Ад 12 да 17 снежня ў Гродне пройдуць паказы міжнароднага фестывалю праваабарончага дакументальнага кіно “Watch Docs”. Цягам шасці вечароў гродзенцы змогуць паглядзець фільмы сусветнавядомых майстроў-дакументалістаў. Меркаваннем пра лёс беларускай дакументалістыкі і тое, чаму варта далучыцца да праглядаў, падзяліўся кіраўнік асацыяцыі “Белфільм”, рэжысёр Алег Дашкевіч.

Беларускі глядач падрыхтаваны да добрай дакументалістыкі

“Дакументальнае кіно – гэта тое, што рэальна адлюстроўвае свет, гэта сапраўдная, не маніпуляцыйная рэальнасць”, – мяркуе рэжысёр. Ужо таму глядзець дакументальнае кіно варта. Да таго ж, беларускі глядач мае ў гэтым сэнсе добрае выхаванне. Яшчэ за савецкім часам беларуская школа дакументалістыкі была моцнай і цанілася на ўзроўні лепшых еўрапейскіх школ. Фільмы Віктара Аслюка, Галіны Адамовіч, Юрыя Хашчавацкага, Вольгі Дашук і яе бацькі Віктара Дашука ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнародных фестывалях і мелі добрыя ацэнкі гледачоў і адмыслоўцаў.

Развіваецца беларуская дакументалістыка і надалей, аднак зараз моцна змяніліся знешнія ўмовы. “Улада зараз не ведае, што з гэтым дакументальным кіно рабіць. З аднаго боку – яно мае быць, з іншага – не зразумела, як яго выкарыстоўваць”. Бо нават самы просты шлях – зрабіць з дакументалістыкі прапаганду – аказалася не так проста рэалізаваць. Для таго, каб праўдзіва зняць кіно, творца павінен  сам верыць у ідэю, якой бы шалёнай яна ні была. Толькі ва ўмовах асэнсаванасці і апантанасці, лічыць Алег Дашкевіч, могуць з’явіцца “новыя Эйзенштэйны”.

У развіцці дакументалістыкі мае быць зацікаўлена дзяржава

Іншая цяжкасць – матэрыяльны бок пытання. Дакументальнае кіно “не прадаецца”, а значыць, патрабуе датацый. У нас жа кожны год скарачаюцца бюджэты і нават існаванне “Летапісу” – студыі дакументальнага кіно ў складзе “Беларусьфільма” – перыядычна ставіцца пад пытанне. Аднак жа менавіта дзяржава, на думку рэжысёра, мае быць найбольш зацікаўлена ў развіцці дакументалістыкі.

“Яна ствараецца як сведчанне часу. Фільм фіксуе жыццё дзяржавы. Добрае ці не добрае – яно мусіць быць зафіксавана. Калі зараз праглядаеш стужкі, зробленыя за савецкім часам, нават простыя матэрыялы, адзнятыя для навін дня, хроніку – усе роўна адчуваеш дух эпохі. Гэта не фабулярнае кіно, дзе ўсе раскладзена па сцэнары. Дакументалістыка жыве абсалютна ў іншым свеце”.

Між тым у Беларусі намінацыя дакументальнага кіно ёсць у праграмах толькі двух фестываляў – “Лістапад” і “Magnificat”. Але гэтага, са словаў рэжысёра, страшна мала.

Сапраўнае кіно – заўсёды пра чалавека

У такіх умовах адказам на выклік часу можа стаць аматарскае дакументальнае кіно, мяркуе Алег Дашкевіч. Бо магчымасці для здымкі зараз значна больш шырокія, чым былі калісці. Практычна кожны, хто мае смартфон і здымае відэа, ужо можа лічыць сябе дакументалістам. Адмоўным бокам такой “моды на дакументалістыку” Алег бачыць вялікую колькасць “графаманаў ад кіно” і знікненне “школы”, але з іншага – гэта пацвярджае цікаўнасць аўдыторыі да жанру. Калі такія пачаткоўцы не абмяжуюцца толькі вывучэннем тэхналагічных магчымасцяў, што сёння дае інтэрнэт, а будуць вучыцца ў майстроў кіно глядзець “вачыма чалавека”, то з гэтага можа быць плён.

Што да праглядаў замежных стужак, пра падзеі далёкія ад нашых рэалій, то гэта рабіць таксама варта. Бо сапраўднае кіно – гэта заўжды пра чалавека:

“Аб’ект дакументалістыкі, яе герой – гэта чалавек. Чалавек можа жыць дзе заўгодна, але праблемы яго – універсальныя. Калі фільм прайшоў на буйны фестываль, значыць праблема гэтай стужкі тычыцца кожнага. Перажыванні герояў будуць зразумелыя гледачам з усяго свету. Таму іх варта глядзець , гэта тычыцца і нас таксама”.

Міжнародны фестываль дакументальнага кіно па правах чалавека WATCH DOCS праводзіцца ў Польшчы з 2001 г. і цяпер з’яўляецца адной з дзвюх найбуйнейшых сусветных фільмовых падзей, прысвечаных правам чалавека. Ужо другі год фестываль праводзіцца ў Мінску. У Гродне прагляд фільмаў фестываля праводзіцца ўпершыню.

afisha-watch-docs


Алег Дашкевіч, рэжысёр дакументаліст, адзін са стваральнікаў і старшыня асацыяцыі “Белфільм,  што аб’ядноўвае  беларускіх кінэматаграфістаў, тэлевізійных работнікаў і усіх творцаў, звязаных з відэапрадукцыяй. Аўтар дакументальных стужак “Журналісты” (2008), пра лёсы журналістаў у постсавецкі перыяд,   “Варганы” аб жыцці беларускай правінцыі і яе людзей, “1050 дзён самоты” (2015), пра тое, як жонка Алеся Бяляцкага, Наталля Пінчук, чакала яго  са зняволення.