Пасля жахаў Другой сусветнай вайны гродзенскія яўрэі Лары і Сіма Гразальскія з маленькім сынам Лестарам з’ехалі з роднага горада ў пошуках новага жыцця. Прайшоўшы ўсю Еўропу, яны перабраліся ў ЗША, дзе жылі спакойна да самай смерці. Іх унук Сцюарт Гарднер у лістападзе 2019 году вырашыў вярнуцца ў горад продкаў і даведацца больш пра сям’ю.
Продкі Сцюарта – гродзенскія яўрэі Гразальскія і Капульскія. Яны жылі шмат гадоў у Гродне на вуліцы Рэзніцкай (суч. Камунальная) і Царкоўнай (суч. раён шклозавода). Мірнае жыццё скончылася, калі ў Гродна ў 1941 годзе ўвайшлі нямецкія часткі. Яўрэяў сагналі ў гета, а адтуль паступова адпраўлялі ў перасыльны лагер у Калбасіно і далей у Асвенцім, адкуль не вярталіся.

Пасля вызвалення Гродна з двух вялікіх сем’яў Гразальскіх і Капульскіх выжыла толькі два чалавекі: Лары і Сіма. Яны пажаніліся ў гета і дапамагалі адзін аднаму ў складаны перыяд. Пара здолела ўцячы ад немцаў, калі чарговую калону з гета вялі ў Калбасіно. Гразальскія папрасілі дапамогі ў знаёмых палякаў Янулевічаў. Тыя схавалі іх у вёсцы недалёка ад Гродна. Польская сям’я рызыкавала сваім жыццём і на працягу 18 месяцаў дапамагала яўрэям.
Сцюарт хацеў знайсці тую самую ферму і аддзячыць сям’і адважных гродзенцаў, але пасля вайны Янулевічы пераехалі на поўдзень Польшчы, пад чэшскую мяжу.
“Усё, што адбывалася тут, гэта частка і майго жыцця”
У 1991 годзе камісія пры ізраільскім мемарыяле Яд Вашэм далучыла гродзенцаў Баляслава Янулевіча, яго сына Баляслава Янулевіча і дачку Леакадзія Бабароўску-Янулевіч да ліку Праведнікаў народаў свету за выратаванне сям’і Гразальскіх.
– У канцы 1990-х нашчадкі Баляслава жылі ў польскім Карпачы, але праз амаль 30 гадоў мы іх не знайшлі. Не знайшлі і гаспадарку пад Гродна, дзе хавалі бабулю і дзядулю, – распавядае Сцюарт. – Але агулам паездка для мяне аказалася фантастычная, горад вельмі ўразіў. Нягледзячы на тое, што я не знайшоў ферму і Янулевічаў, я змог даведацца больш пра сваю сям’ю і гісторыю яўрэяў у Гродне. Я вырас у Амерыцы і практычна нічога не ведаў пра жыццё сваёй сям’і ў Еўропе. Ведаў, што тут былі небяспечныя людзі, якія прымусілі сваякоў з’ехаць.

– Часам, гледзячы на сваіх продкаў, людзі знаходзяць нейкія падобныя рысы, якія пазнаюць у сабе. Я сваіх продкаў не ведаў. Але, прыехаўшы ў Гродна, я ўсвядоміў: усё, што адбывалася тут, гэта вялікая частка і майго жыцця. Я заўважыў, што гэты горад акружаны лясамі, а я ў ЗША большую частку свайго жыцця праводжу ў лесе, вельмі люблю такія месцы. І яшчэ я заўважыў, што ідэальна ўпісваюся ў мясцовую атмасферу: яўрэі Амерыкі гэта людзі невысокага росту, а я досыць вялікі. У Гродне я сябе адчуваю як дома. Ды гэта і ёсць мой дом, як і Масачусэтс за акіянам.

Паводле ўспамінаў Сімы, дом сям’і Капульскіх знаходзіўся насупраць бальніцы. Будынак шпіталя на сучаснай вуліцы Камунальнай захаваўся да нашых дзён, з’явіліся новыя корпусы. Сёння насупраць бальніцы знаходзіцца Лядовы палац і Абласны дыспансер спартыўнай медыцыны. Да канца 1950-х гадоў там былі вялікія яўрэйскія могілкі.
Памятник на могиле Найдуса стоял до последнего: в Гродно нашли неизвестные снимки уничтоженного еврейского кладбища

Не было вялікіх чаканняў
За два дні Сцюарт са сваёй жонкай Джэкі наведаў у Гродне месцы звязаныя з яго сям’ёй. З 1946 году ніхто з яго сваякоў не быў у гэтым горадзе, таму ў некаторых момантах для амерыканца гісторыя горада стала нечаканай.
– У мяне не было вялікіх чаканняў перад паездкай. Было імкненне даведацца, як жылі мае сваякі ў Гродне акрамя перыяду ў гета і фермы, дзе хаваліся. Хацеў даведацца, чым займаліся, што любілі і як адпачывалі яны. У нас атрымалася культурнае падарожжа, у якім мы даведаліся дэталі жыцця беларусаў і яўрэяў.
Пазнаёміцца з побытам старога горада амерыканцам дапамог музей Януша Паруліса. Там яны затрымаліся на некаторы час.

– Гэта дапамагло стварыць больш поўную карцінку для мяне, – дадае Сцюарт. – Я заўсёды імкнуся да чамусьці новага, а ў Гродне я зрабіў для сябе шмат адкрыццяў. Я не ведаю, ці прывязу сюды бацьку. Ведаю дакладна, што яму будзе цяжка сюды прыехаць. Але калі ён захоча, я гэта зраблю.
Тры гады ў лагеры для бежанцаў
Пасля вызвалення Гродна Лары і Сіма вярнулі свой дом на вуліцы Рэзніцкай. Да іх вяртання там жылі валацугі. Першы сын Гразальскіх Лестар, бацька Сцюарта, нарадзіўся ў 1945 годзе ў бальніцы насупраць дома. Некаторы час сям’я жыла ў сваім доме, мела працу, але ім прапанавалі перабрацца за акіян. У складзе групы яўрэяў, якія выжылі – 30-40 чалавек – яны адправіліся ў Заходнюю Еўропу.
– Пасля вайны пра яўрэйскае жыццё ў гэтым горадзе больш нічога не нагадвала, сваякоў не было, таму і вырашаліся з’язджаць. Там у Еўропе мой бацька страціў сваё дзяцінства, бегаў праз межы, разам з бацькамі адчуваў пастаянны страх і слёзы.

Гразальскія разам з іншымі гродзенскімі яўрэямі ішлі ў Нямеччыну праз Чэхаславакію, але былі схоплены памежнікамі і адпраўленыя ў турму. Праз два дні іх адпусцілі і яны працягнулі свой шлях. Канчатковай кропкай стаў адзін з лагераў у Германіі. Кожны дзень там выдавалі уцекачам квоты на іміграцыю ў розныя краіны свету. Лары і Сіме даводзілася па некалькі разоў ажаніцца, мяняць свой узрост і нацыянальнасць, каб хутчэй атрымаць квіток у новую краіну. У лагеры для бежанцаў гроднецны прабылі каля трох з паловай гадоў, пасля чаго нарэшце даведаліся, што Злучаныя Штаты гатовыя іх прыняць. Важным фактарам стала тое, што за акіянам жыла сястра Сімы.

– Так яны і пакінулі Еўропу. У ЗША маім сваякам было вельмі складана ўліцца ў новае культурнае асяроддзе. Але яны змаглі. Мой бацька Лестар дасягнуў неверагодных поспехаў: ён вучыў сваіх бацькоў англійскай мове, ён быў іх правадыром у новай краіне. З яго дапамогай яны адкрылі бізнес у ЗША: спачатку мясную лаўку, а пасля агенцтва па нерухомасці. Вайну і Еўропу яны пакінулі ззаду.
Больш падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй выратавання сям’і Гразальскіх у Гродне, можна прачытаўшы на англійскай успаміны Сімы, бабулі Сцюарта.


