Інстытут Гётэ 30 ліпеня прыпыніў сваю працу ў Беларусі. Гэтага ў канцы чэрвеня запатрабавала ад амбасады Германіі беларускае Міністэрства замежных спраў. Таксама ў Беларусі спыняе працу Германская служба акадэмічных абменаў (DAAD). Hrodna.life узгадаў, чым займаўся Інстытут у Беларусі.

Сутыкнуліся з такім упершыню

«Гётэ-Інстытут, 157 прадстаўніцтваў якога свабодна працуюць ва ўсім свеце, упершыню сутыкаецца з такім развіццём падзей. Мы вельмі шкадуем аб такім патрабаванні беларускага кіраўніцтва і спадзяемся, што хутка зможам працягнуць сваю працу ў Беларусі. У нашых думках мы побач з калегамі ў Беларусі. Мы салідарныя з Германскай службай акадэмічных абменаў, якая таксама атрымала патрабаванне спыніць сваю працу», — пракаментаваў прыпыненне дзейнасці генеральны сакратар Інстытута Гётэ Ёханэс Эберт.

Што такое Інстытут Гётэ?


Інстытут Гётэ (Goethe-Institut) — нямецкая недзяржаўная арганізацыя, заснаваная ў 1951 годзе. Названа ў гонар нямецкага літаратара Ёгана Вольфганга фон Гётэ. Інстытут Гётэ дзейнічае ў 98 краінах, у ім працуе больш за 3500 чалавек. Задачай арганізацыі - папулярызацыя нямецкай мовы ў свеце і міжнароднае культурнае супрацоўніцтва. Фінансуюць інстытут улады Германіі.

“Зрабіў для нашай культуры столькі, колькі не снілася ніводнаму міністэрству”. Што страчвае Беларусь праз закрыццё Інстытута Гётэ ў Мінску
Фота: vk.com/giminsk

Што Інстытут Гётэ рабіў у Беларусі?

У Беларусі ён існаваў з 1993 года. Асноўнымі напрамкамі ў працы былі: курсы нямецкай мовы, выставы, кінапаказы, канцэрты. У Мінску працавала бібліятэка нямецкай літаратуры. Дзякуючы працы Інстытута на беларускую мову перакладаліся творы класікаў нямецкай літаратуры. Інстытут часта супрацоўнічаў з музеямі або ўдзельнічаў у праектах, прысвечаных гісторыі.

Альгерд Бахарэвіч з перакладам кнігі нямецкага пісьменніка Грэгара Зандэра
Альгерд Бахарэвіч з перакладам кнігі нямецкага пісьменніка Грэгара Зандэра

З Інстытутам больш за 15 гадоў супрацоўнічаў беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Ён перакладаў кнігі нямецкіх аўтараў на беларускую мову, актыўна ўдзельнічаў у імпрэзах і прэзентацыях, арганізаваных Інстытутам.

«Калі з незалежнай дзяржавы выганяюць Інстытут Гётэ, гэта значыць адно: тая дзяржава ўжо зрабілася поўным ізгоем і сама абрала гэты шлях. Інстытут Гётэ ў Менску зрабіў для нашай культуры столькі, колькі не снілася ніводнаму беларускаму міністэрству і ніводнай дзяржаўнай арганізацыі, — распавёў Hrodna.life пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. — Скажу больш: менавіта Інстытут Гётэ апошнія гадоў 20 нешта развіваў тут, на нашых прасторах, у той час як міністэрствы і арганізацыі ўвесь час нешта разбуралі і падмянялі жывое мёртвым. Я дакладна ведаю, што сотні людзей культуры ў Беларусі ўдзячныя Інстытуту Гётэ за падтрымку іх творчасці, а дзясяткі тысяч чытачоў, гледачоў, слухачоў мусяць быць удзячныя яму за працу. Інстытут Гётэ ніколі не займаўся палітыкай, толькі культурай і адукацыяй, але культура і адукацыя ня могуць існаваць без свабоды, яны і ёсць палітыка — палітыка, якая робіцца не палітыкамі, а намі самімі».

Інстытут прадстаўляў Германію на штогадовым міжнародным кніжным кірмашы ў Мінску. Час ад часу прывозіў у Беларусь цікавыя выставы або нямецкіх аўтараў. Акрамя гэтага, Інстытут неаднаразова прадстаўляў свае памяшканні для правядзення іншых культурніцкіх імпрэзаў.

“Зрабіў для нашай культуры столькі, колькі не снілася ніводнаму міністэрству”. Што страчвае Беларусь праз закрыццё Інстытута Гётэ ў Мінску
Інстытут Гётэ на выставе «Адукацыя і кар’ера 2020» у Мінску. Фота: vk.com/giminsk

Што карыснага Інстытут Гётэ рабіў у Гродне?

Інстытут супрацоўнічаў з абласной навуковай бібліятэкай імя Карскага. Напрыклад, у 2015 годзе ў бібліятэцы выступаў нямецкі пісьменнік Гербэрт Гюнтэр, а ў 2016-м у бібліятэцы праходзіла інтэрактыўная выстава «Экамысленне — вучымся ў прыроды».

Таксама інстытут курыраваў гродзенскую школу № 28, дзе з 2011 года працуе абласны рэсурсны цэнтр нямецкай мовы і культуры. Гродзенскія школьнікі ў выніку не толькі мелі магчымасць вывучаць нямецкую мову ў сваіх школах, але і ездзілі, напрыклад, на канферэнцыі ў Берлін.

“Зрабіў для нашай культуры столькі, колькі не снілася ніводнаму міністэрству”. Што страчвае Беларусь праз закрыццё Інстытута Гётэ ў Мінску
Фота: vk.com/giminsk

У 2020 годзе ў Гродне адбываліся канцэрты, выставы і кінапаказы, прысвечаныя 250-годдзю з дня нараджэнна Людвіга ван Бетховена. У іх арганізацыі таксама ўдзельнічаў Інстытут Гётэ.

У сакавіку 2021 года пры падтрымцы Інстытута стварылі першую віртуальную рэканструкцыю будынка слонімскай сінагогі.

“Зрабіў для нашай культуры столькі, колькі не снілася ніводнаму міністэрству”. Што страчвае Беларусь праз закрыццё Інстытута Гётэ ў Мінску
Дырэктар Інстытута Гётэ ў Мінску Якаб Рачак на Калядным фэсце 2019

З 2005 года ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працуе Цэнтр нямецкай мовы і культуры. Ён рэгулярна супрацоўнічаў з Інстытутам Гётэ і службай DAAD. Таксама ва ўніверсітэце адбываліся выставы, арганізаваныя Інстытутам.

Якую карысць студэнтам і выкладчыкам прыносіла DAAD?

Германская служба акадэмічных абменаў (DAAD) працавала ў Беларусі з 1994 года. Гэта найбуйнейшы ў свеце фонд, які займаецца міжнародным супрацоўніцтвам у акадэмічным і навуковым асяродку. Перадусім, праз міжнародны абмен студэнтамі і навукоўцамі. З Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы служба працавала з 2000 года.

DAAD фінансуе паслядыпломныя праграмы, праграмы для навукоўцаў і аспірантаў на напісанне навуковых працаў. Студэнты маглі паехаць таксама на кароткія азнаямляльныя візіты, практыкі і стажыроўкі або на летнія курсы ў ВНУ Нямеччыны. Адзін з самых вядомых стыпендыятаў DAAD — беларуская лаўрыятка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч.

“Зрабіў для нашай культуры столькі, колькі не снілася ніводнаму міністэрству”. Што страчвае Беларусь праз закрыццё Інстытута Гётэ ў Мінску
Фота: vk.com/giminsk

У 2019 годзе падтрымку DAAD у галіне міжуніверсітэцкіх праектаў (азнаямляльныя візіты, семінары, стажыроўкі, сумесныя навучальныя праграмы) атрымалі 124 беларусы. Індывідуальную стыпендыйную падтрымку ў 2019 годзе атрымалі 106 беларусаў. У канцы 2020 года сувязі з рэпрэсіямі супраць удзельнікаў мірных пратэстаў ў Беларусі служба DAAD распрацавала рэкамендацыі для нямецкіх ВНУ: як падтрымаць тых, хто навучаецца і працуе ў ВНУ Беларусі.

Што дала DAAD гродзенцам?

У перыяд з 2000 па 2018 год 97 студэнтаў ГрДУ прайшлі моўныя і навукова-даследчыя стажыроўкі або летнія курсы, прайшлі тры міжнародныя студэнцкія праекты, 29 стажыровак прайшлі выкладчыкі гродзенскага ўніверсітэта. Цягам 10 год лектары DAAD праводзілі курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў Гродна і рэгіёна.

“Зрабіў для нашай культуры столькі, колькі не снілася ніводнаму міністэрству”. Што страчвае Беларусь праз закрыццё Інстытута Гётэ ў Мінску
Фота: vk.com/giminsk