Ліза Сает прыехала ў Гродна ўпершыню ў сярэдзіне жніўня 2018. Дзяўчына з Ізраіля хацела ўбачыць горад, дзе жылі яе продкі. Яе прадзед Самуіл Сает быў вядомым у Гродне доктарам, а дзед Яфім цудам выбраўся з Гродзенскага гета і далучыўся да партызанаў. Ён выжыў і стаў заслужаным лекарам Беларусі.

Дзяўчына родам з Брэста, але ўжо некалькі гадоў жыве ў Ізраілі. У Гродна яна прыехала з мамай. Пра тое, што сям’я родам з Гродна, дзяўчына ведала. Але гэтая тэма ўздымалася вельмі рэдка. Дзеду было цяжка ўспамінаць родны горад і сям’ю, якая там загінула.

Падрабязней у сям'і пачалі гаварыць пра Гродна пасля таго, як дзед Яфім Самуілавіч напісаў успаміны пра горад і сям’ю Саетаў.

Доктар, які бясплатна лячыў бедных

Прадзед Лізы — Самуіл Яфімавіч Сает (1871 г. н.) — быў вядомым у Гродне лекарам. Ён скончыў медыцынскі факультэт Харкаўскага ўніверсітэта. Пасля вучобы працаваў прыватным лекарам у Індуры. Затым паехаў на спецыялізацыю ў Берлін, стаў спецыялістам па ўнутраных, скурных і венерычных хваробах.

Пасля вучобы ў Германіі прадзед пераехаў у Гродна, дзе займаўся прыватнай практыкай і працаваў у бальнічнай касе. Ён быў лекарам-гуманістам, часта бясплатна лячыў бедных. Быў верны традыцыям рускіх лекараў-грамадзяннікаў. У яго заўсёды вісеў над пісьмовым сталом партрэт Манасеіна, рускага ўрача, рэдактара газеты «Врач».

«Дзед пісаў, што людзі любілі яго бацьку, а рабочыя тытунёвай фабрыкі ў Гродне абралі яго фабрычным лекарам, чым ён вельмі ганарыўся».

Камуністы, партызаны, заслужаныя лекары: гісторыя гродзенскай сям'і лекараў Саетаў
Самуіл Яфімавіч Сает удзельнічаў у руска-японскай вайне. У 1914 годзе, у момант пачатку першай Сусветнай вайны, ён быў мабілізаваны і адпраўлены на фронт як лекар 26-й артылерыйскай брыгады. Яго жонка і дзеці паехалі ў эвакуацыю. У 1918 годзе, калі Гродна перайшоў да палякаў, сям’я вярнулася дадому.

Лячыў Гая ад сіфілісу

У Гродне Саеты жылі на вуліцы Гувера (сучаснай Тэльмана). Згодна з пералікам лекараў 1925 года, доктар Сает жыў па адрасе Гувера, 8. А згодна з пералікам удзельнікаў яўрэйскай абшчыны ў 1937 годзе і паводле тэлефоннай кнігі 1939 года — на Гувера, 12. На гэтай жа вуліцы ў яго быў свой кабінет.

«У сваіх успамінах дзед пісаў, што ў 1920 годзе, калі ў Гродна прыйшла Чырвоная армія, у дом яго бацькі прыйшлі казакі і павезлі яго да камандуючага Гая. Аказваецца, ён і яго палюбоўніца былі хворыя на сіфіліс і прадзед рабіў ім уліванні сальварсана. Таксама Гай запатрабаваў выпісаць яму мазь з какаінам».

Дзед Яфім быў камуністам

Дзядуля Лізы Яфім Самуілавіч Сает нарадзіўся ў Гродне ў 1911 годзе. Вучыўся ў Польскай гімназіі імя Адама Міцкевіча. Пасля паступіў у Віленскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт. Там ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Верай Блюм. У яе на кватэры праходзілі сустрэчы камуністаў, на якіх Сает таксама прысутнічаў. Пра гэта неяк даведалася паліцыя, пачаліся праблемы. Гродзенец з будучай жонкай перавёўся ў Варшаву.

Камуністы, партызаны, заслужаныя лекары: гісторыя гродзенскай сям'і лекараў Саетаў
Роза Сает з сынам Яфімам (1910-я г)
Яфім Самуілавіч успамінаў, што яго бацькі вельмі перажывалі за яго дзейнасць у Вільні.

«Нягледзячы на ​​ўнушэнні бацькоў, дзед працягваў працаваць у кампартыі. Збіраў беспрацоўных, распавядаў пра Савецкі Саюз паводле тых матэрыялаў, якія яму перадавалі нелегальна. Некалькі разоў яго арыштоўвалі і рабілі ператрусы, але нічога не знаходзілі. Ён пісаў, што тады ў Вільні былі камуністы-студэнты: беларусы, палякі, літоўцы. Сярод палякаў дзейнічаў клуб інтэлектуалаў, які стаяў на пазіцыі марксізму. Але большасць літоўскіх студэнтаў былі фашыстамі, нападалі на студэнтаў яўрэяў. З-за боек зачынялі ўніверсітэты».

Пры камуністах агітавалі і лячылі людзей

У 1936 годзе Яфім Самуілавіч скончыў медыцынскі факультэт у сталіцы Польшчы, атрымаў дыплом урача і яшчэ меў адбыць год стажыроўкі. У выніку ён застаўся ў Варшаве да 1939 года. Другую сусветную вайну сустрэў у Гродне.

«За тры гады працы ў Варшаве дзед добра засвоіў тэрапію, а працуючы ў дзіцячым прытулку падвучыў педыятрыю. У канцы жніўня 1939 года ў Польшчы аб’явілі мабілізацыю і ён з жонкай паехаў у Гродна, дзе быў прыпісаны да ваенкамата. У родным горадзе ён хацеў далучыцца да адной з польскіх частак, але камандзір паклікаў паліцэйскага, каб яго забралі».

У выніку Яфім адправіўся да савецка-польскай мяжы сустракаць камуністаў. З прыходам новай улады ў Гродна Саета-малодшага прызначылі старшынёй выбарчай камісіі па выбарах у народны сход. Ён збіраў выбаршчыкаў, выступаў на рускай, польскай і яўрэйскай мовах.

Яфім Самуілавіч пісаў:

«У нас дома тата працаваў у паліклініцы галоўным урачом, сястра Цыля ў музычнай школе. Бацька таксама выступаў на сходах медыкаў, казаў, што селянін не будзе паміраць пад плотам. Пры Польшчы сяляне ў большасці сваёй не маглі лячыцца, бо лячэнне было дарагім. Упершыню тады з’явілася ў Гродне хуткая дапамога. Мне прапанавалі працаваць лекарам у турме. Я пагадзіўся і гэта была мая памылка. Праца была вельмі непрыемная, хоць лячыў я так, як мяне вучылі. Улетку 1940 года я звольніўся і паехаў працаваць у Друскенікі».

Камуністы, партызаны, заслужаныя лекары: гісторыя гродзенскай сям'і лекараў Саетаў
Сястра Яфіма Цыля Сает у дзяцінстве (1910-я г). У міжваенны час працавала настаўнікам музыкі. Загінула ў Гродзенскім гета

Мужчыны сышлі ў партызаны, жанчын пакінулі з бацькамі

На 1940 годзе сканчаюцца ўспаміны Яфіма Самуілавіча. Далей Германія напала на Савецкі Саюз і Гродна трапіў у акупацыйную зону. Усіх яўрэяў сагналі ў два гета.

«Гэтым перыядам заканчваюцца ўспаміны дзядулі. У сям'і казаць пра гэта было вельмі цяжка, бо загінулі ўсе, акрамя дзеда і мужа яго сястры. Нейкім чынам яны здолелі ўцячы з гета. Жанчыны засталіся даглядаць старых бацькоў. Магчыма, там было маленькае дзіця, але мы не ведаем дакладна. У ізраільскім музеі халакоста Яд Вашэм нам паведамілі, што там быў хтосьці з дзяцей і, магчыма, гэта было дзіця нашага дзядулі, але ён ніколі пра гэта не казаў. Яму было балюча ўспамінаць перыяд вайны ў Гродне».

Яфім разам з мужам сястры сышлі ў партызанскі атрад, які базаваўся ў Брэсцкай вобласці. Таму пасля вайны Сает і застаўся ў Брэсце. Спачатку яны былі ў яўрэйскім партызанскім атрадзе, а пасля перавяліся ў звычайны савецкі. Іх лекарскія здольнасці цанілі, інакш яўрэям цяжка было патрапіць у партызаны.

Заслужаны доктар Беларусі

Пасля вайны Яфім Самуілавіч працягнуў працаваць урачом, спачатку працаваў у вёсцы каля Белавежскай пушчы, а пасля ў Брэсце. Там ён ажаніўся на другой жонцы Зіне. У 1950 годзе ў іх нарадзіўся сын, яго назвалі ў гонар гродзенскага дзеда па бацькавай лініі, доктара Самуіла Саета, які загінуў у Гродзенскім гета.

За гады плённай працы Яфіму Саету ўдалося стаць заслужаным доктарам Беларусі.

Камуністы, партызаны, заслужаныя лекары: гісторыя гродзенскай сям'і лекараў Саетаў
Сает Яфім Самуілавіч (савецкія гады). За гады плённай працы яму ўдалося стацы заслужаным доктарам Беларусі. Памёр у Брэсце ў 1998 годзе.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life