Ад 12 да 17 снежня ў Гродне пройдуць паказы міжнароднага фестывалю праваабарончага дакументальнага кіно «Watch Docs». Цягам шасці вечароў гродзенцы змогуць паглядзець фільмы сусветнавядомых майстроў-дакументалістаў. Меркаваннем пра лёс беларускай дакументалістыкі і тое, чаму варта далучыцца да праглядаў, падзяліўся кіраўнік асацыяцыі «Белфільм», рэжысёр Алег Дашкевіч.

Беларускі глядач падрыхтаваны да добрай дакументалістыкі

«Дакументальнае кіно — гэта тое, што рэальна адлюстроўвае свет, гэта сапраўдная, не маніпуляцыйная рэальнасць», — мяркуе рэжысёр. Ужо таму глядзець дакументальнае кіно варта. Да таго ж, беларускі глядач мае ў гэтым сэнсе добрае выхаванне. Яшчэ за савецкім часам беларуская школа дакументалістыкі была моцнай і цанілася на ўзроўні лепшых еўрапейскіх школ. Фільмы Віктара Аслюка, Галіны Адамовіч, Юрыя Хашчавацкага, Вольгі Дашук і яе бацькі Віктара Дашука ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнародных фестывалях і мелі добрыя ацэнкі гледачоў і адмыслоўцаў.

Развіваецца беларуская дакументалістыка і надалей, аднак зараз моцна змяніліся знешнія ўмовы. «Улада зараз не ведае, што з гэтым дакументальным кіно рабіць. З аднаго боку — яно мае быць, з іншага — не зразумела, як яго выкарыстоўваць». Бо нават самы просты шлях — зрабіць з дакументалістыкі прапаганду — аказалася не так проста рэалізаваць. Для таго, каб праўдзіва зняць кіно, творца павінен сам верыць у ідэю, якой бы шалёнай яна ні была. Толькі ва ўмовах асэнсаванасці і апантанасці, лічыць Алег Дашкевіч, могуць з’явіцца «новыя Эйзенштэйны».

У развіцці дакументалістыкі мае быць зацікаўлена дзяржава

Іншая цяжкасць — матэрыяльны бок пытання. Дакументальнае кіно «не прадаецца», а значыць, патрабуе датацый. У нас жа кожны год скарачаюцца бюджэты і нават існаванне «Летапісу» — студыі дакументальнага кіно ў складзе «Беларусьфільма» — перыядычна ставіцца пад пытанне. Аднак жа менавіта дзяржава, на думку рэжысёра, мае быць найбольш зацікаўлена ў развіцці дакументалістыкі.

«Яна ствараецца як сведчанне часу. Фільм фіксуе жыццё дзяржавы. Добрае ці не добрае — яно мусіць быць зафіксавана. Калі зараз праглядаеш стужкі, зробленыя за савецкім часам, нават простыя матэрыялы, адзнятыя для навін дня, хроніку — усе роўна адчуваеш дух эпохі. Гэта не фабулярнае кіно, дзе ўсе раскладзена па сцэнары. Дакументалістыка жыве абсалютна ў іншым свеце».

Між тым у Беларусі намінацыя дакументальнага кіно ёсць у праграмах толькі двух фестываляў - «Лістапад» і «Magnificat». Але гэтага, са словаў рэжысёра, страшна мала.

Сапраўнае кіно — заўсёды пра чалавека

У такіх умовах адказам на выклік часу можа стаць аматарскае дакументальнае кіно, мяркуе Алег Дашкевіч. Бо магчымасці для здымкі зараз значна больш шырокія, чым былі калісці. Практычна кожны, хто мае смартфон і здымае відэа, ужо можа лічыць сябе дакументалістам. Адмоўным бокам такой «моды на дакументалістыку» Алег бачыць вялікую колькасць «графаманаў ад кіно» і знікненне «школы», але з іншага — гэта пацвярджае цікаўнасць аўдыторыі да жанру. Калі такія пачаткоўцы не абмяжуюцца толькі вывучэннем тэхналагічных магчымасцяў, што сёння дае інтэрнэт, а будуць вучыцца ў майстроў кіно глядзець «вачыма чалавека», то з гэтага можа быць плён.

Што да праглядаў замежных стужак, пра падзеі далёкія ад нашых рэалій, то гэта рабіць таксама варта. Бо сапраўднае кіно — гэта заўжды пра чалавека:

«Аб'ект дакументалістыкі, яе герой — гэта чалавек. Чалавек можа жыць дзе заўгодна, але праблемы яго — універсальныя. Калі фільм прайшоў на буйны фестываль, значыць праблема гэтай стужкі тычыцца кожнага. Перажыванні герояў будуць зразумелыя гледачам з усяго свету. Таму іх варта глядзець, гэта тычыцца і нас таксама».

Міжнародны фестываль дакументальнага кіно па правах чалавека WATCH DOCS праводзіцца ў Польшчы з 2001 г. і цяпер з’яўляецца адной з дзвюх найбуйнейшых сусветных фільмовых падзей, прысвечаных правам чалавека. Ужо другі год фестываль праводзіцца ў Мінску. У Гродне прагляд фільмаў фестываля праводзіцца ўпершыню.

afisha-watch-docs


Алег Дашкевіч, рэжысёр дакументаліст, адзін са стваральнікаў і старшыня асацыяцыі «Белфільм, што аб’ядноўвае беларускіх кінэматаграфістаў, тэлевізійных работнікаў і усіх творцаў, звязаных з відэапрадукцыяй. Аўтар дакументальных стужак «Журналісты» (2008), пра лёсы журналістаў у постсавецкі перыяд, «Варганы» аб жыцці беларускай правінцыі і яе людзей, «1050 дзён самоты» (2015), пра тое, як жонка Алеся Бяляцкага, Наталля Пінчук, чакала яго са зняволення.