Хто б мог падумаць, што адным са «слупоў» абароны «Нёмана» ў гэтым сезоне стане не перайшоўшы ў зімовае міжсезонне вопытны 30-гадовы Дзмітрый Верхаўцоў, а яшчэ адзін навічок — 19-гадовы «стоппер» Гіоргі Кантарыя. Не па гадах спелая гульня ўжо прымусіла заўзятараў казаць пра маладога грузіна ў захопленых танах і стала выдатнай падставай для інтэрв'ю, апублікаванага на сайце клуба і на football.by.

Праўда, пагаварыць з абаронцам аказалася справай не простай. Пакуль ён гаворыць толькі па-грузінску, таму за дапамогай мы звярнуліся да Элгудже Гаджаевіча Манія — земляка Кантарыя, які з’яўляецца старшынёй Гродзенскага гарадскога аб’яднання грузінаў і дырэктарам прадпрыемства «БелоГрузия», якое ўжо доўгі час корміць гродзенцаў лавашамі, хачапуры, а таксама іншымі грузінскімі смачнасцямі.

Гіоргі Кантарыя: «Нёман» – гэта наступная прыступка ў маёй кар'еры, працяг майго развіцця
Элгуджа Гаджаевіч Манія
Адно з правілаў мегрэла, што госць — галоўны чалавек у доме і ўся ўвага накіравана на яго, мы адчулі спаўна. Элгуджа Гаджаевіч сустрэў нас з традыцыйнай грузінскай шчырасцю, якая ўключае ў сябе, вядома, хачапуры і віно… Зрэшты, вернемся да футбола.

— Гіоргі, раскажы нам крыху пра месца, дзе ты нарадзіўся.

— Родам я з вёскі Дарчэлі, якая знаходзіцца ў 10 кіламетрах ад горада Зугдзідзі. Заходняя Грузія, сталіцай якой з’яўляецца гэты горад, называецца Самэгрэла. Грузія — гэта горная краіна, а вось у заходняй Грузіі, адкуль я родам, пераважае раўнінная мясцовасць. Недалёка ад нас размешчана Чорнае мора.

Калі цікава ведаць пра тое, чым там жывуць людзі і што там расце, то расце там літаральна ўсё. У маім сяле, у асноўным, вырошчваюць арэхі, з якіх робяць чурчхелу. У многіх людзей там свае сядзібы, плантацыі. Акрамя арэхаў, на гэтых сядзібах расце даволі шмат кукурузы, з якой робяць вельмі распаўсюджаную ў нас страву — мамалыгу. У залежнасці ад кансістэнцыі, мамалыга можа быць кашай, а можа замяніць хлеб. Таму, калі ў сяле вырошчваюць шмат кукурузы, то з голаду там не прападуць. Будуць накормлены хатнія жывёлы — у гаспадарцы будуць малако, яйкі, мяса. Значыць і людзі будуць сытыя.

Гіоргі Кантарыя: «Нёман» – гэта наступная прыступка ў маёй кар'еры, працяг майго развіцця

— А чым займаюцца твае бацькі, і ці няма ў тваёй сям'і прафесійных спартсменаў?

— Бацьку я пахаваў ў 2016-м годзе, па прафесіі ён быў інжынерам. Мама ўжо на пенсіі, а да гэтага працавала лекарам. У маёй сям'і заўсёды любілі спорт, але прафесійна ніхто ніякім відам не займаўся. Бацька і дзядзька трохі гулялі ў футбол, аднак гэта быў аматарскі ўзровень. Яшчэ ў мяне ёсць два старэйшых браты — Канстанцін і Уладзімір. Дзякуючы Уладзіміру я і стаў футбалістам. Брат займаўся сам і вельмі хацеў гуляць, але здароўе яму не дазволіла стаць прафесійным гульцом.

— Вядомы ўсім Герой СССР Мелітон Кантарыя, узняўшы ў 1945 годзе сцяг Перамогі над Рэйхстагам, выпадкова не з’яўляецца тваім сваяком?

— Пра нейкія роднасныя сувязі з Мелітонам Кантарыя мне нічога не вядома. Думаю, што мы проста цёзкі, бо прозвішча Кантарыя досыць распаўсюджанае. Мне казалі, што ёсць не менш за 1200 чалавек, якія носяць такое прозвішча.

Гіоргі Кантарыя: «Нёман» – гэта наступная прыступка ў маёй кар'еры, працяг майго развіцця

— Акрамя футбола былі ў цябе ў дзяцінстве нейкія захапленні?

— Ніякіх іншых захапленняў у мяне не было. З самага ранняга дзяцінства вакол мяне круціўся толькі футбольны мяч.

— У дзяцінстве ўсе маленькія футбалісты мараць гуляць у нейкім вядомым клубе і быць падобнымі на сваіх улюбёнцаў. Хто быў тваім дзіцячым кумірам і чаму?

— З самага дзяцінства я хацеў стаць добрым абаронцам, такім, якімі былі Паола Мальдзіні і Фабіё Канавара. Яны абаранялі колеры «Мілана», у якім гуляў мой суайчыннік Каха Каладзе. Я часта глядзеў гульні гэтага клуба і марыў, што калісці змагу згуляць на гэтым стадыёне за гэты вялікі клуб.

— Ці памятаеш ты пачатак твайго футбольнага шляху?

— У дзіцячую футбольную школу, якая знаходзілася ў Зугдзідзі, я пайшоў з сямі гадоў. Аднак самы мой яркі дзіцячы ўспамін звязаны з запрашэннем у Акадэмію тбіліскага «Дынама», у якую марыць трапіць абсалютна кожны маленькі футбаліст. Мне тады было ўсяго чатырнаццаць гадоў. Нягледзячы на такі юны ўзрост, ніякіх цяжкасцяў з адаптацыяй у мяне не было. З трэнерам і з многімі хлопцамі, якія там вучыліся, я ўжо быў знаёмы. Да гэтага мы разам выступалі за розныя юнацкія зборныя сваёй краіны.

Гіоргі Кантарыя: «Нёман» – гэта наступная прыступка ў маёй кар'еры, працяг майго развіцця

Два апошнія сезоны ты адгуляў у «Зугдзідзі», у камандзе, якая ў мінулым сезоне страціла месца ў мацнейшым дывізіёне. Ці стала гэта прычынай таго, што ты вырашыў змяніць становішча і паспрабаваць шчасця за межамі Грузіі?

— Ва ўзросце 18-ці гадоў мяне перавялі з дынамаўскай маладзёжкі ў клуб «Зугдзідзі», які выступаў у наймацнейшай лізе Грузіі. Не думаю, што для вас стане навіной той факт, што эканоміка маёй краіны перажывае не лепшыя часы. Гэта адбіваецца на ўсім, у тым ліку і на футболе. Многія клубы адчуваюць фінансавыя праблемы. Не абыйшла бокам гэтая праблема і мой клуб. Фінансаванне з кожным годам змяншалася, умовы для трэніровак станавіліся горш. У выніку гэта прывяло да банкроцтва клуба. Таму, можна сказаць, што асноўнай прычынай майго пераезду стала фінансавая праблема. Многія нашы таленавітыя футбалісты жадаюць пагуляць за мяжой. У мяне такі шанец з’явіўся, і я вырашыў ім скарыстацца.

Былі прапановы ад іншых клубаў?

— У мяне былі 3−4 варыянты працягу кар’еры ў грузінскіх клубах, але мне хацелася гуляць менавіта за мяжой.

А як узнік варыянт з пераходам у гродзенскі «Нёман»?

— Першае, што я хачу сказаць: я вельмі задаволены гэтым пераходам. Мой агент Шонія дамовіўся і прывёз мяне на прагляд. Я сыграў некалькі матчаў і мне прапанавалі падпісаць кантракт.

Ты адразу дамовіўся з кіраўніцтвам аб кантракце?

— Так, усё прайшло вельмі гладка, без праблем. Дамовіліся, што на першы час мой заробак будзе 400 долараў, а далей усё будзе залежаць ад маіх выступаў за клуб. Наогул, на зарплаце я не рабіў моцны акцэнт, бо для мяне цяпер гэта не галоўнае. Цяпер мне хочацца гуляць, даказваць сабе, што я магу рабіць гэта яшчэ лепш. Галоўнае для мяне — расці і развівацца.

—  Ці чуў ты раней штосці пра «Нёман», і якія асацыяцыі ў цябе выклікаў беларускі футбол да пераезду?

— Не, пра «Нёман» я нічога не ведаў. Чуў толькі пра «Шахцёр», «Дынама-Мінск» і БАТЭ. Справамі апошняга стаў цікавіцца пасля таго, як у Барысаў перайшоў мой зямляк Валер’яне Гвілія. Вядома, перад тым як паехаць на прагляд у Гродна, я спытаў яго пра ваш клуб. Ён сказаў, што «Нёман» сур’ёзны клуб, які мае сваю даўнюю гісторыю і добрых заўзятараў. Можна так сказаць, што ён ухваліў мой пераход.

Гіоргі Кантарыя: «Нёман» – гэта наступная прыступка ў маёй кар'еры, працяг майго развіцця

—  У мінулым за «Нёман» выступаў грузін Нікалаз Задзелашвілі, ці ведаеш ты пра гэтага гульца?

— Так, я нядаўна пазнаёміўся з ім у Фэйсбуку. Ён мне распавёў, што выступаў за гродзенскі клуб і сказаў, што гэта добры варыянт працягу кар’еры. Як і многія, хто ведае пра мой пераход, Нікалаз пажадаў мне толькі поспехаў.

Як наогул тваё асяроддзе паставілася да гэтага далёкага пераезда?

— Дзякуючы вашаму прэзідэнту, у Грузіі вельмі моцна паважаюць беларусаў. Штогод вялікая колькасць вашых суайчыннікаў прыязджае да нас на адпачынак. Таму ўся мая сям’я, сваякі і сябры, былі задаволеныя мойму пераходу. Гэта наступная прыступка ў маёй кар’еры, працяг майго развіцця, як футбаліста.

У Беларусь ты пакуль прыехаў адзін, як ты праводзіш свой вольны час? Ці ёсць нейкія захапленні?

— Так, вольнага часу ў мяне цяпер стала значна больш, чым тады, калі я быў у Грузіі. Мая жонка засталася пакуль там, таму што цяпер мы чакаем дзіця. Дзяўчынка павінна нарадзіцца ў траўні, а ў канцы лета спадзяюся перавезці іх у Гродна. З жонкай мы разам з 12 год, і так надоўга ніколі не расставаліся. Зараз жа, у вольны ад трэніровак час, гляджу гістарычныя і рамантычныя фільмы, слухаю музыку. З спорту мне яшчэ падабаецца баскетбол, магу глянуць парачку матчаў.

Гіоргі Кантарыя: «Нёман» – гэта наступная прыступка ў маёй кар'еры, працяг майго развіцця

—  У Беларусі ты менш за месяц, правёў за гэты час некалькі кантрольных і дзве афіцыйныя гульні ў складзе гродзенскага клуба. Як ахарактарызуеш беларускі футбол, і ў чым яго адрозненне ад футбола грузінскага?

— Хачу адзначыць, што мне вельмі прыемна знаходзіцца ў гэтай камандзе: добры трэнер, добры калектыў. Падабаюцца хуткія, сілавыя трэніроўкі, якія дапамагаюць мне развівацца. Футбол у Беларусі больш дысцыплінаваны, чым у Грузіі. У нас вялікі ўпор робіцца на працу з мячом, на развіццё тэхнікі ў гульца. Індывідуальныя якасці гульцоў стаяць на першым месцы, камандная дысцыпліна на другім. У нас не гуляюць так жорстка, як у Беларусі. Гулец можа даўжэй беспакарана важдацца з мячом. А ў Беларусі асабліва не паслабішся, трэба своечасова пазбаўляцца ад мяча, дзейнічаць вельмі хутка. Калі коратка: у вас вельмі кантактны футбол, з вялікай колькасцю сілавой барацьбы і адзінаборстваў.

За час твайго знаходжання на полі, «Нёман» ні ў таварыскіх, ні ў афіцыйных матчах галоў пакуль не прапускаў. (інтэрв'ю пісалася да матчу са «Слуцкам») З чым гэта звязана, як лічыш?

— Разумею, на што вы намякаеце і дам вам адназначны адказ. Не ўсё залежыць толькі ад мяне. У футбол гуляе каманда, а я толькі выконваю сваю задачу. Так што «сухія» матчы — гэта дасягненне ўсёй каманды.

Гіоргі Кантарыя: «Нёман» – гэта наступная прыступка ў маёй кар'еры, працяг майго развіцця

—  Відавочна, што мовай футбола ты валодаеш вельмі добра, і гэта дапамагае табе на полі, а на якой мове маеш зносіны з партнёрамі ў паўсядзённым жыцці?

— Знаходжу агульную мову з усімі хлопцамі з каманды. Яны бачаць, што я дрэнна размаўляю па-руску і імкнуцца мне дапамагчы, усяляк падтрымаць. Часам яны разумеюць мяне з паўслова, проста ведаюць, што менавіта я хачу сказаць. Добрыя адносіны склаліся з Зубковым. Па-першае, мы абодва легіянеры, а па-другое — абодва гуляем у цэнтральнай зоне абароны і робім адну працу. Мы павінны лёгка разумець адзін аднаго, інакш у каманды будуць цяжкасці. Яшчэ мне шмат дапамагае Якімаў. Андрэй раней гуляў у камандзе з маім сябрам, які папрасіў яго за мной прыглядзець. (Брамнік Іраклій Девадзе, выступаў з Якімавым у дублі «Нафтана»).

Пакуль прайшло толькі два туры, і можа быць рана пра гэта казаць, але ўсё ж. Якое тваё меркаванне адносна перспектыў «Нёмана» у чэмпіянаце?

— Як мне здаецца, у Беларусі ёсць 2−3 клуба, якія выглядаюць мацней за іншых. Астатнія ж каманды роўныя па сіле. У Гродне хапае добрых футбалістаў, таму трэба цярпенне і жаданне, а пры наяўнасці вялізнага жадання магчыма ўсё. Мяне, па заканчэнні сезона, цалкам бы задаволіла месца ў першай пяцёрцы. Думаю, што ўсё залежыць толькі ад нас.

Гіоргі Кантарыя: «Нёман» – гэта наступная прыступка ў маёй кар'еры, працяг майго развіцця

У першым матчы чэмпіянату «Нёман» прымаў суперніка дома. На матч прыйшло вялікая колькасць заўзятараў. Як ацэніш падтрымку трыбун?

— Заўзятары нас вельмі парадавалі, а вось нам, на жаль, парадаваць іх у гэты дзень не ўдалося. Магу сказаць адназначна: мы будзем старацца, каб заўзятараў з кожнай гульнёй станавілася ўсё больш і больш.

youtu.be/ilf0TgRDBSg

Прэс-служба клуба дзякуе за супрацоўніцтва Football.by, а таксама выказвае вялікую ўдзячнасць Элгудже Гаджаевічу Манія за гасціннасць і дапамогу ў рэалізацыі гэтага інтэрв'ю.