Hrodna.life працягвае збіраць гісторыі гараджан, якія нарадзіліся ў Гродне ў міжваенны час. Усе ўспаміны лягуць у аснову кнігі пра жыццё ў даваенным горадзе. Гэтым разам раскажам пра Раісу Шымбарэвіч, якая ўсё жыццё пражыла на беразе Нёмана на вуліцы Рыбацкай.
Нарадзілася Раіса Міхайлаўна ў 1934 годзе. Яе бацька і дзед — карэнныя гродзенцы, а маці была родам з вёскі блізу горада. Калі пачалася Першая сусветная, сям’я Шымбарэвічаў з’ехала ў Расію, у Саранск, а вярнулася ў родныя мясціны ў пачатку 1920-х гадоў.
«Сям'я мая была праваслаўная і ўсё жыццё мы пражылі ля Каложы, — распавядае Раіса. — Пры паляках стары храм быў практычна зачынены і службы вялі там толькі на вялікія святы. Улады імкнуліся ўсяляк беларусаў акаталічыць. Вы думаеце, што тут шмат палякаў? Не, гэта беларусы каталіцкага веравызнання. Касцёл тады дапамагаў людзям. Я — беларуска. А так да 1939 года ў нас не пісалі нацыянальнасць. Пісалі: каталік, праваслаўны, юда ці мусульманін».
На беразе Нёмана ў сям'і Шымбарэвічаў быў свой дом з участкам і гаспадаркай. Раіса Міхайлаўна расказвае, што за польскім часам жылося гродзенцам вельмі цяжка, але пры жаданні кожны мог палепшыць сваё становішча. «Першы час працы не было і давалі толькі 1 злоты па беспрацоўі. Памятаю, бацька распавядаў, што летам людзі падзараблялі „на камянях“ — дзесьці брук рамантавалі».З часам бацька Раісы Міхайлаўны знайшоў працу на Нёмане, а мама займалася хатняй гаспадаркай і часам хадзіла прыбіраць да яўрэяў.
«Бацька ў 1930-х працаваў матросам на параходзе, а пасля вайны быў капітанам. Зараз ужо не ўзгадаю, куды ў 1930-я хадзіў яго параход, але, здаецца, уверх па Нёмане да Лунна і назад да літоўскай мяжы. Бацьку падабалася працаваць на параходзе. А мама з 8 гадоў працавала служанкай у яўрэяў і ведала іх мову добра. Працавала пакуль замуж не выйшла. Агулам, у даваенным Гродне, калі чалавек не краў, то яму працавалася добра і ён мог сабе многае дазволіць».
[irp posts="53 660″ name="Лавіў нямецкіх шпіёнаў і не толькі. Сталы гродзенец успамінае міжваенны Гродна"]
Па ўспамінах жанчыны, у старым Гродне самымі багатымі былі яўрэі, якія часта казалі палякам: «вашы вуліцы — нашыя камяніцы, вашы легіёны — нашы мільёны». Яўрэі ў даваенным Гродне трымалі практычна ўвесь гандаль. Раіса Міхайлаўна памятае, як хадзіла з мамай на невялікі кірмаш на плошчы Баторыя, памятае і яўрэйскую краму з тканінамі.
«Тады горад быў маленькі і чысты. Была ў нас у Гродне да вайны прыгожая праваслаўная Аляксандраўская царква [рэд. — на сённяшняй плошчы Тызенгаўза, насупраць Вечнага агню). Яе палякі разабралі і груды камянёў павезлі ў кірунку Сабачай горкі для далейшага будаўніцтва. Абяцалі пабудаваць зноў, але ў час вайны ўвесь гэты матэрыял бясследна знік».
Раіса Міхайлаўна ўспамінае, што большасць гродзенцаў сустракала савецкую ўладу ў верасні 1939 года. Яна адзначае, што толькі заўзятыя палякі не любілі рускіх.
«Так, былі людзі незадаволеныя, бо ў іх забіралі бізнес, а беднякам у Гродне было добра. Галоднымі ніхто не сядзеў. Так пражылі да прыходу немцаў».
[irp posts="49 922″ name="Гета, гестапа ў Скідзелі і турма ў Гродне. 88-гадовая гродзенка ўспамінае нямецкую акупацыю"]
Нямецкую акупацыю Гродна жанчына памятае лепш за ўсё са свайго дзяцінства. У той час сям'і Шымбарэвічаў прыйшлося памяняць дом на Рыбацкай на кватэру на Базыліянскай. Немцы высялялі ўсіх людзей, якія жылі паблізу берагоў Нёмана.
«Вайна ў чэрвені 1941 года пачалася вельмі рана. Мы пачулі гул самалётаў і першы снарад упаў у раёне Нёмана. Нашы войскі хутка адступілі. Ніхто не быў гатовы да вайны, нават страляць не было чым. Мірныя жыхары хаваліся ў падвалах. Ужо ў 1942 годзе нас выселілі з дому. Немцы выдалі ўказ, што над Нёманам нельга жыць людзям і пры гэтым знішчылі ўсе лодкі жыхароў. Баяліся, што людзі будуць перавозіць партызан».На другі год нямецкай акупацыі сям’я Шымбарэвічаў адправілася на вуліцы горада ў пошуку новага жылля. У той час, па ўспамінах Раісы Міхайлаўны, у горадзе было шмат пустых яўрэйскіх пабудоў.
«Дзе хочаш, там і засяляйся. Мы пайшлі на Базыліянскую і жылі ў адным яўрэйскім доме да 1944 года. Мама прапаноўвала бацьку заставацца там і далей, але тата баяўся, што вернуцца жыхары. Ніхто тады ў Гродне не ведаў, што яўрэяў спаляць».
Сталая жанчына да сёння добра памятае гета на Замкавай і як там утрымлівалі мясцовых яўрэяў.
«У яўрэяў збіралі золата і іншыя каштоўныя металы, карціны. Спачатку паціхеньку… Я бачыла наша гета і была там дзіцём. Нічога страшнага там не было, памятаю, што яно было вялікае».
Раіса Міхайлаўна кажа, што ў гета ў цэнтры Гродна было шмат дамоў і ў кожным жыло па 5−10 яўрэйскіх сем’яў. Адной сям'і давалі адзін пакой. Мужчын з гета накіроўвалі на працу ў горад, а жанчыны і дзеці ўвесь час праводзілі на вуліцы або ў дамах. Немцы не дазвалялі яўрэям проста так выходзіць з гета.
[irp posts="48 960″ name="Больш чым успаміны: 92-гадовая гродзенка пра міжваенны Гродна, акупацыю і дэпартацыю ў Нямеччыну"]
«Я памятаю адзін выпадак з гета. У маці была карова і яна хадзіла туды за бульбянымі ачысткамі і я іншы раз з ёй. Немцы далі на гэта дазвол. Адзін раз у гета паехаў нейкі мужык і я села да яго ў фурманку. Немец прапусціў, бо думаў што мы ўдвох. Мужык у гета паехаў па сваіх справах, а я знайшла яўрэйскую сям’ю Бярковічаў - у іх мама працавала да вайны. Памятаю, хлопчыкаў клікалі Iчы і Лёфка, іх маму звалі Марыя, а бабулю Ханна. У той дзень з Лёфкам мы цэлы дзень гулялі ў гета.
Горад я ўжо тады ведала. Замест таго, каб выйсьці з гета праз Замкавую, пайшла на Віленскую. Іду ў беленькай сукенцы, як ні ў чым не бывала, падыходжу да прахадной. Паліцай да мяне: «Ты куды ідзеш?». Я ў адказ — дадому іду. Сказала, што жыву на Базыліянскай і прыйшла ў гета з мамай. Заблукала. Падышоў немец, яму пераклалі. Ён дастаў шакаладку, пляснуў па задніцы і адправіў за браму. Паліцай потым падышоў да мяне і сказаў, што калі яшчэ хоць раз пабачыць у гета, то не выпусціць — пайду разам з жыдамі".
Вядома, што немцы ў гета забіралі ў яўрэяў іх дарагія рэчы. Але многае засталося ў кватэрах, дзе яны раней жылі. Раіса Міхайлаўна ўспамінае, што перад вайной сям’я Бярковічаў раздавала свае рэчы, ведаючы што ў іх могуць забраць усё.
«Бабуля Ханна, у якой мама працавала, хацела пакінуць нам многія рэчы, але гэта не адбылося — мама з’ехала і не жадала нічога чужога. І ўжо калі ў гета мама прыехала за ачысткамі і сустрэлася з Бярковічамі, яны яе лаялі і называлі дурной. Усе рэчы гэтай сям'і прапалі, калі яўрэяў дэпартавалі ў гета. А Бярковічы да вайны жылі паблізу піўзавода і былі багатыя. Што з імі стала пасля гета — ніхто не ведае. Шкада было яўрэяў. Яны складалі большую частку насельніцтва даваеннага Гродна, а пасля вайны, можа 10 чалавек, якім удалося схавацца, засталіся ў жывых у горадзе».
Бацька Раісы Міхайлаўны пры немцах працягваў працаваць на параходзе. Па ўспамінах жанчыны, для яго работа падчас акупацыі была вельмі страшнай. Ён знаходзіўся паміж двух агнёў: немцы не дазвалялі партызан перавозіць, а яны ўвесь час прыходзілі з лясоў.
«Паціху бацька перавозіў. Ніхто не хацеў пад немцамі жыць, яны нас называлі „русіш швайн“. Былі ў нас і падсобнікі новай улады з бел-чырвона-белымі павязкамі. Я нават і не ведала, што гэта за павязкі ў іх на руках. Толькі нядаўна я зразумела, што гэта. Не так немцы бушавалі ў Гродне, як нашы мясцовыя пярэкруты».Гродзенка ўспамінае, што горад у час вайны моцна не пацярпеў, толькі цэнтр. Па яе ўспамінах, моцныя баі былі за вызваленне горада ў 1944 годзе.
«Было страшна, калі стралялі з двух берагоў Нёмана. У вайне наша сям’я страціла дзядзьку, якога забіў нямецкі снайпер з другога боку Нёмана. Ён пайшоў па ваду ў калодзеж. А так у час вайны ў нас у хляве збіраліся мясцовыя жыхары і быў у нас там прыёмнік невялікі. Дарослыя калі збіраліся, то дзяцей выганялі, бо баяліся што яны могуць нешта расказаць. А за шакалад дзеці тады маглі многае расказаць немцам».
[irp posts="47 989″ name="Школа, гандаль, рэпрэсіі, вайна. 93-гадовая гродзенка пра жыццё ў міжваенны і ваенны час"]
Пасля вайны ў Гродна сталі прыязджаць людзі з вёсак, суседніх гарадоў і Расіі. Па ўспамінах Раісы Міхайлаўны, карэнных гродзенцаў заставалася вельмі мала.
«Тата казаў маме, што калі Гродзенская вобласць адышла б у Польшчу, каб яна брала дзяцей і ехала ў Расію. Мы засталіся ў СССР. У палякаў мы былі хамамі і быдлам. Пасля вайны заўзятыя католікі з’ехалі хутка ў Польшчу, а на іх месцы людзі прыязджалі з розных куткоў і займалі пустыя кватэры. Першы перапіс жылога фонду быў у 1946 годзе. І калі людзі паспелі заняць кватэры, то за імі іх і запісвалі».
Для того, чтобы обеспечить бесперебойное энергообеспечение, вам понадобится купить генераторы. Только так вы защитите свое оборудование от перепадов напряжения и обеспечите непрерывное производство.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…