла з дзвюма крыніцамі, якія працавалі на такіх мерапрыемствах і знаёмыя з сітуацыяй у сферы культуры.

Рэдакцыя Hrodna.life захавала ананімнасць крыніц для іх бяспекі.

Што не так з гарадскімі святамі ў Гродне?

Традыцыйна ў Гродне адзначаюць Масленіцу, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, Дзень горада, Новы год. Усе гэтыя святы выглядаюць аднатыпна і не маюць уласнай разыначкі, лічаць суразмоўцы Hrodna.life. Прычына гэтаму — неадукаванасць арганізатараў, забароны і неабходнасць узгадняць ідэі, прымус і адсутнасць фінансавання. Ідэю трэба данесці і тлумачыць уладам — тады яна будзе рэалізаваная, магчыма, крыху інакш.

Улічваць інтарэсы гараджан усіх узростаў

Як правіла, у Гродне арганізуюць «сямейныя» святы — для пар з дзецьмі і жыхароў 40+. Яны не разлічаны на моладзь. Напрыклад, на фестывалі нацыянальных культур для моладзі была толькі пляцоўка Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (буйное моладзевае аб’яднанне, фінансуецца дзяржавай і падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, прыйшло на змену камсамолу — Hrodna.life).

Але можна рабіць і дадатковыя актыўнасці: дэгустацыі страў, галасавання сярод удзельнікаў за той ці іншы аспект свята. Рамеснікам можна даць больш прасторы для майстар-класаў з выразным рэгламентам — гэта цікава ўсім узростам. На кожным фестывалі можа быць месца для ўсіх, але патрэбна лакалізацыя пляцовак і занаванне. Але святы імкнуцца зрабіць не для людзей, а для справаздачы, лічаць суразмоўцы Hrodna.life.

Няма памостаў, дрэнны таймінг, дзіўная тэматыка

Сцэна павінна быць вышэй за гледачоў і з даступным аглядам, інакш выступы глядзяць горш. Так было на фестывалі нацыянальных культур, дзе на асобных пляцоўках былі нізкія сцэны. Магчыма, варта падумаць пра трансляцыю фестывалю ў Швейцарскай даліне або ў дворыку кінатэатра «Чырвоная Зорка». Гэта яшчэ адзін плюс — гледачам не прыйдзецца тоўпіцца ў горадзе.

 — Па ўсёй краіне не ўлічваюць лагістыку мерапрыемства і таймінг. Праграма не павінна цягнуцца тры-чатыры гадзіны. У гэтым няма сэнсу. Яна можа быць на паўгадзіны-гадзіну. Чалавек атрымаў сваё «ашчушчэніе празніка» і яму ўжо добра. Калі ёсць некалькі калектываў або творчых адзінак, якія павінны быць на гэтым свяце, і ў іх ёсць свая мэтавая аўдыторыя, свята разбіваецца па лакацыях або па таймінгу, каб гледачы маглі выдыхнуць. І той, хто хоча трапіць на канкрэтнага выступоўцы, прыходзіць, — мяркуе суразмоўца.

Некаторыя святы ў прынцыпе выглядаюць дзіўна, лічаць суразмоўцы.

«Свята мора ўсё спрабуюць рабіць на Аўгустоўскім канале. Але чаму свята мора?! Калі ў нас, бл*ць, мора няма! Хоць ідэя прышпільная: усякія ражаныя чувакі касцюмы выдумляюць. Фрыкавае трохі мерапрыемства».

У іншых краінах агароджы ставяць толькі там, дзе платны ўваход, і няма міліцыі. Фота: Hrodna.life

«Я чытала праграму [фестывалю нацыянальных культур] - я не разумею, як пераклікаюцца нацыянальныя культуры і Вялікая Айчынная вайна. Проста прыйшла разнарадка — павінна быць, гэта, гэта і гэта», — лічыць суразмоўніца рэдакцыі.

Свята з Савецкага Саюза

Многія сцэнары святаў сфарміраваліся яшчэ ў савецкай дзяржаве: 7 лістапада, 9 траўня. Іх шаблоны выпрацавалі яшчэ ў 70-х, распавяла крыніца рэдакцыі, якая прапрацавала больш за 10 гадоў у сферы дзярж культуры.

Шаблон прадугледжвае некалькі частак: афіцыйную, «культпросветную» і «напіцца і забыцца». Яны сустракаюцца ў падручніках, па якіх студэнтаў-культурнікаў вучаць пісаць сцэнары.

«Студэнты не хочуць глядзець глыбей, чытаць, аналізаваць іншыя святы. Тым больш не хочуць лезці ў гістарычную абрадавасць. Ім прасцей ўзяць шаблон, які ўжо ёсць», — лічыць суразмоўца рэдакцыі.

Пачынаюць аматары, перахопліваюць чыноўнікі

Любы фестываль на большай частцы постсавецкай прасторы пачыналі аматары. Пазней «афіцыйная культурка» (іранічны тэрмін эпохі СССР) перахапляла арганізацыю і «адціскала» фестываль. Аматары купляліся на невялікую фінансавую дапамогу, атрымлівалі ў адказ шэраг абмежаванняў і забаронаў і «аддавалі» арганізацыю, распавяла крыніца Hrodna.life.

Напрыклад, у 2010-я праходзіла шмат недзяржаўных фестываляў, на якія было дастаткова атрымаць дазвол. Пазней арганізатарамі многіх з іх фармальна сталі выканкамы. Напрыклад, нейкі час фестываль вулічнага мастацтва Біг Міні фестываль у Гродне праводзілі ў рамках Фестывалю нацыянальных культур або Дня моладзі. Фестываль «На сямі вятрах» у Віцебску праходзіў у рамках «Славянскага базару». Зараз жа ідэолагі займаюцца нават сярэднявечнымі фестывалямі.

«Напіцца і забыцца»

Аднастайная ежа

На гарадскіх святах даволі аднастайная ежа: шашлыкі, выпечка — максімальна простыя ў падрыхтоўцы стравы, якія хутка не сапсуюцца і якія дакладна купяць. Прыватным установам харчавання вельмі нязручна ўдзельнічаць — ёсць абмежаванні бюракратычныя і з боку санэпідстанцыі.

«З іншага боку, туды прасоўваюць тых, хто больш зручны і каму па палітычных матывах трэба даць нешта зарабіць — а гэта дзяржаўныя ўстановы», — лічыць крыніца рэдакцыі.

На Фестывалі нацыянальных культур нацыянальнай ежы краін як такой не было. Прычына — у горадзе няма столькі рэстаранаў, якія займаюцца нацыянальнай кухняй розных краін. А калі і ёсць, рэжысёры з Мінска, якія арганізоўвалі фестываль, маглі і не ведаць пра іх. У будучыні трэба арганізаваць магчымасць гатавання для нацыянальнасцяў - з некаторымі агаворкамі, «каб баранчыка не прыкончылі на плошчы і на верцяло не насадзілі пры ўсіх».

Фестываль нацыянальных культур 2022. Фота: Hrodna.life

Стандартнае піва

Півавараў і прыватныя бровары складана запрасіць на гарадское свята з-за бюракратыі. Да таго ж, у іх можа не быць абсталявання для гандлю на вуліцы.

Дарагая ежа

Па падліках Hrodna.life, паесці ў горадзе на мерапрыемстве для сям'і можа каштаваць 30−40 рублёў. «Тая самая Амерыка, Еўропа — на большасці фестываляў ежа больш танная, чым у кафэ і рэстаранах. Таму што яны зарабляць на абароце — колькасці таго, што яны прадаюць. А ў нас хочуць зарабіць і на колькасці, і на кошце», — мяркуе крыніца рэдакцыі.

Дажынкі маглі б быць «фішкай», а сталі чарговым парадам Перамогі

Некалькі гадоў запар у інтэрнэце беларусы абмяркоўваюць дзіўныя фігуры з сена, якія з’яўляюцца ў рамках святкавання Дажынак. На фестывалі ўзнагароджваюць лепшых аграрыяў, а райцэнтр, дзе праходзіць свята, добраўпарадкоўваюць. Ідэя Дажынак — этнічнага свята — якое адзначалі самі сяляне, — класная, лічаць суразмоўцы Hrodna.life. Але імі заняліся людзі, «якія нічога не разумеюць ні ў абрадавасці, ні ў культурнай самасвядомасці, і пачалі рабіць з гэтага чарговы парад Перамогі».

«…Праз адэкватныя „Дажынкі“ можна было б падкрэсліваць брэндавасць і для той жа моладзі паказваць, што тысячу можна і ў калгасе зарабляць», — мяркуе суразмоўца Hrodna.life.

Фігуры да «Дажынак». Фота: Onliner.by

Хто стварае гарадскія святы ў Гродне?

У залежнасці ад маштабу імі займаецца альбо Гродзенскі цэнтр культуры (ГЦК) і аддзел культуры Гродзенскага гарвыканкама, альбо — Упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і абласная філармонія. Або — Гродзенскі райвыканкам.

«Прыходзіць загад зрабіць свята. Па вертыкалі ён сыходзіць зверху ўніз. Склікаюць кансіліум. Ёсць людзі зручныя, якіх заўсёды запрашаюць — нізавыя рэжысёры, якія ўжо стаміліся і не змагаюцца за сваю культурную пазіцыю. Накідваюць сцэнары і зноў збіраюцца. І пачынаюць „нагінаць“ — а вось гэта, а чаму так? Спускаюць бюджэт — спачатку прыгожанькі. Пасля бюджэт скарачацца ў два-тры разы. Хто яго скарачае — таямніца, пакрытая цемрай», — распавёў былы супрацоўнік.

На мерапрыемствы ў Гродне пачалі клікаць мінскіх рэжысёраў. Суразмоўніца мяркуе, што ў Гродне «няма каму працаваць». «Як можа добра зрабіць мерапрыемства прыезджы чалавек, які не ведае ўсе нюансы?" — задаецца пытаннем крыніца рэдакцыі. «Сталічны рэжысёр выбіраецца не па прынцыпе яго дасьведчанасьці, а па прынцыпе яго афіцыйных рэгалій. А гэта значыць, што ён з сістэмы функцыянераў і робіць усё для галачкі. Няма даверу да лакальных спецыялістаў, а значыць, давер да паперкі, — дадаў іншы суразмоўца.

Не хапае грошай і спецыялістаў

Па словах суразмоўніцы Hrodna.life, маладыя работнікі пасля адпрацоўкі размеркавання ў ГЦК з’ехалі - у Viber іх нумары змяніліся на польскія. «Засталіся адны „ўзроставыя“ — людзям няма куды ісці, ім на пенсію праз пяць гадоў. Будзе гэтак жа, як і ў школах: людзі адпрацавалі - сышлі, адпрацавалі - сышлі».

Да таго ж, культура — аддзел, які менш за ўсё фінансуецца, адзначаюць суразмоўцы. Людзі працуюць за 600−700 рублёў, а то і 300−400 рублёў. Большасць работнікаў культуры апошнія 10−20 гадоў сумяшчалі гэтую працу з іншай дзейнасці, каб пракарміць сябе.

Кіраўніцтва таксама змяняецца даволі часта, а разам з ім мяняюцца правілы і патрабаванні. Для творчай рэалізацыі ж трэба, каб матэрыяльна-тэхнічная «тэма» была стабільнай і была ўпэўненасць, што свята адбудзецца. У некаторых гродзенскіх кіраўнікоў у сферы культуры няма адпаведнай адукацыі, а гэта вельмі важна, мяркуе крыніца рэдакцыі. Напрыклад, як мінімум трое кіраўнікоў буйных устаноў культуры ў Гродне — былыя сілавікі на пенсіі.

Адно з гарадскіх святаў у Гродне. Фота: Hrodna.life

Культурная адукацыя не змяняецца, ідэалогіі як такой няма

Культурная адукацыя ў краіне не мяняецца 60 гадоў. Студэнтаў вучаць на прыкладах 70-х і 80-х гадоў. «Гэтая рафінаваная высмактаная з пальца савецкая культура, якая на самой справе ніколі не існавала. Яна створана літаральна з нічога», — лічыць крыніца.

«Праблема ў тым, што ідэалогіі як такой не існуе. Ніхто з ідэолагаў не можа сказаць, у чым заключаецца ідэалогія. Любіць Радзіму — ну добра, я люблю радзіму. А якія крытэрыі любові да Радзімы? А яны не могуць сказаць. Калі хтосьці ўваходзіць у „Белую Русь“ ці БРСМ, то так, ён будзе лічыцца патрыётам. А калі я не ўваходжу нікуды, лічу, што гэта трызненне, але я люблю сваю Радзіму? А гэта ўжо не ідэалагічна. А ў чым ідэалогія БРСМ? Любіць Радзіму! І мы выходзім на парадокс, які сам сябе кусае за хвост, як антычны змей ураборас і не можа ні пажраць сябе, ні дагнаць».

У якасці альтэрнатывы ён прыводзіць шэраг фестываляў вулічных мастацтваў у абласных гарадах і сталіцы, якія пачалі рабіць у 2013−2014 і на якія збіралі публіку.

Біг Міні фестываль вулічных мастацтваў Гродна ў 2017 годзе. Фота: Hrodna.life

Саладуха і бытавуха

У іншых краінах Дзень незалежнасці адзначаюць, па сутнасці, гэтак жа — з аркестрамі і самадзейнасцю. Але гэта адбываецца без прымусу. У Беларусі ж народныя ансамблі, калектывы ўдзельнічаюць аўтаматычна.

Святы ў Беларусі робяць, каб перакрыць сацыяльныя і фінансавыя праблемы і асвоіць бюджэт. Удзельнікаў свята ўражваюць знешнім глянцам, а не сэнсам. Прычынай гэтаму можа быць і тое, што людзі ў краіне стаміліся і ім сапраўды прыемней паслухаць «Чай вдвоем» або Саладуху, чым глыбокія песні, лічаць суразмоўцы Hrodna.life.

Зрабі сам

Гарадскія мерапрыемствы павінны рабіць самі жыхары, перакананая арганізатар святаў. Напрыклад, можна знайсці ініцыятывы, якія захочуць выступіць: жыхары, вулічныя музыканты, вучні музшкол. Можна было б зрабіць свабодную сцэну — яна сабрала б больш, чым Саладуха (Аляксандр Саладуха, савецкі і беларускі спявак, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, спарадзіў шэраг мемаў - Hrodna.life) на фестывалі нацыянальных культур. Для кагосьці гэта магло б быць стартам у новае жыццё. «Больш жыва і цікавей, калі людзі ўдзельнічаюць у гэтым», — мяркуе крыніца.

Галоўны крытэр, можа ён тут знаходзіцца ці не — гэта рэакцыя публікі. Няма такой цэнзуры з «гары», а ёсць цэнзура гледача — нармальная канкурэнцыя. Не трэба рабіць вось гэта «нізкі мастацкі ўзровень». Калі ён нізкі, на артыста ніхто не пойдзе.

Тым не менш, «падацца» на свята можна — ёсць прыклады кавер-бэндаў, якія так і працуюць.

Пры арганізацыі фестываляў наогул можна раіцца з гараджанамі з дапамогай галасавання на сайце гарвыканкама — калі людзі прывыкнуць, што іх пытаюцца, а ўлады будуць адкрытыя, каб ім захацелася пісаць.

Чытайце таксама: «520 галасоў пад падазрэннем». Што кажуць аб накрутцы ў конкурсе на лепшы брэнд горада

Ці можна святкаваць падчас вайны?

«А ці можна адзначаць дні нараджэння, святы дзяцей, віншаваць іх са сканчэннем школы? Падчас вайны той, хто „працягваў жыць“ — выжыў. Мяне радуе, што мы не Расія. Там гэта было п**дзец. А мы як бы накшталт і не ваюем жа», — разважае суразмоўца.

Дзень Незалежнасці ў Гродне ў 2021 годзе. Фота: Hrodna.life

Артысты зарабляюць за кошт выступаў. Да іх звяртаюцца, каб яны выступілі на гарадскім свяце — а яны адмаўляюцца. І яны губляюць грошы. Ім хто-небудзь дапаможа? Ім ніхто не дапаможа, — заключае суразмоўца.

«Па-першае, з „палітычнага“ пункту гледжання, свята робіцца, каб зрабіць шырму ад нейкіх праблем. Па-другое, заўсёды ёсць у кожнай краіне працэнт людзей, якім усё роўна. Такія святы вырошчваюць такіх людзей — абыякавых. Больш-менш інтэлектуальна развітыя гродзенцы ў гэтых святаў не ўдзельнічалі. І такіх вельмі шмат. Максімальная лічбы наведвальнікаў на фестывалі [нацыянальных культур — Hrodna.life] склала 80 000. На 350 000-ны горад? Мы бачым, колькі з нас абыякавых людзей», — заключае крыніца рэдакцыі. Да таго ж, лічыць ён, хто-небудзь з якія трапілі ў статыстыку «наведвальнікаў» ў гэты час проста ішоў на працу, па справах, а хто-то адмыслова прыйшоў паглядзець на «крынж».

Пуга і відовішчы

Рэгулярна з’яўляюцца навіны аб прымусе да ўдзелу ў гарадскіх мерапрыемствах. Студэнтам факультэта фізічнай культуры ГрДУ ім. Янкі Купалы за ўдзел у мерапрыемстве «Насустрач вясне» абяцалі закрыць шэсць гадзін пропускаў без уважлівай прычыны. У іншым выпадку студэнтам пагражалі адлічэннем, а работнікам дзяржпрадпрыемстваў далі выхадны. Крыніца рэдакцыі распавяла: у сферы адукацыі існуюць распараджэнні, дзе прапісваюць пэўную колькасць чалавек, патрэбную для мерапрыемства. У той жа час на наша пытанне «ці пойдзеце вы ў горад на Дзень Перамогі» толькі 4% чытачоў Hrodna.life адказала станоўча.

Трохі людзей хадзіла б добраахвотна на гарадскія святы, лічыць другі суразмоўца, прыводзячы ў прыклад «пандэмійны» Дзень горада-2021. «Колькі святаў было за апошнія 20 гадоў, нават і дождж не перашкаджаў публіцы збірацца, калі было цікава».

Гараджане калі-небудзь будуць хадзіць на святы добраахвотна? «Калі ўсё зменіцца. Калі людзям можна будзе галасаваць за артыста, які прыедзе, прапаноўваць свае варыянты фармату свята, калі не будзе „забароненых“ музычных гуртоў, калі людзі будуць вальнейшымі. Усё стане так, калі любая ідэя не будзе праходзіць ідэалагічны адбор», — мяркуе суразмоўца.

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024