Першы на Гродзеншчыне гольф-клуб пачаў працаваць у Моладзевым цэнтры «Гродна». Яго адкрыццё адбылося 19 студзеня. Для папулярызацыі гульні цягам года плануецца пабудаваць адкрытую пляцоўку для міні-гольфа ў горадзе і абсталяваць поле ў раёне Аўгустоўскага канала. У будучыні ў гольф можна будзе гуляць таксама ў Скідзелі, Лідзе, Навагрудку і Карэлічах. На думку спартыўных чыноўнікаў, гэта паспрыяе прасоўванню здаровага ладу жыцця і папулярызацыі рэгіёна сярод турыстаў.
Клуб у МЦ «Гродна» абсталяваны дзевяццю дарожкамі вольнага стандарту для гульні ў міні-гольф і штучным патынг-грынам (пляцоўка са штучным травяным пакрыццём) для адпрацоўкі ўдараў. Плануецца набыць камп’ютарныя сімулятары для гульні. Такім чынам тут можна будзе паўнавартасна трэніравацца незалежна ад сезону. Першымі спартсменкамі, што апрабавалі новую пляцоўку, сталі дзяўчаты з хакейнага клуба «Рытм».
Яны займаюцца хакеем на траве, таму трымаць клюшкі ў руках умеюць. Праўда, прышлося трохі перавучыцца на больш далікатны стыль гульні.
«У хакеі мячык больш цяжкі і біць трэба моцна. Гольф патрабуе менш сілы і больш дакладнасці», — падзялілася ўражаннямі адна са спартсменак, 15-гадовая Эвеліна Шмыгун.
Хакеісткі трэніраваліся на пляцоўцы для міні-гольфа толькі адзін дзень, але ўжо многаму навучыліся. Кажуць, што вельмі спадабалася і будуць працягваць гуляць надалей.
Спадзяванні, што гольф на Гродзеншчыне перарасце з аматарскага ў прафесійны і нават алімпійскага ўзроўню, выказаў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч. Таксама ён паабяцаў, што для моладзі будзе маскімальна забяспечана магчымасць займацца бясплатна.
Старшыня Беларускай асацыяцыі гольфа Уладзімір Дражын распавёў, што «гольф параўноўваюць з акадэмічным мастацтвам, з балетам, у гэтай гульні інтэлект чалавека працуе ў гармоніі з прыродай». Асацыацыя плануе забяспечыць магчымасць займацца гольфам ва ўсіх навучальных установах краіны — ад школы да ВНУ.
Нацыянальны алімпійскі камітэт ужо разглядае магчымасць стварыць у Гродне першую ў краіне школу алімпійскага рэзерву для падрыхтоўкі спартсменаў-гальфістаў.
Пытанні высокіх коштаў інфраструктуры і экіпіроўкі для гольфа чыноўнікі мяркуюць вырашаць за кошт супрацоўніцтва дзяржавы з прыватным капіталам. Таксама чакаецца, што развіццё гольфа прыцягне турыстаў і інвестыцыі з-за мяжы.
«Здавалася б, развіццё гольфа не тая тэма, што патрабуе першачарговага абмеркавання, — зазначыў памочнік прэзідэнта, галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, — аднак менавіта праз ажыццяўленне такіх незвычайных ідэй мы пацвярджаем шлях эфектыўнай дзяржавы. Эфектыўнай найперш за кошт здаровага ладу жыцця».
Старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой новых ідэй увогуле, і гольфа ў прыватнасці, таксама не цураецца. Ён выказаў гатоўнасць падтрымліваць цікавыя пачынанні, каб Гродна заўсёды быў лідарам.
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …